Рэцэнзія: CROMLECH – Eschatological Horrors

Год: 2017
Выдаўца: Dark Blasphemies Records (CD) / Hells Headbangers (LP)
Рэйтынг: 8,7 / 10

На працягу даволі доўгага перыяду я прагна паглынаў швэдзкае Death Metal-гучаньне, і ў выніку, канешне, трохі пераеў. На самой справе, мала ў каго атрымліваецца ўвесьці ў яго хоць нейкія своеасабовыя элементы, таму, калі ты чуў адзін клясычны швэдзкі Death Metal-гурт, то ты чуў амаль усё, што можа прапанаваць жанр. Сёньня я ўспрымаю толькі першыя два альбомы ENTOMBED, увесь GRAVE, ну і тое-сёе арыгінальнае з сучаснага – TORMENTED, напрыклад.

Таму было вельмі нечакана наторкнуцца на “Eschatological Horrors”, збор дэма-запісаў швэдзкага гурта CROMLECH за перыяд 1991-1994. Ёсьць у Швэцыі прафэсійны гітарны ананіст на імя Рога Юхансан. Усё сваё жыцьцё ва ўсіх сваіх незлічоных пражэктах ён займаецца нязьменным рамяством: скрыжоўвае швэдзкі і сучасны амерыканскі стылі Death Metal. Зрэдку ён трапляе проста ў цэль (THE GROTESQUERY), але звычайна выдае стэрыльны прадукт, у якім “death” абазначае хіба што пагрозу сьмерці ад нудоты (сучасны MASSACRE, HOUSE BY THE CEMETARY, THOSE WHO BRUNG THE TORTURE, THE SKELETAL etc. etc). Дык вось, хлопцы з CROMLECH яшчэ на сьвітаньні 1990-х вырашылі паспрабаваць зрабіць тое ж самае, і як у іх атрымалася!

Зборнік стартуе зь якаснага студыйнага дэма 1993-га году, і на ім лепей за ўсё чуваць задумку гурта. Гэта фантастычнае спалучэньне швэдзкага цяжару з амерыканскае інтэнсіўнасьцю і складанай рытмікай. Цемра, якая пануе ў музыцы, мае вельмі спецыфічны, непаўторны характар. Гэта нешта паміж пякучай шэраньню старой Флорыды і магільным холадам Стакгольма. Чымьсьці знаёмае, і ў той жа самы час асобнае тагасьветнае вымярэньне, дзе вы яшчэ не бывалі. Гэта вельмі важны момант, калі спытаеце мяне.

Яшчэ адзін важнейшы момант – поўная адсутнасьць панкаўскай і рокенрольнай ебаніны, празь якую я не магу, напрыклад, слухаць нават дэбютны альбом DISMEMBER. Не тое каб CROMLECH займаліся няспынным крышэньнем чарапоў; тут ёсьць месца для сумнаватай мэлёдыкі. Але не для легкадумнасьці, нават дробныя элементы якой могуць разбурыць цёмную аўру монстраў кшталту “Clandestine”, не кажучы пра болей слабенькія альбомы.

Кожнае з чатырох дэма мае свой падыход да жанру, і ўсе яны больш-менш аднолькава кампетэнтныя. Запісы 1991-га, 1994-га і 1993-га гадоў рабіліся на студыях, таму гук у іх мала ў чым саступае альбомам тых гадоў, а пэўны брак бюджэту толькі дадае музыцы аўтэнтычнасьці і цемры. Першае (у парадку разьмяшчэньня на дыску) дэма найбольш тэхнічнае, другое найбольш цяжкае і сумнае, трэцяе атмасфэрнае і гніласнае. Манера вакалу таксама паўсюль розная. Дэма 1992-га, відавочна, запісвалася гуртом самастойна на рэпетыцыйным пункце, бо гук у ім сыры, шумны і плавае, а вакал залішаны будзь якіх дадатковых эфектаў. Але – зноў жа, важнейшы момант – песьні на кожным дэма, нават на самым першым, найвыдатнейшыя. Гэта ня нейкі там “матэрыял”, а хіты, што маглі б зрабіць канкурэнцыю кампазыцыям кшталту “Into the Grave” і “Drowned”.

Ня ведаю, чаму кар’ера большасьці музыкаў CROMLECH скончылася на гэтых дэма. Толькі два зь іх вярнуліся на сцэну ў 2017-м у складзе гурта CARNAL SAVAGERY, але гэта, хутчэй, сумная гісторыя, бо патэнцыял CROMLECH быў велізарным. Што ж, прынамсі зараз можна аддаць ім павагу, паслухаўшы “Eschatological Horrors”.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *