Рэцэнзія: ŹNIEŽYVIEŁY – Tolki hniły podych viečnaści

Год: 2025
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 6,9 / 10

Трэці рэліз Skon – пражэкт гітарыста GHASH Armaros’а, натхнёны магутнымі HATE FOREST. Гэта невялікі EP на няпоўныя 20 хвілін, які зьмяшчае два трэкі. У перадачы таго ж самага гучаньня і адчуваньня ён дасягнуў несумненнага поспеху. Не самы ўважлівы слухач мог бы нават прыняць музыку ŹNIEŽYVIEŁY за ўласны матэрыял украінцаў, калі б не своеасабовы рыф у фінале. У Саенкі гэткае ніколі не сустракаецца (не маю на ўвазе нічога негатыўнага, проста гэта відавочна не ягонае).

“Tolki hniły podych viečnaści” гучыць грозна, халодна, бяздушна, цяжка й бязьлітасна. Ён вымалёўвае той самы вобраз безыменнага ліха, якое лунае па-над старажытнымі мёртвымі лагчынамі і камянюкамі. Абедзьве песьні маюць належную дынаміку: хуткія адрэзкі, марудныя адрэзкі, інтэнсіўныя сярэднетэмпавыя адрэзкі. Ёсьць нават спроба ўставіць клясычную Саенкаўскую лід-партыю з мэлядычным настроем, але яна атрымалася занадта сьціплай. Драм-машына амаль такая ж аднастайная, як на першых запісах HATE FOREST. Вакал – амаль што спрэс нізкі рык, як на больш позьніх запісах. Armaros крытычна ставіцца да сваіх вакальных здольнасьцяў, і я вымушаны зь ім пагадзіцца. Наконт тэмбру і моцы пытаньняў няма, але больш тонкія аспекты сьпеву пакуль што даволі сырыя. Тэхнічны бок гучаньня атрымаўся вельмі ўдалым – маецца і аб’ём, і моц, і атмасфэра. Хіба што талеркі цокаюць як абы-што, але гэта хвароба ўсіх драм-машын.

Агульныя высновы наконт “Tolki hniły podych viečnaści” амаль такія ж, як наконт дэбюта NIABOŽČYK. Моцны старт. Цяпер трэба працаваць над стылем і \ альбо ўдасканальваць кампазыцыі, аранжыроўкі, гучаньне і ўсе іншыя цяжкавымяральныя рэчы, што адрозьніваюць проста добрую музыку ад выбітнай. То-бок, калі ŹNIEŽYVIEŁY будзе працягваць існаваньне, бо гэты пражэкт можа быць аднаразовым.

Касэтнае выданьне гэтага EP асабіста я зрабіў бы наадварот. На вокладцы тут немаведама што, а ўнутры знаходзіцца малюнак гор, які цудоўна спалучаецца з музыкай. Вось яго я б паставіў на вокладку. Акрамя таго, укладка надрукаваная толькі з аднаго боку, а другі бок застаўся белым. Падрабязнасьці на відэа.

ŹNIEŽYVIEŁY - Tolki hniły podych viečnaści

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *