Год: 2025
Выдаўца: Handful of Hate
Рэйтынг: 9,3 / 10
Сказаць пра гэты, несумненна, найважнейшы рэліз для тутэйшай сцэны можна столькі, што я нават баюся пачынаць. Перш-наперш адзначу, што, нягледзячы на сваю блізкасьць да і прычыннасьць да агульнай справы, я не прымаў аніякага ўдзелу ў стварэньні гэтага спліта, не бачыў аздабленьня і ня чуў аніводнага трэку (акрамя інструмэнтальных чарнавікоў ŁATANU, якія мне ўключаў на тэлефоне Nihilation восеньню 2020-га), пакуль не атрымаў дыск на рукі. Магчыма, усё ж трэба было ўлезьці ў гэты працэс, але пра гэта будзе ніжэй. Так ці так, маё ўспрыманьне было чыстым, як у паспалітага слухача.
“Sixfold Krywian Blasphemy” першапачаткова быў зусім не “на шасьцярых”. Наколькі мне вядома, пачыналася ўсё з ідэі спліта ŁATANU / VERWÜSTUNG, але прыкладна ў той жа самы час запісваўся матэрыял для спліта KRUK / PESTILENTIA. У працэсе высьвятлілася, што дворскі гукаінжэнер G.W. мае канцэпцыйны матэрыял для SACRILEGIOUS PROFANITY, а там прысьпеў і ACWEALD. Усім вядомыя трагедыі апошніх гадоў прывялі да таго, што ўдзельнікаў спліта раскідала па розных краінах. Празь гэта выпуск новага матэрыялу зацягнуўся, і ў рэшце рэшт было вырашана зрабіць грандыёзны спліт-маніфэст Niemaracz Clan. Цікава, што літаральна ў апошні момант адбыліся пэўныя падзеі, у выніку якіх Niemaracz Clan з усім цяжкім грузам сваёй мінуўшчыны быў адпраўлены на спачын, а яго актыўная частка рэфармавалася ў безназоўную суполку вакол лэйбла Handful of Hate. Такім чынам, “Sixfold Krywian Blasphemy” пераўтварыўся на маніфэст-эпітафію, але й адначасова на сымбаль новага пачатку.
ŁATANU
Яшчэ ў часы першага дэма NIEZGAL у P.Z. мелася пэўная схільнасьць да напісаньня Black Metal-гімнаў, што натхняюць несьціся на штурм нябёсаў пад штандарам Шатана (“Дрыжыць зямля ад поступу нашых легіёнаў”!). Лепшыя песьні NIEZGAL і ŁATANU заўсёды былі гімнамі, і на спліце ўсе тры трэкі маюць менавіта гэткі падыход. Гімн Пеклу, гімн Змроку і, найгалоўнейшае, гімн gatekeeping’у! Тэксты ŁATANU, як заўжды, красамоўныя і асэнсаваныя, ні ў якім разе не абыходзьце іх увагай. Як кампазытар, P.Z. у чарговы раз павысіў свой узровень, стварыўшы ідэальнае ўзаемадзеяньне паміж шматлікімі ўчэпістымі рыфамі рознага тэмпу. Ня ведаю, як гэтыя тры трэкі ўспрымаліся б у складзе паўнафарматнага альбому, але менавіта ў гэткім сьціслым выглядзе гэта бадай што наймацнейшы матэрыял ŁATANU за ўсю гісторыю.
Гучаньне таксама не пакідае жадаць лепшага. Гурт (акрамя бубнаў) запісваўся на новым месцы, у студыі “Sanctum Sound” у Польшчы, дзе працуе Aahros з гуртоў FLAMMAE і PETITE NUAGE NOIR. На гэтых трэках ён выканаў партыі баса. Зьвёў матэрыял Vo1d зь VICTIM PATH. Ён ужо працаваў зь NIEZGAL, таму ў выніку атрымалася звыклае гучаньне – вострае, рэзкае й чыстае.
ACWEALD
Пра ACWEALD мне пісаць яшчэ не даводзілася, але я пісаў пра яго папярэдніка – PINEBLOOD. ACWEALD ёсьць пражэктам Bauglir’а, заснавальніка BONEHAMMER. Як і ў PINEBLOOD, тут ён зьвяртаецца да сваіх панкаўскіх каранёў празь мэталічнае гучаньне і пакланеньне прыродзе. ACWEALD можна назваць пабочным дзіцём ILDJARN і раньніх ULVER, якое выхоўвалася на лепшых традыцыях фінскай зухаватасьці. Тут усё вельмі проста і напорыста, але таксама рамантычна. Ёсьць месца і для калатнечы, і для акустыкі. “Pad Kapyty!” нават мае вельмі трапны сьвіст і гуртавы вакал! Ад папярэдніх два новыя трэкі ACWEALD адрозьніваюцца тым, што гэта першы беларускамоўны матэрыял гурта (не ўлічваючы кавэра на MISFITS з альбома “Archaic”). З запісам Bauglir’у дапамагалі W.W. (таксама былы ўдзельнік BONEHAMMER) і D. (хутчэй за ўсё, Daemethar з VOX MORTUIS). З гукам тут трошкі намудрылі, забагата высокіх чашчыняў, а талеркі зьліваюцца ў суцэльны шум, але хулі ім, панкам! Слухаць можна і трэба.
SACRILEGIOUS PROFANITY
Галоўны пражэкт Goat Worshiper’а заўсёды падаваўся мне ўвасабленьнем перш за ўсё традыцыйнасьці, а ўжо потым выразнасьці. На працягу сваёй даволі небагатай дыскаграфіі SACRILEGIOUS PROFANITY выступаў ва ўсіх асноўных стылях Black Metal адначасова (асабліва на альбоме “Genocide Rituals“), і кожны раз гэта было нешта вельмі дынамічнае, апакаліпсічнае і зусім не “квадратнае”. Аднак у гэтай своеасабовасьці маецца адваротны бок: пры ўсім жаданьні вельмі цяжка захаваць у памяці хоць адзін трэк SACRILEGIOUS PROFANITY цалкам. Здаецца, на гэтым спліце ўсё нарэшце зьмянілася. Тры трэкі SP аб’яднаныя лаўкрафтаўска-шатанінскай лірычнай канцэпцыяй пра абуджэньне старажытных глыбокаводных істотаў, а музычная частка гэтую канцэпцыю падтрымлівае калі й не на 100 адсоткаў, то ўсё адно вельмі рашуча. Літаральна першы ж музычны фрагмэнт забясьпечвае поўнае занурэньне ў цёмна-зялёныя воды бурлівага мора. Песьня “Eternal Thirst of the Old Ones” ажно патыхае старажытнасьцю і таямніцамі балотнай бездані. Мне нават шкада, што ўжо ў наступнай песьні слугі Левіяфана пачынаюць выбірацца на сушу, каб зладзіць там апакаліпсічны баль пад грукат шалёных бласт-бітаў. У сярэднім і нізкім тэмпе, ды з абраным для гэтага спліта атмасфэрна-аб’ёмістым гучаньнем, ды з хваравітымі мэлядычнымі лід-гітарамі, SACRILEGIOUS PROFANITY гучыць як шыкоўная ода Лаўкрафту. Хуткія фрагмэнты і пераходы трохі разбураюць магію, хоць кульмінацыйны трэк “Uncontrollable Deluge Force (Leviathan)” усё ж захоўвае патрэбнае адчуваньне. Так ці так, мы толькі што пачулі найбольш цэльны матэрыял за ўвесь час існаваньня SACRILEGIOUS PROFANITY. За яго запіс адказвалі сам G.W., ягоны сябар і напарнік T.D., а таксама Great Vengeance and Furious Anger, ён жа Яўген Ігнатаў, бубнач PESTILENTIA.
KRUK
Ва ўсіх сэнсах цэнтральны матэрыял гэтага спліту выявіўся трошкі больш сьціплым, ніж хацелася б. Усяго два трэкі, і толькі адзін цалкам арыгінальны, бо другі ёсьць кавэрам на “Sun no longer rises” IMMORTAL, што даволі нечакана. “Śmiertakrył II” мае некалькі перасячэньняў з “арыгіналам”, і я маю асьцярожную здагадку, што гэты трэк на самой справе быў створаны яшчэ ў тыя старыя часы як альтэрнатыўная вэрсія з вакалам. Сьпявае на ім, дарэчы, Eucharist з PESTILENTIA. Так ці так, гучыць ён па-крукаўску: надзвычайна жорстка, з рыфамі, нібы насечанымі сякерай, нестандартнымі памерамі і партыяй бубнаў, якая гучыць як дзьве партыі, што працуюць паралельна. “Sonca nie ŭzyhodziċ” (кавэр на IMMORTAL) таксама перапрацаваны пад гэты стыль. Арыгінал быў больш плынны, але кавэр супрацьпастаўляе яму ВЕЛІЗАРНЫЯ яйцы. Асабліва адзначу творчую адаптацыю лірыкі за аўтарствам Ryks Asirg’а; раньнія тэксты IMMORTAL былі напісаныя на кашмарнай ангельскай і часьцей за ўсё ня мелі сэнсу, але тут усё зразумела. Галоўная выснова, якую я магу зрабіць пасьля знаёмства з гэтымі дзвьюма песьнямі, наступная: KRUK у сучасным саўндзе слухаецца фантастычна. Гэта бязлітасная выбуховая моц. Дужа прыкра, што на гэтым, напэўна, усё скончыцца, бо ангеданічная натура аднаго з удзельнікаў зноў спыніла палёт Крука.
VERWÜSTUNG
Штурмавы атрад VERWÜSTUNG за мінулыя гады панёс найбольшыя страты, але вытрываў, набраў папаўненьне і ў дадзены момант пакрысе рыхтуе новыя атакі. VERWÜSTUNG таксама запісалі для спліта дзьве песьні – адну арыгінальную і адзін беларускамоўны кавэр (на LEGION OF THE DAMNED). “Barani Boža” па стандартах гурта атрымалася не самай хуткай, затое плыннай. Маёй асноўнай прэтэнзіяй да VERWÜSTUNG заўсёды было тое, што яны злоўжывалі рэзкімі прыпыненьнямі, нават пераломамі рытмаў. Гэта выдатна працуе жыўцом, але на студыйным запісе ўспрымаецца як тумак, што прыляцеў з яснага неба. Тут гэтага няма. У “Barani Boža” прысутнічае дынаміка, але больш акуратная, разважлівая. Што датычыцца “Lehijon Vyklatych”, то гэта вельмі просты трэк, які паступова паскараецца і развіваецца строга ў адным накірунку. Стоадсоткавы сучасны Death / Thrash Metal, з агаворкай на вакал. Арыгінал я паслухаў упершыню падчас напісаньня гэтага фрагмэнту рэцэнзіі, і маю заявіць, што VERWÜSTUNG нічога не зьмянілі ў музыцы, але значна ўзмацнілі ступень агрэсіі і грубай цяжкасьці. Шалёны вакал M82A1 на галаву вышэй таго піцца-трэшавага ёкату, які выкарыстоўвае вакаліст LotD. Зрэшты, абодва трэкі дэманструюць галоўную адметнасьць VERWÜSTUNG: на якой бы хуткасьці яны не гралі, іхныя песьні будзе ажно пырыць ад энергіі. Не так даўно я наведаў рэпетыцыю гурта і хачу сказаць, што ня кожны будаўнік ці малатабоец пралівае столькі поту за працоўны дзень, колькі праліваюць VERWÜSTUNG падчас ненапружанага практыкаваньня сваёй музыкі. Зноў жа, адзначу тэксты. M82A1 выдатна валодае словам, даўно служыць перакладчыкам і транслітэратарам для суполкі вакол Niemaracz Clan / Handful of Hate, таму ягоная ўласная лірыка і адаптацыі не падлягаюць аніякай крытыцы. Гэта ўзровень, недасяжны для большасьці. Гук на новым матэрыяле таксама атрымаўся прыстойным, шчырым, моцным і ў добрым сэнсе выёбістым – тое, чаго мне бракавала на трошкі прыгладжаным “Gospel ov fury“. Запісвалася ўсё па частках у розных месцах, а зводзіў і мастэрыў гэта A.K. з LEPROUS VORTEX SUN.
PESTILENTIA
Тры трэкі ад PESTILENTIA прапануюць найбольш разнастайны матэрыял у пляне гучаньня. Буклет да спліта кажа, што амаль усё запісвалася ў 2020-м у логавішчы Немарачы, але, напэўна, гэта рабілася ў розныя часы. “Viatry Čornaha Moru” (першы студыйны запіс PESTILENTIA на беларускай!) мае вельмі простую структуру і такую шалёную хуткасьць, што толькі шапку трымай. У яго даволі нехарактэрны для PESTILENTIA гук: па-вінілаваму круглы, амаль што залішаны рэзкасьці, аб’ёмісты, з адсунутым некуды ўглыб вакалам. Асноўная вакальная лінія таксама дужа хуткая і мае незвычайную рытміку, таму песьня імгненна западае ў памяць. Я нават скажу, што на сёньняшні дзень гэта мая ўлюбёная песьня PESTILENTIA. Ёсьць у ёй нешта асаблівае. “Crushing the Saint” адразу дае трэшавы прысмак і паказвае клясычную для PESTILENTIA канструкцыю. Тут у некалькі разоў часьцей зьмяняецца рытм, а вакал цалкавіта апантаны (і таксама адсунуты). Чамусьці гэтая рэч трошкі больш гучная за папярэднюю. Фіналам для PESTILENTIA і ўсяго спліта ёсьць беларускамоўны кавэр на неўміручы культ – “Woman of Dark Desires” BATHORY. Вакал для яго запісваў Ryks Asirg, ды не абы-дзе, а на дняпроўскіх берагах. Відавочна, каб нармалёва зьвесьці ягоныя злосныя крыкі з інструмэнтальным матэрыялам, дворскі гукаінжэнер Немарачы G.W. павялічыў гучнасьць амаль у два разы. “Taja szto ŭ ciemry žadańnjaŭ” гучыць выбухова і нават трошкі зашкалена, таму больш за ўсё нагадвае KRUK. На гэтым трэку адзначыўся яшчэ адзін госьць – Varagian з ДО СКОНУ, які награў гітарнае сола. Матэрыял PESTILENTIA запісваўся ў трошкі незвычайным складзе: Яўген Ігнатаў, што граў на папярэдніх двух альбомах, удзелу ў ім не браў, затое ў якасьці гітарыста далучыўся ужо ўзгаданы W.W. (ACWEALD, ex-BONEHAMMER, VIEDŹMINY PAKUTY).
THE ART OF VAIUG
Графічным аздабленьнем “Sixfold Kryvian Blasphemy” займаўся Vaiug. Ужо які год ён малюе ўсялякую жудасьць, і ягонае партфоліа пакрысе папаўняецца назвамі ўсё новых замоўцаў з музычнае сцэны, але гэты спліт ёсьць ягоным сапраўдным бэнефісам. Кожны гурт атрымаў асобную ілюстрацыю, якая ўвасабляе яго сутнасьць, а вокладка спалучае ўсё адначасова. Тэхнічны бок дызайну таксама не расчароўвае, бо ўсё падабрана дасканала: шрыфты, 50 адценьняў шэрага і нават арнамэнтальны матыў на тле вокладкі. “Sixfold Kryvian Blasphemy” выйшаў у магутным фармаце А5-дыджыбука з буклетам на 24 старонкі. Падрабязнасьці на відэа.
Нарэшце дабраліся да высновы. Гэты рэліз атрымаўся амаль што бездакорным. І вельмі важным. Яго нельга прапускаць ні ў якім разе. Слова “спліт”, якое я шматкроць выкарыстаў у аглядзе, для яго ёсьць трошкі прыніжальным, бо можа выклікаць няверныя асацыяцыі. Ён выйшаў не для таго, каб прапанаваць нейкія абгрызкі, якія няма больш куды запхаць. Не, на гэтую калябарацыю ўвайшоў матэрыял, што можа спаборнічаць на роўных з усім, што кожны з 6 гуртоў запісаў дагэтуль. Мінусаў тут практычна няма, толькі некалькі драбніц, што датычацца дызайну і тэкстаў: у адным месцы зьнік умляўт, у двух другіх назва аднаго трэка напісаная з памылкай, ну і яшчэ я не зразумеў, навошта ў кавэры на BATHORY было ламаць язык аб “Лізабету Ба-то-рыыы-ю”, калі болей лёгка і трапна з гледзішча беларускае граматыкі было прасьпяваць “Альжбета Баторыя”. Але гэта рэчы, якія мала хто заўважыць. Замовіць дыск можа на Possession.



