105-ы выпуск кароткіх аглядаў.
GHASH – Ordinance
Год: 2024
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 7,9 / 10
Нагадаю чытачам, што GHASH ёсьць зусім юным ва ўсіх сэнсах гарадзенскім гуртом, заснаваным усяго некалькі месяцаў таму. Але гэта ўжо другі ягоны рэліз (пра першы можна трошкі пачытаць тут). Хлопцы працягваюць развіваць свой сярэднявечны эпічна-атмасфэрны мэтал, і тое, што я чую, мне з кожным разам падабаецца ўсё больш. Гэта той выпадак, калі ўсё зроблена вельмі бюджэтна і вельмі традыцыйна, але з выбітным – ня ведаю, ці сьвядомым, ці інстынктыўным – разуменьнем і адчуваньнем. Напрыклад, у першым трэку ёсьць невялічкія фрагмэнты ў стылі BURZUM, літаральна пара акордаў, і ў іх хаваецца больш сэнсу, ніж у цэлых песьнях некаторых гуртоў. Слухаючы “Ordinance” я зноў пачуваюся як у 18-19 год, калі новая музыка па-сапраўднаму глыбока кранала мяне на падсьвядомым узроўні. GHASH можна крытыкаваць, але рабіць гэтага неяк зусім не хочацца, бо тут ё магія. І не толькі магія, але й выдатная музыка. Проста паслухайце.
…І ўсё ж не ўстрымаюся. Калі верыць старонцы на Bandcamp, гурт вырашыў пераназвацца ў TURRIS OBSCURA. Вельмі недальнабачнае рашэньне, бо лацінамоўныя назвы ў будзь якога абазнанага мэталіста асацыююцца з прэтэнцыйным нудным гаўном. Назваліся б ужо тады CIOMNAJA VIEŽA, як мае быць у Крыўі.
SUMMONING DEATH – A Traumatic Night of the Creeps
Год: 2023
Выдаўца: Chaos Records
Рэйтынг: 8 / 10
Сьвежазабіты EP мэксіканскага гурта, які грае Horror Death Metal у добра вядомым вам стылі такіх актаў, як BLOODBATH, THE GROTESQUERY, VOMITORY і г.д. У адрозьненьні ад падобных калектываў з найбольш заможных краін сьвету, мэксіканцы падыходзяць да сваёй справы вельмі сур’ёзна. Тут няма натужнага чорнага гумару, злосных забавак, танцаў на костках. Музыка, хоць і вельмі жвавая, прасякнутая цяжкім, смуродным, напружаным адчуваньнем кашмарнага жаху, як і мае быць у гэтым жанры. Асабліва адзначу цалкавіта швэдзкі бензапільны гук гітар і наймагутнейшую вакалістку, якую я б па манеры рыку параўнаў з самім Джорджам Фішэрам. Любоў SUMMONING DEATH да Швэцыі падкрэсьліваецца таксама двума кавэрамі: на старажытны падзямельны гурт TRAUMATIC і на ўсім вядомых EDGE OF SANITY.
WINDARK – Wildergrave
Год: 2024
Выдаўца: самастойнае выданьне
Рэйтынг: 8 / 10
Штатаўскі паклоннік WALKNUT працягнуў сваю дзейнасьць пасьля 6-гадовага перапынку, і за гэты час уплыў WALKNUT на ягоную музыку амаль увесь павывятрыўся. “Wildergrave” атрымаўся вельмі нясьпешным, задуменным атмасфэрным мэталам, дзе ўсю музыку вядуць нават не гітары, а клявішныя. Па форме гэта бліжэй да першай хвалі атмасфэрнага мэталу хатняга вырабу, па духу да старых WOLVES IN THE THRONE ROOM (мінус гейшчына). Як і раней, аўтар, магчыма, не валодае дарагім музычным рыштункам, але мае глыбокае разуменьне музыкі, якую грае, таму “Wildergrave” зацягвае ў сябе зь першых хвілін і не адпускае да самага фіналу, нягледзячы на зьнешнюю простасьць. 25 хвілін цёмнага спакою і адчужанасьці. Як заўсёды, рэліз можна забраць задарма на Bandcamp.
WANDERER – Awakening Force
Год: 2020
Выдаўца: Helldprod Records
Рэйтынг: 7 / 10
Heavy Speed Metal з Партугаліі. Нічога такога, што мы ня чулі раней, але цудоўны гук WANDERER дасьць фору нават падпісантам Dying Victims Productions. Для фанатаў RUNNING WILD, RAZOR, IRON ANGEL і сапраўднага старога мэталу!
AVSKRÄDE – Awakening Force
Год: 2023
Выдаўца: Purity Through Fire
Рэйтынг: 6,66 / 10
Надзіва прымітыўны (у станоўчым сэнсе) швэдзкі Black Metal. Па зьмесьціву і гучаньню нагадвае старых DARKTHRONE. На жаль, швэды ўсё ж не ўтрымаліся і паспрабавалі стварыць дынаміку (такую, дзе пасьля хуткага трэку ідзе марудны, а потым сярэднетэмпавы, а потым гурт раптам дадае партыю-лід гітары для глыбіні гучаньня, і гэтак далей), і гэта ўсё моцна папсавала. Дурная музыка не працуе ў тых формах, дзе ў слухача ёсьць час падумаць пра яе склад. Яго належыць лупцаваць па галаве няспынна, і няхай ваш альбом будзе доўжыцца 27 хвілін замест традыцыйных 40, затое слухач застанецца агаломшаны і задаволены. Выключэньні, вядома, існуюць, але я гатовы паразмаўляць пра іх толькі пасьля таго, як AVSKRÄDE напішуць трэк на ўзроўні “To Walk the Infernal Fields”.