Рэцэнзія: SATAN’S HALLOW – Satan’s Hallow

Год: 2017
Выдаўца: Underground Power Records
Рэйтынг: 7,9 / 10

Нядаўна я аглядаў выдатны міні-альбом гурта MIDNIGHT DICE, а зараз вось дабраўся да фармацыі SATAN’S HALLOW, чатыры зь пяці ўдзельнікаў якой сфармавалі MIDNIGHT DICE, калі пяты ўдзельнік, гітарыст і асноўны аўтар музыкі, вырашыў завязаць з мэталам.

Нягледзячы на тое, што аўтары музыкі ў гэтых гуртах розныя, SATAN’S HALLOW і MIDNIGHT DICE гучаць вельмі блізка адно да аднаго. Розьніца збольшага тэматычная: дзе ў MIDNIGHT DICE душэўны прысмак 80-х і гонка з заходам, там у SATAN’S HALLOW уцёкі ад страшэнных спараджэньняў цемры праз зарослыя кустоўнікам могілкі. Але на музыцы гэта амаль не адбіваецца. “Satan’s Hallow” – сучасны андэграўнды хэві-мэтал: жвавы, дынамічны, яскравы. Бадай што адзінае выдатнае адрозьненьне ад MIDNIGHT DICE – у меншай “квадратнасьці” структур. Гурт праштудыраваў запаветы IRON MAIDEN і зрабіў кампазыцыі, кожны фрагмэнт якіх чапляецца за наступны, ствараючы неабходны flow. Тое, што мы любім!

У альбома таксама файны гук, якому трошкі бракуе самабытнасьці, але зусім не бракуе выразнасьці. Вельмі прыемна слухаць сучасны хэві, які не апрацавалі апілкам да поўнай гладкасьці і не залілі вадкім плястыкам. Зноў жа, асобна адзначу цудоўны напорысты вакал Мэндзі Марцільё. Калі жанчына ўмее сьпяваць мэтал, а не галасіць оперу або сьмешна хрыпець, гэта заўсёды гучыць лепей за будзь які мужчынскі вакал, вось што я вам скажу. Гледзячы па старонцы на Bandcamp і коштах на фізічныя выданьні “Satan’s Hallow”, можна ўпэўнена сказаць, што гурт меў шалёную падтрымку, якую я знаходжу цалкам заслужанай.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *