Рэцэнзія: SARCASM – Mourninghoul

Год: 2024
Выдаўца: Hammerheart Records / Metal Star (тутэйшае выданьне)
Рэйтынг: 7 / 10

Швэдзкі гурт SARCASM вядомы многім слухачам ня столькі за сваю музыку, колькі за тое, што ён быў часткай раньняй швэдзкай Death Metal-сцэны і запісаў свой дэбютны альбом у 1994-м, але разваліўся, не пасьпеўшы выдаць плытку. Той самы “Burial Dimensions” у выніку быў выданы шмат разоў у розных варыянтах, а гурт адрадзіўся ў 2015-м і пасьпеў запісаць ужо 4 паўнафарматных плыткі. Нічога з гэтых запісаў я ня слухаў, таму “Mourninghoul” стаў маім знаёмствам з музыкай SARCASM.

На гэтым альбоме SARCASM граюць даволі распаўсюджаны ў іхняй краіне “чарнаваты” Death Metal. У тэхнічным пляне Death Metal-складнік відавочна арыентуецца на паўднёва-заходнія (адносна Швэцыі) краіны Эўропы, але існуе ён выключна швэдзкай прасторы цемры разам з NECROPHOBIC, DISSECTION, UNANIMATED і гэтак далей. Цемра ствараецца за кошт шматлікіх аранжыровак, хмурных клявішных партый і ўсякіх дробных элементаў. Каб вы разумелі, ад клясычнага швэдзкага Death Metal тут няма бадай што нічога. Вакал высокі, зьмяіна-сіпаты, гітарны гук стоадсоткава нямецкі ці амерыканскі, а пра прыпанкаваны рытм бубнаў не можа быць нават гаворкі. Затое дахалеры бласт-бітаў, маладзецкіх цёмных сола ды цяжкіх, брутальных марудных рыфаў. Сольныя партыі гучаць сапраўды грандыёзна, гэта лепшае, што ёсьць на альбоме.

Як мне падалося, ад сваіх таварышаў па стылі SARCASM адрозьніваюцца перш за ўсё тым, што для іх музыкі падмуркам ёсьць менавіта Death Metal, а не замаскіраваны Heavy Metal, як гэта часта бывае з швэдамі. І таму яны таксама тэхнічнейшыя за ўсе падобныя гурты, якія прыходзяць мне на розум. Я б сказаў, што ўсе гэтыя цёмныя элементы ім ня надта і патрэбныя. Што датычыцца песьняў, то яны роўныя і якасныя, не болей за тое. Вызначыць няма чаго. Гэта сумна, але іншага я не чакаў. Увесь альбом такі ж самы – роўны і якасны.

Фізічнае выданьне ад Metal Star мае 8-старонкавы буклет з усімі тэкстамі і, як звычайна, бонусны стыкер. Падрабязнасьці на відэа. Замовіць можна на Possession.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *