Рэцэнзія: DARKTHRONE – Astral Fortress

Год: 2022
Выдаўца: Peaceville Records
Рэйтынг: 6,7/10

На вялікі жаль, мае надзеі на перараджэньне DARKTHRONE не спраўдзіліся, і ўжо малаверагодна, што гэта некалі адбудзецца. Адзіная пазітыўная зьмена з тых, што адбыліся пасля цудоўнага “Arctic Thunder” – гэта ўсьведамленьне групай таго відавочнага факту, што яе традыцыйны некратычны гук ёсць скарбам, якога ні ў якім разе нельга пазбаўляцца. “Eternal Hails……”, а цяпер і “Astral Fortress” маюць той выдатны старажытны саўнд, які здольны зрабіць прывабным нават найнуднейшае гаўно. Шчыра кажучы, безь яго слухаць апошнія альбомы нарвежцаў было справай зусім марнай. А так мы прынамсі маем магчымасьць паглыбіцца ў музыку і пашукаць там нейкія прыхаваныя вымярэньні (адылі, я нічога там не знайшоў, мо вам пашчасціць больш).

Апроч гуку, альбому больш няма чым пахваліцца. Кожная песьня мае два-тры цікавых моманты, што застаюцца ў памяці, але гэтага замала. Тут няма нічога па-сапраўднаму каштоўнага; я не чакаю ад гурта з больш чым 35-гадовым стажам нейкіх свежых ідэй, але альбом таксама не выклікае амаль што аніякіх пачуцьцяў, не стварае выяў у галаве. Цікава, што атмасфера ў альбома ёсьць, вось толькі яна нейкая імглістая, і мне незразумела, што ў той імгле хаваецца. Напэўна, DARKTHRONE мелі на ўвазе свае родныя лясістыя нардычныя мясьціны, аднак там з гэткім жа поспехам можа быць шэры бетонны завод, або ўвогуле пустота. Калі параўноўваць гэта з атмасферай таго ж “Ravishing Grimness”, новы альбом нават яго падноска ня варты. Адзінае, што несумненна адчуваецца ў музыцы – гэта нядбайнасьць. Мы награлі чарговы набор замалёвак на тэму старога мэталу (збольшага думавага), а вы нясіце грошыкі, бо гэта ж КУЛЬТ, які ЖЫВЕ.

З апошнім таксама не склалася. Вядома, што DARKTHRONE даўно папрасралі ўсе палімеры, зганьбавалі амаль ўсё, што мела дачыненьне да іх былых дасягненьняў, і “Astral Fortress” ёсць усяго толькі наступным крокам на шляху да статусу баця-рокерскага гурта. Хто мог яшчэ дзесяць год таму ўявіць сабе, што на вокладцы чарговага альбома нарвежцаў будзе стаяць фотаздымак бабы Фенрыза на каньках?  У свой час па Сеціве хадзіў жарт пра новы альбом Глэна Дэнзіга “Songs about my Cat“, але то быў жарт. У выпадку з DARKTHRONE я не зьдзіўлюся, калі празь гады 4 мы ўбачым нешта падобнае ў рэчаіснасьці. Каму як, а мне зусім нецікава ведаць пра тое, якога там яшчэ старога смецця наслухаўся Фенрыз, і чытаць ягоныя мудрагелістыя тэксты пра тое, як ён хадзіў сраць на пагоркі ля Калботна. Гэткая зацыкленасьць на сабе ў рамках творчасьці гурта ня ёсць здаровай.

У выніку альбом пакідае абыякавае ўражаньне, што, канешне, ганебна для несумненна вялікага нарвежскага гурта. Так ці гэтак, а трохгадовы цыкл працы над альбомамі даваў значна лепшыя вынікі. Паглядзім, што будзе далей.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *