Бліц-рэцэнзіі 92: WYTHIR, BLOOD STAR, BLASPHEMATORY, MRAKOMOR, WAMPYRIC RITES / FUNERAL FULLMOON

92-і выпуск кароткіх аглядаў.

WYTHIR – Conquest
Год: 2023
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: purity

Маленькі падаруначак фанатам HATE FOREST ад штатаўскага пражэкту, створанага маладым музыкам на мянушку R.W. EP на 10 хвілін, які складаецца з двух трэкаў, ёсьць даволі пасьпяховым трыб’ютам украінскаму гурту. Стыль музыкі, саўнд, атмасфэра – ўсё адпавядае. Зьвярніце ўвагу. EP можна забраць задарма на Bandcamp:

 

BLOOD STAR – First Sighting
Год: 2023
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 7 / 10

Традыцыйны Heavy Metal на касьмічна-фэнтэзійную тэматыку. Гучаньне тут на ўсе сто адсоткаў з XXI стагодьдзя, але атрымалася даволі няблага. Чымсьці нагадвае геніяльны “Brave New World”. На вакале дзяўчына з прыемным нізкім тэмбрам, якая добра разумее магчымасьці і абмежаваньні свайго голасу, і таму ніколі не пускае пеўня (ці курыцы). Даволі файны альбом, які варта паслухаць.

 

BLASPHEMATORY – The Lower Catacombs
Год: 2022
Выдаўца: Nuclear Winter Records
Рэйтынг: 7 / 10

Штатаўскі Death Metal з тагасьветным цягуткім гучаньнем у стылі раньніх GRAVE, INCANTATION, DEAD CONGREGATION, DISMA etc. Ад удзельнікаў незлічонай колькасьці гуртоў, у тым ліку ABAZAGORATH. Татальны змрок і смурод сьмерці – ўсё як мае быць. Канешне, трохі нуднавата, бо чуў я гэта ўжо тысячу разоў. Але зроблена адказна і якасна.

 

MRAKOMOR – V dek​á​d​á​ch dekadence 
Год: 2023
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 4,6 / 10

Напісаць пра гэты EP мяне папрасіў чэшскі музыка, які, паводле ягоных словаў, ёсьць даўным і адданым чытачом Bagnik Zine. У апошнім я трошкі сумняваюся, бо іначай ён ведаў бы пра маё стаўленьне да DS”BM”, але ж запыты я заўсёды стараюся выконваць, таму трымайце. MRAKOMOR, як высьвятлілася, існуе ажно з 2006-га, то-бок якраз з часоў росквіту стыля. Праўда, апошнія 10 год ён быў на паўзе, а ў 2023-м чамусьці вырашыў вярнуцца. Спадзяюся, гэта не азначае, што мода на дэпрэсіўную разьлезласьць вяртаецца. Так ці так, творчасьць MRAKOMOR не адрозьніваецца ад узораў стылю што дзесяці-, што пятнаццацігадовай даўніны. Гаўняны хатні запіс з страшэнным зашкалам, мізэрны вакал (ну хоць не вішчыць бы парэзаны сабака, і за тое дзякуй), прымітыўныя жалобныя рыфы – усё як мы (не) любім. У чацьвёртым трэку падключаецца, калі можна гэтак назваць, клявішная партыя, ад якой гучаньне становіцца крышачку лепей.  Зразумела, за сваё жыцьцё я чуў мноства значна, значна горшых DS”BM”-запісаў. На іх тле “V dek​á​d​á​ch dekadence” выглядае не зусім кашмарна. Але ў цэлым, канешне, я не разумею, каму і навошта гэта патрэбна.

 

WAMPYRIC RITES / FUNERAL FULLMOON – Spectral Shadows of the Forgotten Castle
Год: 2020
Выдаўца: Inferna Profundus Records
Рэйтынг: 6,8 / 10

Адзін з мноства рэлізаў таленавітага лацінаамерыканскага гуртка плагіятараў пад назвай Pure Raw Underground Black Metal Plague. Тут мы маем вельмі крывы “вампірскі” Black Metal, якім апошнім часам несумненна апантаны Inferna Profundus Records, але трэба аддаць належнае нашым паўднёва-заходнім сябрам: увасабіць гэтую тэму ў традыцыйным гучаньні ў іх атрымалася лепей за большасьць тэматычных гуртоў. Трэкі ад WAMPYRIC RITES паказваюць голад і крывавы шал вампірскае натуры, а FUNERAL MOON больш засяроджаныя на вечных тэмах кшталту самотнасьці і журбы бясконцага існаваньня. Праграма-мінімум, безумоўна, выкананая, хоць мяне ўсё адно не пакідае адчуваньне нейкай фальшывасьці вампірскай тэмы ў Black Metal. Мабыць, таму, што ўсе гэтыя vvhampyrr’скія гурты папросту ані на каліва не адрозьніваюцца адзін ад аднаго?

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *