Рэцэнзія: BÜTCHER – On Fowl of Tyrant Wing

Год выхода: 2024
Издатель: Osmose Productions
Оценка: 8,5 / 10

Дзікі, шалёны, неўтаймаваны “666 Goats Carry My Chariot” ад бельгійцаў BÜTCHER стаў для мяне адным з найлепшых альбомаў у 2020-м. Гэта быў такі мінімальна акультураны DEATHHAMMER, перамешаны з BATHORY і MERCYFUL FATE, абліты бензінам і падпалены.

“On Fowl of Tyrant Wing” таксама зусім не расчароўвае. Падыход да музыкі тут злёгку іншы: адсотак Heavy Metal значна павялічыўся, а хуткасьць трошкі зьнізілася. Але гэта зусім нядрэнна, бо інтэнсіўнасьць засталася на мінулым узроўні. На альбоме ажно тры гітарысты, і кожнаму ёсьць што сказаць, то-бок награць. Ну і трэба адзначыць вакаліста. R Hellshrieker гучыць на 666% адпаведна сваёй мянушцы, у яго вельмі характэрны, магутны і пранізлівы і выразны голас, якім ён карыстаецца напоўніцу. Да таго ж ён яшчэ й таленавіты лірык: “On Fowl of Tyrant Wing”, страшна сказаць, ёсьць канцэптуальным творам! Зрэшты, у тутэйшым спляценьні распаленых віхурыстых гітарна-ударных партый і шалёных крыкаў гэтага можна адразу і не заўважыць. Толькі ў другой палове альбом раптам пачынае падкідаць неспадзяванкі. “A Sacrifice to Satan’s Spawn” атрымалася ледзь не балядай, на “A Gypsy’s Tale (Of Sex and Seance)” BÜTCHER раптам выдаюць пячорны мэтал сьмерці, а ад даўжэннай фінальнай песьні “An Ending in Fyre” моцна патыхае Грэцыяй: тут вам і арган, і чысты вакал, і традыцыйны элінскі стыль кампазыцый.

У выніку атрымаўся альбом, што называецца, для вуха і для духа. Ня толькі выбух жывога мэталічнага агню, але й выдатная музыка з выбітнымі песьнямі, якія дужа цікава і прыемна слухаць. Зноўку, адзін з лепшых альбомаў году. Face the Bütcher!!!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *