Год: 2021
Выдаўца: Deathkvlt Production
Рэйтынг: 7/10
Працягваючы разбіраць тое, што застаўся павінны быў аглядзець у мінулым годзе, я наторкнуўся на зборнік уральскага праекту УГРЮМЛЕС, які зьмяшчае два запісы, зробленыя ў 2009-м і 2011-м гадах. Аўтар музыкі, зразумела, пажадаў застацца невядомым. Уральская эстэтыка экстрэмальнага мэталу ўжо даўно сфармавалася, і УГРЮМЛЕС ёсць яе традыцыйным прадстаўніком. Тыя, хто ведае гурт ВСПОЛОХ, убачаць на гэтым зборніку нямала знаёмых месцаў.
Аднак найбольш моцны ўплыў на праект, відавочна, зрабілі творы гуртоў BlazeBirth Hall. Гэта асабліва добра чуваць у гітарах, якія маюць падобную мэлёдыку і працуюць вельмі шчыльна, прыкладна як на трэцім і чацьвёртым альбомах FOREST. Гук, зрэшты, тут моцна адрозьніваецца, асабліва сваёй выразнай перавагай у бок бубнаў, якія дзяўбуць, нібы той цвіказабіўны пісталет. Але таксама адзначу, што павольныя трэкі і секцыі не маюць аніякага падабенства да BBH, і часцей за ўсё нагадваюць штосьці зусім іншае. Песьня “Сурья” гучыць амаль што як частка творчасьці легендарных КОБЬ, і я не зьдзіўлюся, калі ўдзельнікі гэтага гурта маюць дачыненьне да УГРЮМЛЕС, тым болей што новы міні-альбом КОБЬ выходзіў нам тым жа самым Deathkvlt Production.
Я б не сказаў, што “С тропы / Из праха гибели” мае нейкую асабістую каштоўнасьць або цягне на статус “культа”. Не, але гэта даволі моцны і пераканаўчы атмасферны мэтал. Яго гукі фармуюць абразы халодных і пагардлівых уральскіх гор, якія будуць гэтаксама халодна і пагардліва ўзвышацца над зямлёй і праз тысячы год пасьля таго, як нашыя косткі спарахнеюць, а памяць пра нас зьнікне ў бездані забыцьця.