Інтэрвію: Хаўер Ортіз (DEMONIAC, VÓRTIZE, OLDEATH)

Уважлівыя чытачы Bagnik Zine ведаюць, што я лічу Чылі найлепшай краінай у сьвеце ў тым, што датычыцца мэталу. Надоечы слухаўшы другі альбом цудоўнага пражэкту VÓRTIZE, я ўсьвядоміў, што яшчэ ніколі па-сур’ёзнаму ня гутарыў з чылійскімі музыкамі, і вырашыў гэта выправіць. Не губляючы часу, я напісаў Хаўеру Ортізу з VÓRTIZE і даслаў яму сьпіс пытаньняў. Хаўер таксама не губляў часу: ён даслаў адказы ўжо празь 3 гадзіны (!!!), і гэта абсалютны рэкорд, які наўрад ці хтосьці паб’е. Будзьма знаёміцца!

Вітаньне з Беларусі, Хаўер! Па-першае, распавядзі нам пра сябе. Як ты прыйшоў да цяжкой музыкі? Як ты стаў музыкам? Якія гурты паўплывалі на цябе?

Хаўер: Вітаю, і дзякуй за магчымасьць даць інтэрвію. Я пачаў слухаць мэтал у вельмі раннім узросьце (8 гадоў) праз уплыў маіх старэйшых братоў, якія ў 1997-2000 слухалі Metallica, Pantera, Guns’n’Roses, etc. Такім чынам, яшчэ ў раньнім дзяцінстве я даведаўся пра Metallica, і, несумненна, гэты гурт пасяліў ува мне жаданьне даведацца больш пра гэты стыль музыкі.

Абмяркуйма твае банды. Калі верыць Metal Archives, ты пачынаў як гітарыст трэш-мэтал гурта Thrashazo. Гэты гурт выдаў адзінае дэма ў 2010-м, і ніхто зь яго складу, акрамя цябе, не працягнуў кар’еру ў музыцы, верна?

Х: Thrashazo быў першым мэтал-гуртам, які я стварызў разам зь сябрамі. Там я пачаў пісаць свае першыя песьні. Гурт ствараўся без будзь якіх вялікіх амбіцый; у той час для нас было важней піць як мага больш алькаголю і граць трэш-мэтал, што цалкам файна ў пэўны момант, але потым мне захацелася чагосьці больш сур’ёзнага.

Thrashazo - Thrash, pilsen, mosh

У той жа самы час ты стварыў уласны Black / Thrash Metal-пражэкт пад назвай Maleficum Strike, зь якім выдаў толькі два дэма. Можаш распавесьці, што гэта быў за гурт? Чаму ты закінуў яго?

Х: Верна, у перыяд паміж Thrashazo і стварэньнем Demoniac я прыдумаў сольны пражэкт Maleficum strike. Яго можна назваць папярэднікам Demoniac, але я не хацеў рабіць музыку на самоце, я хацеў быць у гурце, выступаць на сцэне, падарожнічаць – ну, ты разумееш, жыць марай, ха-ха-ха!

Я хутка зразумеў, што мне трэба стварыць гурт з сапраўднымі людзьмі, і, калі я сустрэў гэтых годных людзей, мы стварылі Demoniac, а Maleficum Strike быў пазабыты. Песьні, якія я меў для Maleficum Strike на той момант, сталі часткай першага рэлізу Demoniac.

MALEFICUM STRIKE - DEMO [FULL TAPE 2013]

У 2012-м ты стаў гітарыстам клясычнага Thrash Metal-гурта Terror Strike (з даволі красамоўнай лірыкай; цікава, ці былі ў вас праблемы пасьля песьні “Child Rape”, ха-ха). Відавочна, гурт быў вельмі актыўным у пляне студыйнай і канцэртнай працы, але зь 2016-га ў яго няма новых рэлізаў. Распавядзі трошкі пра гэтую банду.

Х: Так, у 2012-м я далучыўся да гурта Terror Strike як гітарыст. Гэтая банда ўжо некалькі гадоў была даволі актыўнай часткай андэграўнда. У тыя часы праблем з тэкстамі не ўзьнікала, бо, кажучы шчыра, ніхто не перакладаў іх з ангельскай на гішпанскую, каб зразумець, пра што там гаворка. Больш за тое, я сам ня ведаў, пра што тыя тэксты, бо іх пісаў бубнач гурта, а я ня лез у ягоныя справы. На жаль, я быў вымушаны пакінуць Terror Strike ў 2020-м празь брак часу і рашэньне аддаць прыярытэт маім ўласным пражэктам. Аднак гурт па-ранейшаму існуе; яны часта робяць доўгія паўзы, але ўсё адно граюць час ад часу.

 

Demoniac: твой найбольш вядомы гурт, дзе ты заняў роль галоўнага кампазытара, гітарыста і вакаліста. Распавядзі, якія ідэі ты меў у галаве, ствараючы гэтую банду. Ці ведаў ты ў той час пра існаваньне іншых гуртоў з той жа самай назвай?

Х: Ну, першасная ідэя Demoniac паходзіла ад маёй дзіцячай мары: я заўсёды хацеў быць гітарыстам-фронтмэнам, як Джэймс Хэтфілд, Макс Кавалера або Чак Шульдынэр; гэткія асобы заўсёды прыцягвалі маю ўвагу. Мяне заўсёды вабіла роля, якую яны займалі ў сваіх бандах: граючы і сьпяваючы адначасова, а таксама будучы творчымі завадатарамі. Я захапляўся імі, і яны сталі прычынай таму, што я заняў гэткую роль у Demoniac.

Што датычыцца назвы, то яна перажыла некалькі мутацый, ад Demoniac Possession да Demoniac Messiah, пакуль мы не спрасьцілі яе да Demoniac. І мы ня надта задумваліся пра іншыя замежныя гурты з гэтай назвай, бо ў Чылі гэткіх гуртоў не было.

 

Demoniac распачынаўся як даволі тыповы паўднёваамерыканскі Blackened Thrash Metal-гурт з шатанінскімі тэкстамі і звышхуткім граньнем. Але празь нейкі час вы пераўтварыліся на нешта значна больш творчае і незвычайнае. Хоць аснова песьняў засталася больш ці менш той жа самай, вы паступова дадавалі больш мэлядычных, прагрэсіўных, тэхнічных, нават джазавых элементаў (чытачоў Bagnik Zine прашу не палохацца, усё гэта вельмі добра інтэгравана ў правільны мэтал). Больш за тое, пачынаючы з другога альбому (калі я не паблытаў), вы дадалі… кларнэт, інструмэнт, які я, безумоўна, не чакаў пачуць у гэткім жанры! Песьні таксама сталі больш складанымі і працяглымі (фінальны трэк на “So It Goes” доўжыцца амаль 20 хвілін). У той жа час тэксты таксама сталі больш глыбокімі і псіхалягічнымі. Што паўплывала на гэтыя перамены?

Х: Эвалюцыя, якую перажываў гурт, была паступовай, і яна зьвязаная з досьведам, які ты набываеш на працягу гадоў, слухаючы новую музыку і раскрываючы сябе для новых музычных аспектаў. Я імкнуўся пераносіць гэта ў свае кампазыцыі. Сапраўды, з часам нашыя песьні сталі больш складанымі і дзіўнымі, але гэта зрабіла іх больш забаўнымі. Як кампазытар, я абавязаны заўсёды быць у пошуку новага гучаньня і новых спосабаў стварэньня песьняў. Акрамя таго, ствараць вельмі доўгія і неардынарныя песьні – гэта добры, цікавы выклік.

На другім альбоме вы пачалі пераход да гішпанамоўнай лірыкі, а на сьвежым “Nube Negra” (і ў Vórtize) ты сьпяваеш выключна на гішпанскай. Існуе меркаваньне, што ў гуртоў, якія сьпяваюць на ангельскай, больш шанцаў выбіцца ў людзі, бо яны лягчэй успрымаюцца міжнароднай аўдыторыяй. Асабіста я мяркую, што гэта лухта, бо большасьць сучасных слухачоў ёсьць “спажывальнікамі кантэнту”, якія ўсё адно не чытаюць тэксты, але таксама таму, што сьпяваньне на роднай мове заўсёды ёсьць больш натуральным і шчырым, а шчырасьць ёсьць асновай андэграўнднага мэталу. Што ты думаеш на гэты конт, і чаму вы вырашылі адмовіцца ад ангельскай мовы ў Demoniac?

Х: На самой справе, свае першыя песьні я рабіў на гішпанскай; тэксты Thrashazo былі на гішпанскай, на першым рэлізе Demoniac была песьня на гішпанскай, у Maleficum Strike таксама былі гішпанамоўныя песьні. Я заўсёды меў намер сьпяваць на гішпанскай, але напачатку мне здавалася, што ў мяне гэта атрымліваецца неяк нязграбна. Зь цягам часу я палепшыў свае навыкі і перайшоў на гішпанскую, каб слухачы, якія разумеюць гэтую мову, найбольш поўна зразумелі мяне. Калі слухач цалкам разумее ўсё, што ён чуе, гэта надае песьням зусім новае значэньне. Апроч таго, я дужа люблю гішпанамоўную музыку.

 

Пераходзім да Oldeath. Гэта адносна малады гурт (2019-), дзе ты граеш на бубнах. Распавядзі пра сваю ролю ў гэтым гурце і пра ідэялёгію, якая стаіць за Oldeath. Ці пішаш ты песьні для гэтай банды? Бо мне здаецца, што я чую там твой гітарны стыль.

Х: Oldeath ёсьць студыйным black metal-пражэктам, які я стварыў разам зь сябрам на імя Раберта Манардэс. Мы абодва ствараем кампазыцыі, і я граю на бубнах, а таксама запісваю некаторыя гітарныя партыі і адказваю за гучаньне альбомаў. Гэты гурт быў створаны безь вялікіх амбіцый; мы толькі хочам ствараць black metal дзеля ўласнага задавальненьня, і нічога болей. Пакуль што мы выдалі два паўнафарматных альбомы, якія атрымалі гарачы прыём на чылійскай андэграўнднай сцэне.

 

Нарэшце, давай пагутарым пра Vórtize, твой цудоўны пражэкт, які прымусіў мяне зьвярнуць увагу на ўсю тваю творчасьць. Гэтак бы мовіць, то твой найбольш інтымны пражэкт, бо на першым альбоме “¡Tienes que luchar!” ты зрабіў усё сам – сам граў на ўсіх інструмэнтах, сам напісаў усе песьні. Прома-здымкі для Vórtize адлюстроўваюць гэта, паказваючы цябе як шматрукую істоту; дык як ты навучыўся настолькі добра граць на ўсіх гэтых штуках? 🙂

Х: Стварэньне кампазыцый заўсёды было маім улюбёным заняткам. У пэўны момант мяне зацягнуў гішпанамоўны heavy metal, і ў мяне ўзьнікла ідэя стварыць пражэкт у гэтым стылі. Мне ніколі не падабалася спадзявацца на іншых людзей у тым, што датычыцца стварэньня музыкі, і Vórtize нарадзіўся як сольны пражэкт менавіта з гэтай прычыны. Гэта існасьць, у якой я не залежу ад прымхаў анікога, акрамя мяне самога. Каб запісаць першы альбом, я пераадолеў мноства нязручных момантаў і вывучыў мноства новых рэчаў; стварэньне гэтага альбома было для мяне чымсьці кшталту навучаньня ў школе. Зараз я раблю трэці альбом гэтага пражэкту, якім ужо зараз вельмі задаволены, бо ён дазваляе мне яшчэ лепей рэалізаваць свой творчы імпэт.

Якая ідэя Vórtize? З пункту гледжаньня лірыкі, калі я ўсё зразумеў верна, гэта свайго кшталту прадуха, дзе ты можаш гаварыць пра ўсё, што цябе цікавіць. З пункту гледжаньня музыкі, ці ёсьць у цябе нейкая мэта, як, напрыклад, адлюстраваць пэўныя перыяды / стылі Heavy Metal?Або ты папросту граеш так, як адчуваеш?

Х: Усё верна, як ты сказаў, у гэтым гурце я магу самавыяўляцца якім заўгодна чынам, і гэта таксама датычыцца музыкі. Я не намагаюся датрымлівацца нейкага стылю або паўтараць нейкія гурты, я раблю тое, што ідзе ад майго ўласнага сэрца, і толькі. Мяне вядуць мае пачуцьці.  

“¡Tienes que luchar!” гучыць так, нібыта быў запісаны дзесьці ў часе пачатку 1980-х на цалкам аналёгавай студыі, і гэты гук, на мой погляд, ёсьць дасканалым. Як табе ўдалося стварыць яго?

Х: Гэты альбом я ствараў саматужным чынам у сябе дома, і, думаю, гэты саўнд у стылі 80-х атрымаўся сам сабою празь тое, што якасьць запісу была вельмі нізкай [калі б сучасны хэві меў гэкую “нізкую” якасьць запісу, слухаць яго было б значна больш прыемна – F1sher16]. У той час у мяне не было рыштунку і досьведу, каб прымусіць яго гучаць лепей. Як я ўжо сказаў, дэбют Vórtize для мяне быў як школа, у тым ліку ў галіне гукаінжэнерыі. Я вучыўся запісвацца, рабіць выпраўленьні, працаваць з эквалайзерам, зводзіць стужку і гэтак далей. Шмат чаго я раней папросту ня ведаў, і сёньня ўсе гэтыя веды ёсьць неабходнымі, калі я ствараю новы альбом.

 

“Desde bajo tierra”, другі альбом, трошкі адрозьніваецца. На гэтым альбоме некаторыя галоўныя гітарныя партыі былі выкананыя запрошанымі музыкамі. І колькасьць гэтых гасьцей раўняецца 8 супраць 5 на дэбюце. Гэта стварыла ў мяне ўражаньне, што “Desde bajo tierra” атрымаўся свайго кшталту супэр-альбомам, які аб’яднаў многіх самавітых асоб з чылійскае сцэны. Усе гэтыя людзі напісалі што-небудзь для альбома, ці ты зноў стварыў усю музыку сам?

Х: Другі альбом Vortize гучыць значна лепей, бо я ўжо меў большы досьвед. На гэтым альбом 3 песьні, якія былі напісаны разам зь іншымі музыкамі, бо адной з галоўных ідэй было супрацоўніцтва, і ўсё атрымалася даволі добра. Я супрацоўнічаў з удзельнікамі Poder Mortal, Despertar і Transcendencia, гэта ўсё чылійскія Heavy Metal-гурты.

 

Дарэчы, распавядзі трохі пра гэтых запрошаных музыкаў, асабліва пра Ромі Хуэрта Нуньес, чый выбітны голас упрыгожыў абодва альбомы Vórtize.

Х: Гітарныя сола выконвалі розныя мае сябры з чылійскае сцэны, бо сам я ня надта добра граю сола. А Ромі ёсьць маёй стрыечнай сястрой, мы ведаем адно аднаго ўсё жыцьцё. У яе непараўнаны голас, і мне дужа пашчасьціла атрымаць яго для Vórtize. Я моцна ўдзячны кожнаму, хто бярэ ўдзел у маім пражэкце. Я імкнуся зрабіць так, каб кожны ўдзельнік перадаў сваю асабістасьць празь песьню.

Ці грае Vórtize жыўцом?

Х: Ня ведаю, што будзе далей, але на дадзены момант – не, бо стварэньне дзейнага складу патрабуе велізарнай колькасьці працы, часу і адданасьці. А ідэя Vórtize якраз у тым, што гэта сольны пражэкт, дзе я не залежу ад нікога, і мне хацелася б, каб усё гэтак і засталося. Аднак, вядома, усё можа зьмяніцца.

Падзяліся сваімі музычнымі плянамі на будучыню.

Х: У плянах заўсёды новая музыка, новыя песьні, выданьне новых альбомаў, папаўненьне дыскаграфіі, жывыя выступы і г.д. З Vórtize я спадзяюся выдаваць па альбоме на год. Трэцяя плытка ўжо амаль гатовая. З Demoniac мы спадзяемся зрабіць новы альбом у 2025-м.

Большасьць запісаў Demoniac, Oldeath і Vórtize выходзіць на Nube Negra Prods. Гэта твой лэйбл? Калі так, распавядзі пра яго гісторыю і мэты.

Х: Верна, Nube Negra Prod ёсьць лэйблам, які я стварыў з басістам Demoniac Вісэнтэ Пэрэйрай. Празь гэты лэйбл мы выдаем уласную музыку, то-бок мае гурты, а таксама прасоўваем чылійскую сцэну. У нас ужо ёсьць нейкі ростэр, і мы маем пэўную вагу на мясцовай сцэне. Галоўная мэта – выдаваць сваю музыку, а таксама падтрымліваць чылійскія гурты, якія шукаюць выдаўцу.

Наконт лэйблаў: твае альбомы выходзілі на розных выдавецтвах з Паўднёвай Амерыкі, Эўропы і ЗША. У цэлым, які твой досьвед супрацы зь імі, ці былі нейкія непрыемныя сітуацыі? Па тваіх адчуваньнях, у вас багата фанатаў за мяжой?

Х: З усімі лэйбламі мы мелі толькі прыемны досьвед; на шчасьце, аніякіх праблем ніколі не было, і мне здаецца, што мае гурты даволі актыўна слухаюць па ўсім сьвеце, што папросту цудоўна. Праз свой лэйбл мы таксама прадаем альбомы на ўвесь сьвет. На мой погляд, чылійскі мэтал мае багата ўсяго да прапановы, і на яго варта зьвярнуць увагу.

Цяпер, паколькі ты першы чылійскі музыка, у якога я бяру інтэрвію, я б хацеў больш шырока абмеркаваць Чылі і яшчэ некалькі пытаньняў. Мушу прызнацца, я зусім мала ведаю пра Чылі. Але я магу сказаць напэўна (як супрацоўнік лэйбла і вельмі-вельмі дасьведчаны аглядчык / аўтар), што я лічу Чылі найлепшай краінай для мэталу ва ўсім сьвеце. За ўсе гады я ня чуў аніводнай дрэннай банды з Чылі, і ўсяго пару пасрэдніх. Амаль усё, што я чуў з Чылі, ёсьць экстрэмальным мэталам вышэйшай пробы, з аўтэнтычным гучаньнем і эстэтыкай залатое эры, створанае і награнае на максімальным узроўне майстэрства і адданасьці. Якое тваё меркаваньне пра сцэну тваёй радзімы? Якія гурты ты б парэкамэндаваў?

Х: Так, несумненна Чылі ёсьць краінай розных мэталаў, і мэталічная музыка сёньня тут разьвіваецца страшэннымі тэмпамі. Многія замежныя гурты любяць прылятаць у Чылі, бо аўдыторыя тут шалёная і палкая. З чылійскіх гуртоў я б парэкамэндаваў Mental Devastation, яны граюць вельмі добры тэхнічны трэш і заўсёды раслі побач з намі. Яшчэ адзін гурт, які я дужа люблю, і які нядаўна выдаў альбом – гэта Necrolatria.

Паўднёва- / лацінаамерыканскія краіны лічацца намі, эўрапейцамі, вельмі гвалтоўнымі, і, як я чуў, фэны мэталу і самі музыкі ў вашых краях па-ранейшаму не супраць даць падсрачніка пазёрам – вялікая традыцыя, на жаль, страчаная ў большасьці краін на плянэце. У цэлым, наколькі жорсткай ёсьць чылійская сцэна? Былі ў вас вогненныя канцэрты з паламанымі крэсламі, разбітымі шыбамі, растоўчанымі носамі і г.д.?

Х: Так, андэграўндная сцэна тут дужа злосная, пад сцэнай заўсёды жорсткі мош, і бяз бойкі таксама аніводны канцэрт не праходзіць. Але ў той жа самы час паміж гуртамі існуе магутнае таварыства, і ва ўсіх нас багата сяброў, зь якімі мы п’ем піва або абменьваемся касэтамі. Праўда ў тым, што тут можна ўбачыць усё –  і добрае, і кепскае, і прыгожае, і агіднае.

Большасьць паўднёваамерыканскіх краін дужа рэлігійная, але, як я разумею, Чылі ёсьць людскай краінай, і таму ня надта фанатычна хрысьціянскай. Як звычайныя грамадзяне ставяцца да мэталістаў? Ці існуюць у вас праблемы, калі вас, напрыклад, агульна залічаюць у сьпісы небясьпечных шатаністаў, “экстрэмістаў” і гэтак далей?

Х: У 80-х і 90-х у Чылі існавала моцная дыскрымінацыя ў дачыненьні мэталістаў і шатанінскіх гуртоў. Сёньня ніхто ня дбае, дыскрымінацыі больш няма ані ў бок мэталістаў, ані ў бок прадстаўнікоў іншых стыляў. Кожны мае права быць кім хоча, пакуль ён не замінае іншым. Прынамсі гэтак мне падаецца, але сьвет вялікі, людзей у ім багата, таму ў пэўны момант магчыма ўсё.

Распавядзі мне трошкі пра Чылі ў цэлым. Ці добрая гэта краіна для жыцьця? Што табе больш за ўсё ў ёй падабаецца і не падабаецца? Паколькі Чылі мае форму вялікай працяглай палоскі, яна мае быць дужа разнастайнай у геграфічным і кліматычным пляне (халодныя паўднёвыя рэгіёны, цяплейшыя паўночныя рэгіёны)? Якія ў цябе ўлюбёныя месцы ў Чылі?

Х: Чылі – дужа прыгожая краіна. У ёй усяго патрошкі, ад халодных пустэчаў да гарачых пустынь. Я жыву ў цэнтральнай частцы, у рэгіёне Вальпараіса. Гэта даволі ціхае месца. На мой погляд, адзіная праблема Чылі ў тым, што мы вельмі далёка ад усяго. Мы жывем літаральна на краі сьвету, адасобленыя горным хрыбтом, Ціхім акіянам і пустыняй, і гэтыя натуральныя межы аддзяляюць нас ад усяго. Цяпер, у эпоху Інтэрнэта, мы трохі зблізіліся зь сьвета, але гэта нядаўнія падзеі. Ізаляцыя моцна паўплывала на нашу культуру, мы ва ўсім спазьняліся, бо жылі далёка ад усякіх імперый. Напэўнай, з гэтай прычыны я ў 2024-м годзе раблю Thrash Metal…

Якую чылійскую ежу ты б парэкамэндаваў?

Х: З чылійскае ежы я б парэкамэндваў ”Porotos con riendas” [літаральна “шальбабоны зь ляйчынамі” – F1sher16]. Гэта страва з бабоў, якія гатуюцца з гарбузам, шпінатам і локшынай; сапраўдная амброзія з кухні саміх Алімпійскіх багоў.

Ня ведаю, ці чуў ты пра гэта, але мой суайчыньнік Ігнат Дамейка ёсьць нацыянальным героем Чылі. Ці ведаеш ты што-небудзь пра Беларусь? Мабыць, чуў якія-небудзь беларускія банды?

Х: Шчыра кажучы, і з усёй павагай, я нічога ня ведаю пра Беларусь. Я толькі ведаю пра яе існаваньне з тых кніг па гісторыі, якія я чытаў, і з кніг пра войны ў Эўропе, але я нічога ня ведаю пра яе музыку і культуру. Зразумела, хацелася б даведацца больш, калі паўстане магчымасьць. Для мяне неверагодна ўсведамляць, што людзі з Беларусі цікавяцца маёй музыкай, і для мяне вялікі гонар даць гэта інтэрвію для беларускіх чытачоў, гэткім чынам дасягнуўшы месцаў, пра якія я нават не марыў. Несумненна, я б хацеў ведаць больш пра Беларусь і яе мэтал-сцэну.

На гэтым усё, дзякуй за твой час і выдатную музыку! Як заўсёды, калі ты хочаш напрыканцы сказаць чытачам нешта яшчэ, я даю табе гэтую магчымась:

Х: Па-першае, Раман, дзякуй за інтэрвію, пытаньні былі вельмі цікавымі, і мне спадабался на іх адказваць. Дзякуй за тое, што прыцягваеш увагу беларусаў да Demoniac і Vortize, я сапраўды ня мог і ўявіць, што нешта падобнае здарыцца. Як бачыш, музыка, у тым ліку мэтал, ёсьць унівэрсальнай мовай, якая пераадольвае ўсе геаграфічныя, культурныя і ідэялагічныя межы; мэтал – гэта жывое пачуцьцё. Спадзяюся, аднойчы ў мяне зьявіцца магчымасьць выступіць у Беларусі, гэта было б фантастычна.

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *