Рэцэнзія: MERKNET – Безвременье мантии сфер

Год: 2025
Выдаўца: Ural Megalith
Рэйтынг: 8,5 / 10

Уральскі гурт MERKNET, які існуе з 2009-га, ёсьць бадай што адным з найбольш ідэйных у РФ. У яго вытокаў стаяць былыя і сучасныя ўдзельнікі, напрыклад, ВАРХХОРН і CORONA BARATHRI. З самога пачатку MERKNET сталі на шлях акультнага Black Metal, напоўненага рэлігійным фанатызмам, і застаюцца на ім па сёньня. Акультны Black Metal як глябальная зьява вычарпаў сябе яшчэ гадоў 10 таму: большасьць гуртоў гэтага стылю альбо перажыла трансфармацыю, альбо закансэрвавалася і пераўтварылася ў жудасна нудную самапародыю зь бясконцымі аднастайнымі песьнямі пра рытуалы і сефіроты, якія з роўным поспехам мог бы напісаць штучны інтэлект. Як заўсёды бывае ў гэткіх выпадках, найбольш адметныя і шчырыя творы ў стылі цяпер робяць гурты, што не прэтэндуюць на выступы ў Вакене, але сапраўды вераць у сваю справу – вось як MERKNET.

“Безвременье мантии сфер” ёсьць канцэпцыйным міні-альбомам, што складаецца з усяго трох трэкаў: уступу, асноўнай часткі і сканчэньня. Але ўсе трэкі вельмі працяглыя, таму рэліз амаль што дацягвае да “паўнафарматных” 40 хвілін. На самой справе, разьдзяленьне тут даволі ўмоўнае, бо “Безвременье…” фактычна ёсьць суцэльным творам. Гэта працяглая аніто Black Metal-малітва, аніто казань, з двух бакоў аздобленая нечым дужа мудрагелістым рытуальна-мэталічным. Прэс-рэліз апісвае альбом як “концептуальный эпос, несущий в себе ряд экспериментов и игру сложных метафорических образов”, і гэта чыстая праўда. Велізарны тэкст да адзінай тутэйшай песьні збольшага немагчыма зразумець, не залезшы ў галаву аўтара, але слухаць яго вельмі цікава, тым болей што ён дасканала пасуе да музыкі. Адно толькі кепска, што ўжо ў трэцім радку сустракаецца зусім дзіцячая арфаграфічная памылка, і гэта моцна б’е па высокім ілбе ўсёй задумкі.

“Эксперыменты” у дачыненьні да “Безвременье мантии сфер” ня ёсьць пустым словам. Альбом ствараўся з удзелам акадэмічнага ансамбля сярэднявечнае музыкі FLOS FLORUM і ягонага ачольцы Аляксандра Старкова. Гэты чалавек сам вырабляе новыя музычныя інструмэнты, і некаторыя зь іх можна тут пачуць. FLOS FLORUM выдатна зразумелі сваю задачу, стварыўшы ва ўступным і фінальным трэках вельмі незвычайнае, шматслойнае гучаньне, якое сваёй змрочнасьцю і злавеснасьцю нагадала мне DARK AGES Рамана Саенка (з той розьніцай, што тут усё жывое). Тое, што вы пачуеце, цяжка апісаць словамі. Гэткія рэчы крытычна рэдка трапляюць у мэтал. Нейкія асобныя элементы вы, безумоўна, пазнаеце, але ў настолькі высокай іх канцэнтрацыі я яшчэ не сустракаў. Гэта ня проста нейкі там “цёмны трайблавы сярэднявечны эмбіент”, а паўнавартасная музыка.

Цэнтральны трэк рухаецца марудным, але ўпэўненым крокам. Драматычныя гітары імкнуцца ў вышыню сфер, а голас вакаліста, працяты рэлігійным шаленствам, то выбухае палымяным празелітскім рэчытатывам, то зрываецца на злосны крык. Партыя бубнаў практычна не зьмяняецца ўсе 20 з паловай хвілін, а вось гітарныя канструкцыі плаўна пераходзяць адна ў адну, сінхранізуючы сябе з пераменамі ў зьмесьціве лірыкі. На працягу ўсёй песьні вы не сустрэнеце бласт-бітаў і нейкай выразнай дынамікі ўвогуле, але яна не надакучвае, бо створаная па прынцыпе дрэва. Ад караня, які ёсьць стартавым рыфам, пачынаюць расьці рыфы-галіны, якія, у сваю чаргу, даюць адгалінаваньні. Песьня праходзіцца па іх усіх. У фінале вы чуеце зусім ня тое, што ў пачатку, але агульнае адчуваньне застаецца тым жа самым, бо ўсе гэтыя рыфы спароджаныя з адзінага зерня. Няма такога эфекту, нібы вы слухаеце зусім іншую песьню, як гэта часта бывае з даўжэннымі трэкамі.

З тэхнічнага гледзішча “Безвременье мантии сфер” ёсьць больш чым кампетэнтным рэлізам. Ён на тры галавы вышэй за ўсё, што MERKNET выдавалі раней. Вядома, іншага варыянту не існавала, бо ты ж ня будзеш запрашаць цэлы сярэднявечны ансамбль, каб запісаць яго ў гаражы. Як мэталічныя, так і немэталічныя аспекты альбома гучаць выдатна. Я не знайшоў аніводнай нагоды для прэтэнзій. Дарэчы, альбом быў запісаны яшчэ ў 2018-м годзе, а зараз MERKNET рыхтуюць адразу два новых. Аб’ектыўна кажучы, “Безвременье мантии сфер” заслугоўвае найвышэйшай адзнакі. Гэта рэліз, які дасканала выконвае ўсе свае мэты, і ў мяне няма ідэй наконт таго, што ў ім можна было б выправіць. Але я выстаўляю трошкі больш стрыманы рэйтынг, бо мне здаецца, што “Безвременье…” не здатны вытрымаць выпрабаваньне часам. Як і ўсякі рытуал, гэта непаўторная і аднаразовая падзея. Яго можна слухаць другі, трэці, дзесяты раз і знаходзіць новыя нюансы – а іх тут багата – аднак гэта будзе паўтарэньнем нейкага сакральнага дзеяньня. Калі ты зьвяртаешся да вышэйшай сілы адзін раз, гэта мае вялікую каштоўнасьць. Калі ты зьвяртаешся да яе зноў і зноў з тымі ж самымі просьбамі, каштоўнасьць гэтага дзеяньня зьніжаецца. Спадзяюся, вы зразумелі аналёгію.

Фізічны рэліз ад Ural Megalith выйшаў у выглядзе дыджыбука фармата А5. Строгая манахромія, тэкст песьні, падрабязная інфармацыя пра рэліз, тэматычныя арты ад вакаліста гурта. Падрабязнасьці на відэа.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *