99-ы выпуск кароткіх аглядаў.
CYSTIC – Palace of Shadows
Год: 2023
Выдаўца: Chaos Records
Рэйтынг: 7,8 / 10
Дужа файны Death Metal з Штатаў. Гэта чарговы “old school revival” і гэтак далей, але нельга не адзначыць, што ў альбоме прысутнічае энергія і даволі выразны асабісты стыль. Збольшага гэты стыль грунтуецца на вакале – высокім і атрутным, зусім не падобным да тагасьветнага рыку з цёмных пячор, які абірае большасьць вакалістаў у гэтым жанры. У музыкі выдатная дынаміка: пераходы ад працяглых дэт-думавых адрэзкаў да шалёных бласт-бітаў адбываюцца амаль ігмненна. Нават у песьнях ёсьць пэўная колькасьць цікавых і самабытных момантаў. Зьвярніце ўвагу.
TETRAGRAMMACIDE – Typho-Tantric Aphorisms from the Arachneophidian Qur’an
Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 8,4 / 10
Новы альбом культавага эзатэрарыстычнага індыйскага гурта быў сустрэты аўдыторыяй з вялікім энтузіязмам, бо, у рэшце рэшт, культавым ён стаў нездарма. TETRAGRAMMACIDE ня ёсьць адзіным гуртом, які мяшае высокаінтэлектуяльную акультную і рэлігійную тэматыку зь кулямётна-гарматным хаотычным мэталам сьмерці і разбурэньня. Але я б сказаў, што ў іх гэта атрымліваецца найбольш натуральна. Новы альбом у параўнаньні зь папярэднім зрабіў сур’ёзны крок у бок тэхнічнага інтэнсіўнага Death Metal; прысутнасьць былога бубнача HOUR OF PENANCE лепш за ўсё сьведчыць аб гэтым. Гук у яго таксама далёка не андэграўндны, ды й сьмелыя эксперыменты з нойзам засталіся ў мінулым. Але альбом захаваў глыбіню, якую даўно страціла большасьць тэхнічных Death Metal-гуртоў. Ягоную магутнасць лёгка зразумець зь першых хвілін, а вось каб прасякнуцца ўсёй задумкай, трэба паслухаць прынамсі 3-4 разы.
GENOCIDAL RITES – Exsanguination of the Gods
Год: 2023
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 7,7 / 10
Невялічкі EP ад штатаўскіх хлопцаў, якія сруць і канчаюць на імя Казла. Музычны складнік ідзе шляхам BLACK WITCHERY (атрымліваецца вельмі прыстойна), а загнаны ў глухую дупу вакал нагадвае пра NOCTURNAL BLOOD або PROCLAMATION.
ÚLFARR / MALFEITOR – Úlfarr / Malfeitor
Год: 2023
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 6 / 10
Брытанскі гурт ÚLFARR мне ўжо даводзілася слухаць раней, і гэта была поўная хуйня. На гэтым спліце збольшага таксама хуйня, але ўжо не безнадзейная. Гэта даволі сыры цёмны мэтал у стылі ультраправых паганскіх гуртоў першай паловы 2000-х – з плоскімі гітарамі, прымітыўнымі клявішнымі і гаўнянай драм-машынай. Калі ўявіць сабе, што гэта адзін з актаў, афіліяваных з The Pagan Front, можна будзе адчуць пэўную настальгію. У MALFEITOR грае адзін з удзельнікаў ÚLFARR (выглядае рэдкім ёлупам), таму музыка шмат у чым падобная, але больш атмасфэрная і мэлядычная. У цэлым, спліт хоць і неабавязковы, і людзі за ім відавочна не ідэйныя, але агіды не выклікае. Слухаць можна. І цыцы на вокладцы вельмі прыстойныя, за гэта плюс, бо глядзець на рэбры і вугоры 40-кілаграмовых гатычных шлёндраў ужо няма аніякіх сіл. Прыёмчык, канешне, танны і нізкі, але круціць носам ня будзем.
BELIAL’S THRONE – Forgotten Land of the Lost Souls
Год: 2023
Выдаўца: Spread Evil Productions
Рэйтынг: 6,8 / 10
Дэбютны альбом гурта, які жыве ў Ірляндыі, але складаецца з трох палякаў і аднаго харвата. Таму й музыка тут зусім не брытанская, а паўночна-ўсходняя, мэлядычна-трагічнае, нешта паміж польскім, балканскім і фінскім. Нічога выбітнага, але слухаецца прыемна.