Рэцэнзія: NIABOŽČYK – Niabožčyk

Год: 2025
Выдаўца: Skon
Рэйтынг: 6,7 / 10

Цяпер трошкі пра першы (прынамсі па парадкавым нумары) рэліз лэйбла Skon. NIABOŽČYK ёсьць новым пражэктам удзельнікаў гуртоў DREKAEVATZ і КОНЦЛАГЕРЬ. Першае я слухаў зусім трошкі (але там і матэрыялу небагата), а другое не кранаў зусім, бо гэта нейкі рак. Але 2/3 складу гэтых гуртоў, наколькі мне вядома, яшчэ зусім маладыя хлопцы, а да памылак юнацтва мы ставімся паблажліва.

Што датычыцца непасрэдна NIABOŽČYK, то гэта шырокі крок у верным накірунку. Суворы крыўскі чорны мэтал сьмерці, што, як заяўляе прэс-рэліз, спадабаецца фанатам ARCHGOAT. З гэтым я згодны. Сапраўды, асноўная крыніца натхненьня тут відавочная. NIABOŽČYK напісалі тры добрыя трэкі, якія адпавядаюць усім канонам стыля і маюць вельмі знаёмую дынаміку. Галоўнае адрозьненьне іхнага матэрыяла – ў гуку. За сваё жыцьцё я наслухаўся ўсемагчымых ультраандэграўндных гуртоў, створаных на імя Казла, і амаль усе яны намагаліся прыхаваць брак майстэрства, розуму і добрага густу за страшэнным шумам і грукатам. Часьцей за ўсё гэтая штучная апакаліпсічнасьць толькі пагаршала становішча. NIABOŽČYK не пайшлі ў гэтым накірунку. У іх гук выразны, роўны, залішаны будзь якіх узмацняльных эфэктаў. Хіба што вакал ці трохі “падкруцілі”, ці пусьцілі падвоенай дарожкай. У астатнім гэта амаль што “live in studio” з правільна наладжанымі інструмэнтамі і ўдала падабранымі тонамі. Нягледзячы на мінімальную апрацоўку, а можа і дзякуючы гэтаму факту, запіс NIABOŽČYK гучыць дужа-дужа “жалезна” і ажно патыхае таксічнай маскуліннасьцю. Гэта не прыклад GOATFLESH, дзе нежаданьне шумацець спарадзіла мёртвы матэрыял з невыносна вылізаным гукам. Акрамя таго, NIABOŽČYK граюць не тое каб марудна, але й ня надта сьпяшаюцца, і гэта дадае кампазыцыям акцэнтаванасьці. Кожны музычны фрагмэнт кладзецца ў песьню вымерана і ўпэўнена, як цэгла пад рукой дасьведчанага будаўніка.

Як для дэбютнага EP, “Niabožčyk” атрымаўся ўдалым стартам. Наперадзе яшчэ вялікі шлях: трэба сфармаваць больш адметны ўласны стыль, навучыцца пісаць лепшыя песьні і аранжыроўкі для іх, сталець ва ўсіх сэнсах. Але тое, што я пачуў, дае мне права даваць гурту пэўныя авансы. Мяркую, зараз для хлопцаў мае сэнс засяродзіцца на ім і нарэшце зачыніць КОНЦЛАГЕРЬ.

Касэтнае выданьне ад SKON – pro-tape з сьціплай змрочнай укладкай, дзе ёсьць тэксты ўсіх трох трэкаў (ура!). Падрабязнасьці на відэа.

Niabožčyk - Niabožčyk (2025)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *