Рэцэнзія: WINDSWEPT – Der eine, wahre König

Год: 2024
Выдаўца: Primitive Reaction
Рэйтынг: 7,7 / 10

WINDSWEPT ёсьць бадай што найбольш непрадказальным пражэктам Рамана Саенка. Пры тым, што аснова музыкі застаецца амаль нязьменнай, кожны рэліз падыходзіць да яе зь іншага боку. Дэбютны альбом, запісаны ў выніку імправізацыі на студыі, трошкі нагадваў пра мёртвы на той момант HATE FOREST і, будучы ў добрым сэнсе даволі неахайным, гучаў вельмі сьвежа на тле DRUDKH, музыка якога тады ўжо стала даволі прафэсійнай. Геніяльны EP “Visionaire”, які я не стамляюся слухаць і ўсхваляць, павяртаў нас да гіпнатычных цёплых шпацыраў у стылі вялікага “Forgotten Legends”. Другі альбом, “The Onlooker”, атрымаўся адным з слабейшых твораў Рамана, і гучаў як няўдалая спроба загнаць хаотычную натуру гурта на кніжныя старонкі.

Новенькі “Der eine, wahre König” спалучае традыцыйна высокую хуткасьць і інтэнсіўнасьць музыкі WINDSWEPT з трывалай пасьлядоўнасьцю больш разьмераных твораў Саенка. Усе фрагмэнты, зь якіх складаюцца песьні, вельмі моцна счэпленыя паміж сабой, і гэта дужа добра, бо “flow” – найважнейшая якасьць будзь якога здаровага музычнага жанру. Першыя два трэкі гучаць у стылі паўнафарматных альбомаў WINDSWEPT (бласт-біты і гітарная завіруха), толькі больш спарадчана. Трэці трэк зьніжае тэмп прыкладна на 1/5, ну а апошні дорыць тое, на што мы заўсёды спадзяемся ад Рамана: рытмічны, збольшага нетаропкі атмасфэрны мэтал з найглыбейшым пачуцьцём шчырай мэлянхоліі. Песьня “Jedes Todes Lohn” нагадвае нават не матэрыял з “Visionaire”, а “Пригорща зірок” DRUDKH, бо месцамі гучыць надта падобна і мае характэрны выразны бас.

Але найбольш адметнай асаблівасьцю гэтага рэліза ёсьць тое, што на ім працуюць два запрошаных вакаліста. Першыя два трэкі выконвае Wintherr (PAYSAGE D’HIVER, DARKSPACE), другія два Meilenwald (THE RUINS OF BEVERAST, экс-NAGELFAR). Калі не ўлічваць OLD SILVER KEY, што з самага пачатку ствараўся пад пабочнага вакаліста, гэта першы рэліз у гісторыі гуртоў Саенка, дзе сьпяваюць ня ён сам і ня Thurios. Задумка цікавая, хоць, маім меркаваньнем, абодва вакалісты не зусім прыдатныя для гэткай музыкі. Wintherr у сваёй традыцыйнай манеры крычыць незразумела што зь нейкага пагорку за кілометр ад месца падзей, а Meilenwald, наадварот, гучыць ажно занадта добра; па-нямецку старанна і машынальна. Дарэчы, мова тэкстаў тут таксама выключна нямецкая, а прысьвечаныя яны Сьмерці, якая ёсьць адзіным, сапраўдным Каралём.

У выніку маем вельмі неблагі і цікавы міні-альбом. Вядома, хацелася б, каб ён увесь складаўся з трэкаў, падобных да “Jedes Todes Lohn”, але й у гэткім выглядзе ён робіць карысны ўнёсак у багацейшую дыскаграфію Рамана Саенка. У фізічным выглядзе рэліз зьявіўся ва ўсіх фарматах на фінскім Primitive Reaction.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *