Рэцэнзія: BORKR – Copper

Год: 2022
Выдаўца: Pest Productions
Рэйтынг: 8,4/10

Я не чакаў, што гэта некалі здарыцца, але ўлетку 2021-га ціхенька і непрыкметна выйшаў другі альбом кітайскага праекту BORKR, празь ажно 9 гадоў пасля дэбюта. На жаль, гэта насамрэч не “новы” альбом, а таксама стары запіс, які доўга ляжаў на паліцы. І, што яшчэ горай, ён быў часткай запланаванай восеньскай трылёгіі BORKR, трэцяя частка якой, як я зразумеў з прэс-рэліза, не была запісаная. Таму наўрад ці мы пачуем яшчэ што-колечы ад меланхалічнага кітайца, але два альбомы ўсё ж лепей за адзін.

Нагадаю, што “Amber”, дэбютны альбом BORKR, быў бяссорамным клёнам вялікага “Forgotten Legends” DRUDKH. Зь аднаго боку, клянаваць чужы стыль трошкі непрыстойна, а зь іншага, за 20 гадоў у гэтым свеце больш не выйшла аніводнага альбому, які б здолеў перадаць тую непаўторную бурштынавую цеплыню, якой быў прасякнуты “Forgotten Legends”. Прынамсі мне аб гэткіх невядома. І толькі BORKR гэта ўдалося. У свой час я вельмі актыўна намагаўся разрэклямаваць “Amber”, але, відавочна, марна; наклад у 300 асобнікаў не распрадаўся на лэйбле па сёньняшні дзень. Гэта, канешне, ганьба. Карыстаючыся магчымасьцю, заклікаю паслухаць і набыць альбом!

Што датычыцца другога запісу, то ён атрымаўся больш самастойным у музычным пляне. DRUDKH у ім па-ранейшаму моцны, але цяпер не скажаш, што гэта клён. Тут можна знайсьці элементы гучаньня альбомаў перыяду 2006-2009, і агульнае адчуваньне, якое выклікае альбом, стала больш цёмным, характэрным для дажджлівай позняй восені. То значыць, медзяным. Мне моцна спадабаўся своеасабовы гук, у якім кожны інструмент выбіваецца цікавым чынам. Бас, бубны і гітары працуюць кожны ў свой бок, але ім неяк удаецца ствараць неразрыўную музычную панараму. Таксама цікава, што бас працуе ледзь не як галоўны інструмент; ён заўсёды прысутнічае на пярэднім краі. Галасы гітар крыху разрэджаныя, затое сьмелыя; музыка даволі часта дазваляе сабе граць сола паўзьверх рытм-гітары. Вакал агульнага ўражаньня не псуе, і ў ім нават можна разабраць асобныя выказваньні на розныя прыродныя тэмы. У выніку маем клясычны атмасферны мэтал у лепшых традыцыях DRUDKH, які самі украінцы ўжо даўно не граюць. Цаніце і не прапускайце.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *