Год: 2025
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 8,1 / 10
HUNDSGUGEL ёсьць пражэктам Orpheus’а з GHASH. Гэтым пражэкт ён да нядаўняга часу рэалізаваў цалкам самастойна, за выключэньнем мікса і мастэрынга, якія выканалі Armaros (таварыш па GHASH) і G.W. адпаведна. Цяпер HUNDSGUGEL ужо пераўтарыўся на паўнавартасны гурт, але пра гэта будзе сэнс распавесьці больш падрабязна, калі выйдзе штосьці новае.
HUNDSGUGEL (калі хто ня ведае, гэта рыцарскі шалом у форме сабачае галавы) грае сярэднявечны цёмны мэтал з сырым гукам і даволі незвычайным мэлянхалічна-ўрачыстым характарам. Паэтычная натура Orpheus’а (нездарма ж ён узяў сабе гэткі псэўданім) праяўляецца тут ва ўсім. “Сярэднявечнасьць” HUNDSGUGEL мае на ўвазе перш за ўсё эстэтыку той эпохі. Тут ёсьць пара спасылак на рэальную гісторыю, але гэта ўсё. “Oath over Abyss” не пра прыгоды шэвалье ці там германскіх крыжакоў, ён пра рыцарскі гонар, абавязак і прысягу; пра вялікія бітвы і іх наступствы. Падаецца гэта, зноў жа, у вельмі паэтычным, містычным і адухаўлёным стылі, але без усякай рамантызацыі. Напрыклад, на альбоме ёсьць песьня пра рыцара, які ішоў у бой з імем Бога на вуснах, а перад тым, як выпусьціць дух, зразумеў, што ягоная вера была самападманам. Ёсьць песьня пра “слаўную сьмерць”, якая на праўду выходзіць гібельлю ў брудзе і адчаі. Ёсьць пра неўміручых ваяроў-спусташальнікаў, на чыіх мечах накрэмзаныя словы праклёнаў. І гэтак далей. Вялікая радасьць, што Orpheus вырашыўся дадаць тэксты ў буклет. Хоць ягоная ангельская мова пакуль не беззаганная, лірыка дадае музыцы багата вагі.
Музыка HUNDSGUGEL вызначаецца ня столькі формай, колькі гукам. Гэта аматарскі і зусім не дасканалы запіс, які ў пэўных аспектах нагадвае дэма-запісы GHASH, але ён дужа цікавы і спецыфічны. Адсутнасьць баса робіць яго “прывідным”, трошкі падобным да раньніх твораў RUNESPELL / BLOOD STRONGHOLD і DROWNING THE LIGHT, аднак тут ужо бяруць сваё рыфы, якія працуюць у зусім іншым стылі. Дзякуючы сінтэзатарным партыям, што гучаць амаль няспынна, HUNDSGUGEL атрымлівае пэўнае падабенства да GRAVELAND ці IUVENES… і зноў жа, гэта я даволі моцна прыцягваю за вушы. Але ж трэба даць вам хоць прыблізнае разуменьне. Песьні на альбоме складаюцца збольшага з сярэднятэмпавых фрагмэнтаў з трывалым рытмам а-ля BURZUM. Зрэдку музыка пераходзіць на бласт-біты і трэмола.
Аднак, паўтаруся, форма тут мае другараднае значэньне. Важней за ўсё вобразы, што ствараюцца музыкай. І гэта нешта… туманнае, тагасьветнае. У фэнтэзі часта выкарыстоўваецца сюжэтны прыём, празь які герой трапляе на поле бітвы, што даўно скончылася, і бачыць здані ваяроў, якія б’юцца на сьмерць, ня ведаючы, што яно ўжо сотні гадоў як мёртвыя. HUNDSGUGEL якраз пра гэта. На працягу ўсяго альбому не пакідае адчуваньне, што ты глядзіш на старажытныя падзеі скрозь вэлюм містычнай імглы. “Oath over Abyss” як быццам знаходзіцца за заслонай, што прыглушае гукі і дае зразумець: для жывых на тым баку месца няма. Вакал з скарочаным эфектам рэха і непаўторныя клявішы узмацняюць гэтае адчуваньне. Я б назваў клявішныя партыі адным з найвялікшых дасягненьняў Orpheus’а на гэтым альбоме. Яны гучаць ганарыста, але ў такой танальнасьці, што выклікаюць толькі сум і роспач. Менавіта гэтак у войску зданяў, напэўна, гучалі б трубы, якія абвяшчаюць пачатак атакі. Геніяльна. Ну і, нарэшце, “Oath over Abyss” ёсьць альбомам суцэльным, засяроджаным на сваёй мэце і не зацікаўленым у камэрцыйнай прывабнасьці. Тут няма фальшывай дынамікі, легкадумнасьці, “вялікодных яек”, жартачак ды імкненьня быць падобным да кагосьці. Карацей, усяго таго, што мне моцна настаебала ў рэлізах нават вельмі паважаных мной заходніх лэйблаў. Гэта не які-нібудзь, прабачце, DRAUGVEIL – цьху тры разы на галаву ўсім яго слухачам.
Фізічнае выданьне ад Handful of Hate мае вельмі прыгожы буклет на 12 старонак з шрыфтамі залатога колеру. Выглядае элітна і сапраўды па-рыцарску. Падрабязнасьці на відэа.



