108-ы выпуск кароткіх аглядаў.
ULVEHUNGER – Retaliation
Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise Productions
Рэйтынг: 6,6 / 10
Цудоўны германскі лэйбл Darkness Shall Rise, падняўшыся на фантастычна якасных касэтных перавыданьнях рознай клясыкі, у мінулым годзе вырашыў пашырыць сваю дзейнасьць і стаць паўнавартасным выдавецтвам. Шчыра кажучы, пакуль што ўласныя падпісанты DSR ня надта натхняюць. Вось, напрыклад, ULVEHUNGER: гурт, складзены з ветэранаў нарвэскае сцэны (удзельнікі CADAVER і DISGUSTING), дзе на бубнах грае сам Frost з SATYRICON. На словах магутна (калі цытаваць ілжывы прэс-рэліз, “у традыцыях CARPATHIAN FOREST, DARKTHRONE або GORGOROTH”), а на справе ня надта. “Retaliation” больш за ўсё нагадвае якраз SATYRICON у яго найбольш нуднай і гаўнянай ітэрацыі, то-бок узору 2000-х. Шчырага мэталу тут, бадай, будзе паболей, але адчуваньні прыкладна тыя ж самыя. Высокаякасная пыхлівая нудота.
WARMOON LORD / VULTYRIUM – Pure Cold Impurity
Год: 2020
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 7,9 / 10
Спліт двух фінскіх гуртоў, якія маюць вельмі падобны падыход да Black Metal: грандыёзны, сымфанічны, пафасны, з ухілам у фэнтэзійную эстэтыку. Памятаю, я знайшоў альбом WARMOON LORD “Battlespells” перанасычаным, а вось на спліце ўсё атрымалася як мае быць: таксама інтэнсіўна, але не занадта. Калі параўноўваць з калегамі па стылю, WARMOON LORD гучыць бліжэй да VARGRAV, а VULTYRIUM – да сумесі старога і сучаснага SATANIC WARMASTER. Вельмі добра.
BLOODY APOSTLES – Bloody Apostles
Год: 2023
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: essentially expendable
Гурт BLOODY APOSTLES быў заснаваны ажно ў 1989-м годзе з шляхетнай мэтай: запісаць сумесны рэліз з GG ALLIN. У выніку нічога не атрымалася, а гурт разваліўся, але ў 2020-х адрадзіўся зноў. Нас тут перш за ўсё цікавіць удзел Пола Ледні (PROFANATICA, HAVOHEJ) – ён грае на бубнах. Па форме гэта хардкор-панк, да якога я цалкам абыякавы, але рэліз доўжыцца 9 з паловай хвілінаў, таму надакучыць не пасьпявае і дорыць пэўную дозу бадзёрасьці.
DEMONIO – Reaching for the Light
Год: 2023
Выдаўца: Helter Skelter Productions
Рэйтынг: heavy dose
Я ня ўпэўнены, як гэты рэліз патрапіў у кампанію маіх лічбавых промак – хутчэй за ўсё, дзякуючы цыцкам на вокладцы. Як для мяне, гэта адзінае, што ёсьць цікавага на “Reaching for the Light”. Клясычны стоўнэр-дум знаходзіцца настолькі далёка ад сферы маіх інтарэсаў, што яго не разгледзіш без тэлескопа. Аддаю належнае, альбом гучыць выбітна менавіта ў гукавым пляне. Вельмі цікава разбірацца, як тут усё ўладкавана. У астатнім – дум і дум. Даволі сьветлы, рытмічны і “рокерскі”, амаль што без усякай інфернальшчыны. Слухаць можна.
FLAGELADÖR – Culto aos Decibéis
Год: 2024
Выдаўца: Helldprod Records
Рэйтынг: 7,4 / 10
Папярэдні альбом FLAGELADÖR быў можа й ня самым выбітным, але карысным для душы і вуха старажытным мэталам. На новай плытцы гурт трошкі зьмяніўся, стаўшы гучнейшым і зьлейшым. Празь гэта ён часам нагадвае MIDNIGHT, але, на шчасьце, гэткія моманты заўсёды нядоўгія. У астатнім FLAGELADÖR па-ранейшаму цягнецца да клясычнага Heavy Metal, што гэтым разам выяўляецца ня толькі праз гітарныя сола, але й праз вакальныя партыі. Арманда Exekutor менш крычыць і больш сьпявае, часам нават фальцэтам. Зноў жа, як і папярэднік, “Culto aos Decibéis” далёка не наймацнейшы альбом у сьвеце, але слухаць яго прыемна і цікава.