Год: 2024
Выдаўца: Hammerheart Records / Metal Star (тутэйшае выданьне)
Рэйтынг: 8,7 / 10
Венгерскі гурт SEAR BLISS некалі меў выдатны шанц стаць бадай што самым важным падпісантам Possession Productions. 10 гадоў таму, натхніўшыся выпускам вінілавага боксу GODS TOWER, Solemn надумаўся выдаць на вініле ўсю дыскаграфію венграў, бо SEAR BLISS ёсьць адным з улюбёных ягоных гуртоў. Я паставіўся да той задумкі з вялікай трывогай, бо знайшоў SEAR BLISS (за вылікам дэбютнага альбому і “Eternal Recurrence”) даволі нуднымі, а продажы іх дыскаў не тое каб уражвалі. Улічваючы, што вініл абавязкова мае прадавацца добра, іначай вам як лэйблу прыдзе пізда, ініцыятыва па выданьню SEAR BLISS выглядала вельмі рызыкоўнай. На шчасьце ці на гора, нам узычыў тагачасны партнёр па мерчу, які выдаў маднейшыя (без жартаў, дызайн сапраўды быў выдатны) майкі SEAR BLISS на нейкай выгаднай новай тканіне, якая памяншалася ў памерах у тры разы, калі на яе трапляла вада. Гурт, зразумела, ня дужа гэтаму ўзрадаваўся, і угода аб выданьні вінілаў ціха растаяла ў паветры.
Пасьля тых падзей я паслухаў SEAR BLISS яшчэ некалькі разоў, а потым закінуў іх, як тады здавалася, назаўжды. І таму “Heavenly Down” мяне асабліва моцна ўразіў. Калі вы раней ніколі ня слухалі SEAR BLISS, то трэба ведаць, што гэта гурт з унікальным падыходам. Ён грае атмасфэрны мэтал у вельмі старым стылі, які існаваў да ўсякіх пост-мэталаў і шугейзаў, і мае непаўторны сымфанічны элемент, бо венгры перш за ўсё выкарыстоўваюць трамбон і трубу, а не сінтэзаваны аркестр а-ля DIMMU BORGIR. Сінтэзатар у іх таксама маецца, але толькі для глыбокіх эмбіентных фрагмэнтаў. Гэта зусім не ска-панк; трубы ў SEAR BLISS гучаць вельмі сур’ёзна, урачыста і арганічна.
На працягу сваёй кар’еры венгры паступова зьніжалі градус сымфанічнасьці на карысьць эксперыментаў з гучаньнем і кампазыцыямі. Гэта дапамагло ім стаць мацней з пункту гледжаньня таго, што завецца мудрагелістым словам songwriting, але практычна залішыла ідэнтычнасьці. Аднак на “Heavenly Down” SEAR BLISS спалучылі ўсё лепшае: яны напісалі магутныя і пасьлядоўныя песьні, адкінуўшы ўсё непатрэбнае, і напоўнілі іх велічным гулам трамбона. Вынік, шчыра скажу, агаломшвае. Кожны трэк, нават інструмэнтальны, нібы просіць слухаць сябе зноў і зноў, бо зьмяшчае незьлічоную колькасьць музычных скарбаў. Хоць тут няма аніякай эксперыментальшчыны, разнастайных складнікаў у песьнях усё адно набіраецца столькі, што я ня ведаю, як гурту ўдалося прымусіць іх працаваць.
Але галоўнае нават ня гэта, а тое, што “Heavenly Down” – неймаверна прыгожы альбом. У лепшых момантах ты скрозь музыку як быццам узіраешся ў бяздоннае начное неба, усыпанае зорамі, і дыхаеш халодным сьвежым паветрам, адчуваючы на сабе ўсю спакойную моц Сусьвету. Гэта вельмі дарослая прыгажосьць, якой не ўласьцівая залішняя эмацыйнасьць. Не мая яна дачыненьня і да злавеснай цемры. Нейкім чынам адчуваньне адкрыцьця не зьнікае нават у найбольш інтэнсіўных фрагмэнтах. Тут магу паскардзіцца толькі на тое, што гурт трохі памыліўся з вокладкай. Адсылкі да папярэдніх альбомаў разумею, але трэба было вяртацца да самога пачатку, бо вокладка CD-выданьня дэма “The Pagan Winter” – гэта якраз яно. Тое, што вы чуеце ў 2024-м, было на гэнай вокладцы яшчэ ў 1997-м.
Тэхнічнае выкананьне “Heavenly Down” не пакідае нагоды для прэтэнзій. Выдатны запіс, мікс і майстэрынг (апошні рабіўся Дэнам Сванё), дзе ня проста ўсё чуваць, але й кожны інструмент мае свой характар і голас. Гітарныя сола бездакорныя, прасторавыя эфекты на іх і на клявішах гучаць фантастычна. Вокладку маляваў слынны Крыс Вэрвімп. Без перабольшаньня, гэта рэліз сусьветнага ўзроўня. Тэксты для песьняў, на жаль, я б таксама аднёс да “тэхнічных” момантаў, бо глыбокага сэнсу ў іх я не знайшоў. Гэта хутчэй такі набор містычных вобразаў, створаны толькі ў якасьці слоўнага акампанементу да музыкі. Ліцэнзійнае выданьне ад Metal Star мае буклет на 16 старонак з тэкстамі, фотаздымкамі ўсех музыкаў і ілюстрацыямі. Падрабязнасьці на відэа. Замовіць можна на Possession.