89-ы выпуск кароткіх аглядаў.
SPELLFORGER – Upholders of Evil
Год: 2021
Выдаўца: Personal Records
Рэйтынг: 7,2 / 10
Жорсткі трэш-спід-мэтал з Інданэзіі. Вызначаецца перш за ўсё ня хуткасьцю (хоць зь ёй таксама ўсё файна), а моцнымі і пасьлядоўнымі рыфамі. Музыка нагадвае сумесь POSSESSED ды INCULTER, зробленую ў паўднёвай стылістыцы. Галаву не зрывае, нічога асаблівага не прапануе, але гучыць суцэльна і бадзёра. “Black Spellcrafters” – магутны трэк. Прыслухайцеся!
BESTIALIS – Prawdziwa bestia
Год: 2022
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 5,8 / 10
Фларыдзкі цёмны спід-трэшавы гурт, які аддае павагу старажытным усходнеэўрапейскім гуртам. У прэс-рэлізе пералічваюцца KAT, TURBO, DESTROYERS, POKOLGEP ды OSSIAN. Апошніх я ня слухаў, KAT тут і блізка не праходзіў, а вось ад TURBO нешта ёсьць. Але ў цэлым дэма гучыць даволі пуста. Сучаснае гучаньне не пакідае месца для эстэтыкі рэтра, а песьні зусім стандартныя, нічога цікавага я ў іх не заўважыў. Таму перспектывы BESTIALIS выклікаюць у мяне вялікія сумневы.
NECROVATION – Storm the Void / Starving Grave
Год: 2023
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 6 / 10
Швэдзкі гурт NECROVATION меў свае апошнія пяць хвілін славы ў 2012-м годзе, калі выпусьціў другі альбом на Agonia Records, дзякуючы чаму атрымаў дзесяткі аглядаў у профільных СМІ і месца ў мностве дыстра. Але потым неяк не задалося, і наступны рэліз гурта выходзіць толькі зараз, праз 11(!) гадоў. Я ня ведаю, каму патрэбны NECROVATION зараз, бо ў 2012-ым яны былі адносна сьвежымі, дзякуючы свайму хаотычнаму, атмасфэрнаму і плыннаму стылю Death Metal, але сёньня гэткае гучаньне даўно пасьпела ўсіх заебаць. Нічога адметнага новы рэліз прапанаваць ня здольны. Напэўна, з дапамогай гэтага 7″EP гурт і лэйбл закідваюць пробны шар. Паглядзім, ці даясгнуць яны посьпеху.
HAR SHATAN – Manum Inicere Alicui
Год: 2022
Выдаўца: The Sinister Flame
Рэйтынг: 7,8 / 10
Нямецкі Black Metal усё ж яшчэ здольны час ад часу прыемна зьдзіўляць. Ідэйны гурт HAR SHATAN, напрыклад, нядаўна ў змове з The Sinister Flame выдаў свой другі альбом, які будзе сьвятам душы для тых аматараў BURZUM, што не пярэчаць пэўнаму разьвіцьцю музычных ідэй, закладзеных Вікернэсам на ранніх альбомах. Месцамі “Manum Inicere Alicui” цытуе BURZUM амаль нота-ў-ноту (другі трэк ёсьць сапраўдным рэмэйкам “Det Som Engang Var”), але збольшага ён абапіраецца на Вікернэсавы задумкі як на падмурак, будуючы на іх свае адначасова злосныя і праніклівыя творы. У гэтым сэнсе “Manum Inicere Alicui” гучыць як нешта 20-гадовай даўніны, калі абдзіраць клясычныя гурты было яшчэ сорамна, а новыя акультныя ды атмасфэрныя стылі яшчэ не сфармаваліся, і нешматлікія фанатыкі Black Metal імкнуліся знайсьці свой шлях у тых месцах, дзе згубіліся айцы жанру. Вельмі добры альбом.
VARGRAV – Encircle the Spectral Dimension
Год: 2023
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7 / 10
Мой улюбёны сімфанічны гурт рыхтуецца да выпуску трэцяга альбому, а пакуль што, каб мы не сумавалі, зрабіў невялікі EP. Новы трэк гучыць вельмі файна з музычнага гледзішча, але гук у параўнаньні з папярэднікамі на ім нейкі зусім сухі. Спадзяюся, гэта не фінальны мастэрынг. Дарэчы, цяпер у VARGRAV сьпявае сам Вэрвольф, што таксама паўплывала на гучаньне. Два наступныя трэкі прыйшлі з нейкай сяміцалёўкі 2017-га году, пра існаваньне якой я ніколі нават ня чуў. Там усё як трэба, хоць гук таксама дзіўны, нібы выдраны непасрэдна зь вінілу з дапамогай не самага лепшага апарату. Трэк “Ancient Queen” – кавэр на EMPEROR (бо раптам хтосьці не здагадаўся, адкуль у VARGRAV ногі растуць). Нарэшце, апошнім трэкам ідзе канцэртны варыянт “Netherstorm”, пастаўлены туды, відавочна, каб трохі павялічыць працягласьць рэлізу. У цэлым, неблагі EP, але толькі для тых, хто ўжо слухаў VARGRAV раней. Чакайма на альбом!