Год: 2021
Выдаўца: Crypt of Black Fog
Рэйтынг: 8,2 / 10
Міні-альбом “Культ Смерти” я атрымаў незадоўга да прыпыненьня дзейнасьці Багніка, і ў той час я не пасьпеў зрабіць агляд на яго. А гэта, паміж іншым, цяпер мой улюбёны рэліз ДО СКОНУ. Фармальна гэта не столькі альбом, колькі зборнік, бо трэкі для яго ствараліся на працягу пяці гадоў (2008-2013), а запісваліся і таго дольш. Але ўжо пасьля першага праслухоўваньня заўважаеш, што паміж трэкамі ёсьць відавочная еднасьць, нягледзячы на пэўныя адрозьненьні ў гуку. Іх яднае агрэсія, якую можна назваць нехарактэрнай для ДО СКОНУ. Мы ўжо звыкліся з тым, што Максім у сваёй творчасьці азіраецца на псіхадэлічны рок і любіць трошачкі палетуценіць, але на “Культ Смерти” ён раскрыецца зь іншага боку, дэманструючы шчырую злоснасьць старога мэталу, які Максім моцна любіць і паважае. Кавэр на КРЕМАТОР выглядае на тле астатніх трэкаў як родны. Загалоўная песьня па стылі і гуку таксама бліжэй да старадаўняга Death Metal; апошнія дзьве песьні ўжо ёсьць стоадсоткава традыцыйным Black Metal. Гэтыя “секцыі” раздзяляюцца змрочным інструменталам “Фрактал” на 4 хвіліны, дзякуючы чаму пераход адбываецца вельмі плыўна. Распісваць тут больш няма чаго – гэта магутны міні-альбом, які працуе выбітным чынам. 18 з паловай хвілін пралятаюць як адное імгненьне.
Радыкальнасьць “Культа Смерти” адбілася і на іншых складальных рэліза. Мінік выйшаў толькі на касэтах накладам у 100 копій праз лэйбл маіх сяброў Crypt of Black Fog (рэч паспалітая Decadence Within Records і Black Curse Zine). Аніякіх прома-трэкаў, аніякага лічбавага рэлізу – buy or die. Я настойліва раю вам абраць першы варыянт, тым болей што ў сеціве рыпа няма і не мае быць. Аздабленьне касэты выдатнае: pro-tape, усе тэксты на месцы, стылёвы дызайн і ня меней стылёвы кейс з чорнай накрыўкай. Лагатып DOLBY STEREO на вокладцы – вельмі трапнае і дарэчнае рашэньне. Паглядзець у падрабязнасьцях можна на відэа.