Год: 2024
Выдаўца: Swiss Dark Nights
Рэйтынг: 8 / 10
На гэты альбом мяне навёў Vaiug, які таксама моцна любіць пабудаваную на пост-панкаўскай глебе музыку. Гурт A TRAVÉS DEL MANTO з цудоўнай краіны Чылі выявіўся адным з найарыгінальнейшых, што я чуў за апошні год. Магчыма, хтосьці з вас памятае аднаразовы пражэкт CURSED MOON, які спалучаў экстрэмальны мэтал з пост-панкам, дэтрокам і г.д. У 2017-м я прадказваў, што гэткая музыка неўзабаве стане трэндам, але памыліўся. Трэндам стаў пост-панк з усімі яго адгалінаваньнямі, а яго сумесь з мэталам так і засталася мала каму зразумелай цікавосткай.
Чылійцы A TRAVÉS DEL MANTO падыйшлі да гэтай справы значна больш вытанчана і рознабакова. Калі CURSED MOON быў фактычна мэталам, награным у пост-панкавых формах, то тут усё наадварот. Гэта такі FIELDS OF THE NEPHILIM з мэталічным прысмакам (асноўны вакаліст, зразумела, таксама носіць капялюш!), але ў добрым сэнсе і стылі, а не як у Карла МакКоя у ягоным жахлівым THE NEFILIM. Музыка тут мае плынную і зьменлівую форму, няспынна вывучаючы розныя грані пост-панкаўскага гучаньня. На шчасьце, яна таксама інтэнсіўная. У вогненных чылійцаў няма столькі цярплівасьці і прэтэнцыйнасьці, каб на 6-8 хвілін занурацца ў вельмі важны акустычна-шумавы эмбіент. На “Dance of Eternal Shadows” заўсёды штосьці адбываецца – танец вечных ценяў не спыняецца ані на хвіліну.
Цікава, што на альбоме, як падаецца, зусім няма клявішаў. Усе эфекты падвешаныя на гітары, а глыбокі рэверб выдатна замяняе сінтэзатарную падкладку. Увогуле, тут усё выкарыстоўваецца напоўніцу. Ствараецца ўражаньне, што кожны гітарыст і басіст грае не на адным інструмэнце, а на некалькіх адначасова, наладжаных зусім па-рознаму. У вакаліста, вядома, голас толькі адзін, таму яму дапамагаюць запрошаныя сьпевакі і сьпявачка. Разам з цяжкім і гулкім гукам усё гэта дае багаты на адкрыцьці альбом, у якім амаль што палову песьняў можна запісваць у хіты; зьвярніце ўвагу на “Xmal Funeral”, “Night Rider”, “Candles Burning Black” (!!!), “Captured by the Shadows” і “A Través del Manto”.