KERASFÓRA – Six Nights Beyond the Serpent’s Threshold
Год: 2024
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 8,4 / 10
Чылійскі пражэкт KERASFÓRA сваім дэбютным альбомам пацьвярджае, што своеасабовае дэма, якое ён выдаў у 2021-м, было не выпадковым. KERASFÓRA, страшна сказаць, гучыць па-сапраўднаму арыгінальна. У гэтай музыцы жыве надзвычайная адмена цемры: яна не настолькі густая і пячорная, як зараз модна, а хутчэй… калідорная. Але адначасова містычная. “Six Nights Beyond the Serpent’s Threshold” наводзіць на розум напружаныя эпізоды фільмаў жахаў, дзе героі занураюцца ў глыбіню пераходаў якога-небудзь будынку (напрыклад, псіхіятрычнай лякарні), і разумеюць, што пераходы занадта глыбокія для яго памераў, а дзесьці наперадзе, у змроку, хаваецца невытлумачальнае ліха. Адчуваньне даволі жудаснае.
Адной толькі гэтай цемры было б досыць, каб надаць альбому выбітнасьці, але гэта толькі палова справы. Другая палова – несуцішныя і нядобразычлівыя сінты ў стылі, зноў жа, фільмаў жахаў і фантастыкі 80-х. Аднак ня блытайце гэта з “рэтравэйвам”. Тут ні на каліва няма рамантыкі і душэўнасьці. KERASFÓRA выкарыстоўвае толькі вельмі канкрэтны набор звонкіх гукаў, граючы нават не на клявішах, а проста на вашых нэрвах. Гітары таксама не абы-якія. Большую частку альбома складаюць сярэднетэмпавыя, але напорыстыя і поўныя нянавісьці рыфы ў стылі раньніх CULTES DES GHOULES, што я заўсёды вітаю. Бубны, нябачны бас і безжыцьцёвы вакал на гэтым альбоме працуюць толькі як клей, які трымае ўсё гэта разам. Бліжэйшая аналёгія – самая папулярная песьня DOOR INTO EMPTINESS “Vir”.
У выніку атрымліваецца дужа няўтульны і халодны альбом, але ад яго ўсё адно немагчыма адарвацца. Можна было б яшчэ дадаць пра акустычныя аранжыроўкі і дадатковыя лініі перкусіі, награныя на нейкіх костках ці достачках, але вы ўжо мелі зразумець, што “Six Nights…” варты ўвагі. Магчыма, камусьці не спадабаецца аднастайнасьць альбому, аднак ён канцэпцыйны, таму можа так і трэба. Iron Bonehead дае годны адказ тым, хто пачаў меркаваць, што лэйбл больш не можа прапанаваць нічога цікавага і толькі крочыць торнай сьцежкай. А варта было ўсяго толькі зьвярнуць увагу на Чылі!