110-ы выпуск кароткіх аглядаў.
INTOLERANCE – Waking Nightmares of an Endless Void
Год: 2024
Выдаўца: Memento Mori
Рэйтынг: 7,9 / 10
Фантастычная вокладка, пагадзіцеся! І музыка нічога: традыцыйны Death Metal паміж фларыдскім і нідэрландскім, хоць і зроблены ў Гішпаніі. У хуткіх фрагмэнтах гучыць найвыдатна, у марудных часьцей за ўсё моцна прасядае. Але ўсё адно па выніку атрымаліваецца забойны альбом з файнымі рыфамі.
INVOCATION – The Archaic Sanctuary (Ritual Body Postures)
Год: 2024
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 8 / 10
Смуроны чорны мэтал сьмерці з глыбокіх чылійскіх крыптаў. Спалучае паўднёваамерыканскае шалёнства з дэманічнай, злавеснай аўрай старажытнага ліха. Уражвае.
CONTAMINATED – Celebratory Beheading
Год: 2024
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 7,2 / 10
Хваравіты і гідотны Death Metal з агульнапрынятым у аўстралійцаў супэрцяжкім выбуховым гучаньнем. Гэта яшчэ не ESKHATON, але гучыць магутна і жорстка, як прамысловая мясарубка. Улічвайце, што музыка зробленая паводле прынцыпаў сучаснага брутальнага Death Metal, таму тут няма родных сэрцу slayer beats.
AIVVASS – Spiritual Archives
Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise Productions
Рэйтынг: 7,7 / 10
Новае падпісаньне DSR – нямецкія думеры-тэлеміты AIVASS. Гурт спалучае млявы (у добрым сэнсе) неафолк з змрочнымі думавымі рыфамі і збольшага чыстымі сьпевамі. Атрымліваецца вытачаная цёмная музыка, якую варта паслухаць хоць бы за яе незвычайнасьць.
STENCHED – Gorging on Mephitic Rot
Год: 2023
Выдаўца: Blood Harvest
Рэйтынг: 7 / 10
Гнойны дэт-грайнд ад маладога мэксіканца. Вельмі аўтэнтычнае слізкае гучаньне і вакал, які выходзіць аднекуль з глыбіні кішэчніку. Аніякіх ебанутых сінэзатараў і сэмплаў на 5 хвілін – толькі варушэньне мэталічнай пачвары ў адстойніку гнілой плоці.