Рэцэнзія: AVMAKT – Satanic Inversion of….

Год: 2024
Выдаўца: Peaceville Records
Рэйтынг: 8 / 10

Раптоўны анонс і выпуск дэбютнага альбому AVMAKT на Peaceville ёсьць бадай што першай за доўгія гады спробай прапанаваць нешта вартае ўвагі ў межах нарвэскага Black Metal. Аўдыторыя ў Інтэрнэце імгненна выдала сваё меркаваньне, якое зьмяшчаецца ў адной фразе: “Большы DARKTHRONE за саміх DARKTHRONE”. І я з гэтым цалкам згодны.

“Satanic Inversion of….” цяжка назваць папросту шчырым пасьлядоўнікам творчасьці DARKTHRONE, бо гэта і ёсьць DARKTHRONE, толькі награны іншымі людзьмі. Людзі тут не апошнія: удзельнікі цудоўных андэграўндных гуртоў BLACK VIPER, BLACK MAGIC, OBLITERATION, FLIGHT. Адзін зь іх таксама граў у GOUGE – наймагутнейшым, але страшэнна недаацэненым грайндкоравым дуэце, што выдаў свае два рэлізы празь Hells Headbangers. Па вышэйпералічаных гуртах зразумела, што хлопцы з AVMAKT дасканала ўмеюць браць усё лепшае ад розных жанраў музыкі мінулых эпох і ўвасабляць на іх аснове нешта сваё – зусім не новае і не арыгінальнае, але жывое і настальгічнае. На “Satanic Inversion of….” гэта атрымалася геніяльна, бо ён на ўсе 100% гучыць як страчаны альбом, запісаны дзесьці паміж “Panzerfaust” і “Ravishing Grimness”. Калі падсунуць яго несьвядомаму фанату DARKTHRONE і сказаць, што яны нарэшце вырашылі вярнуцца да свайго старога Black Metal, ён не заўважыць падмены. Падабенства амаль што дасканалае, за вылікам дробных адрозьненьняў у вакале ды занадта роўнага, як для DARKTHRONE, граньня.

Ці добра, што існуюць вось гэткія гурты, якія папросту паўтараюць усё за сваімі натхняльнікамі? Напэўна, не, бо заўсёды хочацца большай арыгінальнасьці, таму я і паставіў альбому 8 балаў з 10. Зь іншага боку, не будзьма сябе падманваць: сотні гуртоў у гэтым сьвеце ахвотна б запісалі нешта падобнае, калі б мелі належны талент. Таму, калі пра арыгінальнасьць вы не дбаеце, а папросту хочаце яшчэ трошкі старога DARKTHRONE, абавязкова зьвярніцеся да AVMAKT.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *