Рэцэнзія: MEDIEVAL DEMON – Arcadian Witchcraft

Год: 2020
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,5/10

Магутныя браты Карасы, пасьля дзесяцігоддзя забыцьця вярнуўшыся на сцэну з альбомам “Medieval Necromancy”, прадэманстравалі, што старажытны грэцкі мэтал не толькі жыве, але і цудоўна пачуваецца ў сучасным гукавым асяродку. На “Arcadian Witchcraft” яны паказваюць ужо больш сур’ёзныя амбіцыі. Гурт наняў басістам не абы-каго, а Джыма Mutilator’а (таго самага, зь ROTTING CHRIST), вышпурнуў гітарыста і ўзяў на яго месца сесійнага ўдзельніка з мянушкай Chthonius. Ня ведаю, ці пісаў гэты хлопец музыку, ці толькі граў, але факт, што яна моцна зьмянілася.

“Arcadian Witchcraft” абрынаецца на галаву гітарнымі сола і мэлёдыкай клясічнага Heavy Metal, якую, нібы зьмей, аплятае старажытнае пячорнае ліха. “Meet Her Majesty, the Black Queen” ёсць бадай што найлепшай песьняй у грэцкім мэтале, што я чуў за сваё жыццё. Сваёй феерычнай энергетыкай яна пакідае настолькі моцнае ўражаньне, што яго хапае амаль што да сканчэння альбому. Надалей градус музычнага шалёнства пакрысе спадае, і ў палітру вяртаецца традыцыйны грэцкі мэтал-акультызм зь цёплымі вібрацыямі гітары і баса – усё гэта дзеля таго, каб шматлікія ўплывы і элементы гучання зноў зліліся ў адное ў апошнім трэку.

Разам з тым альбом мае амаль што сімфанічны характар, бо ў ім назіраецца багацьце партый клявішаў ды іншых дадатковых інструмэнтаў. Калі “Medieval Necromancy” быў бліжэй да NECROMANTIA ды SAMAEL, то “Arcadian Witchcraft” – гэта ўжо GEHENNA.  Музычнае палатно атрымліваецца надзвычайна насычаным. Слухаць гэты запіс хочацца зноў і зноў не толькі дзякуючы ягонай агністай прыродзе, але і папросту таму, што гэта цікава. Нават з тэхнічнага гледьзішча ўсё зроблена верна: узровень граньня найвышэйшы, а гук (ім займаўся яшчэ адзін былы ўдзельнік ROTTING CHRIST, Георгі Эмануэль) атрымаўся адначасова андэграўндным і разборлівым. Мае рэкамендацыі!

 

Author: F1sher16

2 thoughts on “Рэцэнзія: MEDIEVAL DEMON – Arcadian Witchcraft

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *