Рэцэнзія: MERZOTNA POTVORA – Mertvyj Š​č​ur

Год: 2023
Выдаўца: Surrogate Rec.
Рэйтынг: 7,5 / 10

Цудоўны украінскі гурт MERZOTNA POTVORA працягвае сваю дзейнасьць, нягледзячы на вайну. Нагадаю, што дэбютаваў ён у 2019-м з выбітнага міні-альбома “Suča maty” – злоснага, бруднага, кусачага і ультрахуткага. На паўнафарматным альбоме “Halas z pekla” (2021) градус шалёнства значна зьнізіўся, што нармалёва для паўнавартасных альбомаў, але разам з гэтым музыка гурта згубіла вялікую частку сваёй агіднай прывабнасьці.

“Mertvyj Š​č​ur” апынуўся дзесьці пасярэдзіне. Мярзотнасьць павярнулася, хоць і не цалкам. Музыка зноў стала даволі неахайнай і клышаногай, што ідзе ёй толькі на карысьць. Хуткасьці збольшага сярэднія, канструкцыі хутчэй мэталічныя, ніж панкаўскія (пры гэтым ё некалькі відавочных паралеляў з BURZUM). Для ўсёй творчасьці MERZOTNA POTVORA ёсьць характэрным вельмі своеасабовы вясковы калярыт, які асабліва выразны на “Mertvyj Š​č​ur”. Іхны трэш па сутнасьці ёсьць ня надта добра замаскіраваным гапаком, пад які хочаш не столькі трэсьці галавой, колькі ўскідваць калені. Як заўсёды, гэтае гучаньне ідэальна спалучаецца з тэкстамі-страшылкамі, дзе фальклёр і побытавыя замалёўкі шчодра паліваюцца крывёй, а часам нават заклікаюць на чарку самога Шатана. Бадай што ў гэтым і ёсьць галоўны сэнс і дасягненьне MERZOTNA POTVORA. Каб зьвяртацца да фальклёрнай сфэры з гэтага накірунку, не апусьціўшыся да ўзроўня дурных жартаў і дрэннага густу, патрабуецца вельмі выкшталцонае разуменьне. Спадзяюся, большасьць слухачоў таксама аднойчы пачне заўважаць менавіта гэта, а ня толькі тое, што MERZOTNA POTVORA грае бадзёры трэш.

Дарэчы, “Mertvyj Š​č​ur” нечакана падводзіць вынік з дапамогай кавэра на “Total Death” ISENGARD, выкананага ўкраінскай і перапрацаванага пад стыль гурта. Атрымалася “як сваё”, што, зразумела, азначае цалкам станоўчы вынік. Усім слухаць!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *