106-ы выпуск кароткіх аглядаў.
MIDNIGHT DICE – Hypnotized
Год: 2020
Выдаўца: Underground Power Records
Рэйтынг: 7,6 / 10
Тут у нас міні-альбом ад штатаўскага Heavy Metal-гурта з жаночым вакалам. Кожны ўдзельнік MIDNIGHT DICE мае за плячыма даволі багаты спіс неблагіх андэграўндных банд як у клясычных, так і ў экстрэмальных накірунках мэталу – пералічваць ня буду, бо іх забагата. Стыль MIDNIGHT DICE даволі просты; тут няма мудрагелістых канструкцый у 6 гітар ці акустычных інтэрлюдый, на працягу якіх забываешся, пра што была песьня. Сечаныя рыфы, “квадраты”, добрыя сола ў належных месцах, а таксама яркае гучаньне, выдатны вакал і душэўная аўра 80-х – вось што можа прапанаваць “Hypnotized”. Песьня “Starblind” ёсьць стоадсоткавым хітом!
SLAVIA – Echo pradawnej wiary
Год: 2023
Выдаўца: Werewolf Promotion
Рэйтынг: 6 / 10
Тое, што польскія музыкі працягваюць падтрымліваць паганства і перадаваць дух сваёй зямлі праз мэтал – добра. Кепска тое, што далёка не ва ўсякай форме гэта працуе паспяхова. Вось, напрыклад, малады пражэкт SLAVIA, які сьпявае на тэмы, старыя, бы сама Польшча, гучыць вельмі інтэнсіўна і настолькі напружана, што, здаецца, зараз лопне, як напятая струна. Нават падчас інтэрлюдый. І мне неяк цяжкавата зразумець, як усё гэта спалучаецца з “адраджэньнем славянскае веры”. Гурту NORTH, напрыклад, было дазволена калашмаціць бясконцыя бласт-біты, бо яго гучаньне дыхала глыбокай старажытнасьцю. SLAVIA гучыць вельмі сучасна, стандартна, і большая частка музыкі пражэкта таксама можа быць асновай хоць для злоснага паганскага мэталу, хоць для артадаксальнага Black Metal. Нічога цікавага я тут не знайшоў, хоць бачна, што чалавек стараўся і дбаў, аддаю яму належнае.
FROSTY TORMENT – Death in Icy White
Год: 2022
Выдаўца: Stronghold Music
Рэйтынг: 6,4 / 10
FROSTY TORMENT таксама паходзіць з Польшчы. На гэты пражэкт я зьвярнуў увагу праз тое, што вокладку для яго маляваў Tern. Відавочна, гэта сольная творчасьць, запісаная на хатняе студыі, бо ўсё гучыць даволі паскудна, а рытм задае драм-машына. Сваёй немудрагелістай задачы – стварыць вобраз пакутаў і сьмерці сярод бязлітасных ледавікоў – FROSTY TORMENT дае рады. Музыка пражэкта моцна састарэла (у кепскім сэнсе), але, у адрозьненьні ад вышэйапісанай SLAVIA, дзе ўсё зроблена значна лепей, яна больш-менш працуе.
GOATKRAFT – Prophet of Eternal Damnation
Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Пра GOATKRAFT я аднойчы ўжо пісаў. Гэты нарвэскі гурт без усякага сораму выступае ў якасьці падмены BLACK WITCHERY, пакуль тыя займаюцца немаведама чым. Гэтым разам нарвэжцы зрабілі сабе вокладку ў стылі PROCLAMATION, але ў астатнім сутнасьць не зьмянілася. Вядома, у GOATKRAFT няма й паловы таленту і таго жывёльнага, прыроджанага пачуцьця правільнасьці, уласьцівага для BLACK WITCHERY, але, як кажуць у народзе, калі няма рыб, добры і грыб. Сваю казліную справу хлопцы робяць старанна. Мая прэтэнзія застаецца той ж самай, і датычыцца яна вакаліста / гітарыста. Ну навучыся ж ты ўжо РАЎЦІ, ДРАЦЬ ГАРЛО, каб быў поўны INFERNO OF SACRED DESTRUCTION, а ня нейкі там паўшышачны eternal damnation!
VÖMITT – Speed Metal Shock
Год: 2023
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7,5 / 10
Напрыканцы пра вечныя каштоўнасьці. Малады румынскі дуэт VÖMITT год таму вырыгаў свой дэбютны EP “Speed Metal Shock”. Што б гэта магло быць? Брудны, мурзаты, нібы выпэцканы сажай спідануты мэтал пра цыцкі і Шатана, вядома! У мяне чамусьці склалася ўражаньне, што хлопцы ня надта доўга стваралі гэты запіс, але ўсё атрымалася выдатна. Асабліва адзначу гульню тонаў бас-гітары, найпрасьцейшую тэхніку, якую мы памятаем яшчэ па “Die in Fire”, і абавязковую для гэтага стылю. Зь ёй нават сціплы румынскі гурт можа на некалькі хвілін стаць побач з BATHORY і VENOM, а безь яе часьцей за ўсё атрымліваецца гаўно кшталту MIDNIGHT. Румыны вырашылі быць ВАНІТАМІ, а не гаўном, і гэта быў верны выбар!