Рэцэнзія: PESTILENTIA – Heralds of Anguish

Год: 2024
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 8,5 / 10

На нашае з вамі шчасьце, нават у гэтыя паскудныя часы крыўскі мэтал працягвае існаваць і прасоўвацца наперад. Няхай сабе зь цяжкасьцямі і перашкодамі (я ведаю, колькі сілаў адабралі пошукі выдаўцы, але ж толькі гэтак гартуецца сталь!), пасьля велізарнага перапынку ў 8 гадоў, трэці альбом PESTILENTIA нарэшце выйшаў. Мне давялося паслухаць першы мікс амаль год таму, калі ў ім яшчэ не было вакалу, і ўжо тады я зразумеў, што альбом атрымаецца найлепшым у дыскаграфіі.

Як і слынны “Rotten”, “Heralds of Anguish” ствараўся ўсім сьветам. Апроч Plague666 і Eucharist’а, як паўнавартасныя ўдзельнікі над альбомам працавалі ўжо знаёмы нам Яўген Ігнатаў (на мінулым альбоме ён быў толькі сэсіёншчыкам), другі гітарыст W.W. (BONEHAMMER, VIEDŹMINY PAKUTY) і T.D. (DOOMSLAUGHTER, GOATHORNED, etc.), які ўжо граў у PESTILENTIA ў раньнія гады. Гэтым разам ён выканаў… клявішныя партыі! G.W. (GOATHORNED, SACRILEGIOUS PROFANITY, etc.) зрабіў графічны дызайн і гук, а таксама пасьпяваў на перадапошнім трэку. Максім з ДО СКОНУ зьвёў і змайстэрыў альбом. Тэксты зноў напісаў Nihilation (ŁATANU). Нарэшце, увесь артворк, як вы ўжо здагадаліся, намаляваў Ваюг.

Галоўнае музычнае адрозьненьне новага альбому ад папярэдніх запісаў я ўжо спаліў вышэй: гэта наяўнасьць клявішных партый. Памятаю, Plague666 казаў, што не выкарыстоўвае нічога, акрамя стандартнага набору рок-інструмэнтаў, бо з клявішамі кожны дурань што-небудзь запіша, а ты паспрабуй бязь іх!.. Але ж і найбольш перакананыя традыцыяналісты часам вырашаюць жити по-новому. Я мяркую, што клявішныя пайшлі PESTILENTIA толькі на карысьць. У першым міксе яны былі настолькі гучныя і выразныя, што працавалі нароўні з гітарамі, але ў фінальным іх трошкі прыглушылі. Трэба разумець, што гэта не сымфанічнасьць EMPEROR, не прымітыўнае сінтовае гудзеньне старых GRAVELAND і не якая-небудзь індустрыяльная хуйня, а штосьці вельмі злавеснае і халоднае. Калі б MAYHEM выкарыстоўвалі клявішныя на “De Mysteriis…”, яны б гучалі вельмі падобна.

“Heralds of Anguish” таксама неймаверна дынамічны. Калі “Rotten” быў даволі хаотычным, а “Where the Light Dies”, наадварот, мэтадычным і мэтанакіраваным, то новы альбом спалучае гэтыя два падыходы. У музыцы ўвесь час нешта зьмяняецца, але гэтым разам вельмі пасьлядоўна. Асноўныя падзеі адбываюцца ў гітарных партыях, якія па зразумелай прычыне моцна ўзбагаціліся. На альбоме дахалеры гітарных сола, як прыгожых і праніклівых, так і змрочна-містычных. Па насычанасьці музыкі “Heralds of Anguish” знаходзіцца на адным узроўні з лепшымі ўзорамі  міжнароднага артадаксальнага Black Metal, і пры гэтым тут няма канцэртных “крычалак” і паўз на драматычныя дэклямацыі, што вельмі добра. Гук на альбоме папросту выдатны. Зноў жа, ён нагадвае “Rotten”, толькі запісаны значна больш прафэсійна. Ён тлусты, аб’ёмісты, з вібрацыямі, шырокім дыяпазонам, але ж і даволі жорсткі. Тэксты напісаныя па прынцыпе “ад назвы”. У іх адбываецца менавіта тое, што прыходзіць вам да галавы, калі вы чытаеце назвы песьняў.

Выхад “Heralds of Anguish” (фізічны рэліз адбудзецца на DTB празь 2-3 тыдні) – гэта вельмі добры знак і прыклад для нашага зноўку раздробленага апошнімі гадамі андэграўнда. Я трошкі ведаю пра тое, у якіх няпростых абставінах стваралася гэтая плытка, але ж PESTILENTIA разам зь сябрамі давялі справу да фінала і выдалі лепшы запіс у сваёй гісторыі. У той ж самы час многія годныя музыкі, якім трэба толькі выпрастаць руку і ўзяцца за гітару, сьвядома абіраюць бязьдзейнасьць. Можна піць чужую водку, а можна яшчэ й рабіць нешта новае. У рэшце рэшт, усе мы любім паразважаць пра ідэйнасьць і адданасьць сваёй справе, але што ёсьць лепшым доказам гэтай адданасьці, як не працяг сваёй працы, нягледзячы на перашкоды?

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *