Год: 2024
Выдаўца: Nuclear Blast Records
Рэйтынг: 8,4 / 10
Што ні кажы, а ўсё ж музыкі хоць час ад часу маюць галадаць (як у простым, так і ў пераносным сэнсе), каб зноў адчуць смак да ўласнае творчасьці. “The Ghost of Orion”, які ствараўся ў той час, калі дачка Эрана Стэйнторпа хварэла на рак, быў напалову нейкім эмбіентам, затое другая палова зьмяшчала ледзь не найлепшыя песьні за ўсю гісторыю гурта. Падчас запісу “A Mortal Binding” унутры калектыва ўзьніклі нейкія новыя праблемы, і ў выніку яны прывялі да таго, што MY DYING BRIDE скасавалі некалькі тураў і паставілі сваю дзейнасьць на невялікую паўзу. Эран нават упершыню ў жыцьці стаў паўнавартасным удзельнікам іншага гурта – гатычнага HIGH PARASITE.
Але – вось дзіва – менавіта ў гэты турботны перыяд MY DYING BRIDE запісалі свой наймагутнейшы альбом прынамсі за апошнія 20 гадоў! Як і ўсе старыя банды, MDB у пэўным сэнсе ёсьць закладнікамі сваёй ранняй дыскаграфіі: ад іх вечна чакаюць вяртаньня да стылю “Turn Loose the Swans” і “The Angel and the Dark River”. Вядома, гэта немагчыма, аднак “A Mortal Binding” – найбліжэйшае да тых альбомаў, што могуць сёньня прапанаваць брытанцы. Старамодныя партыі скрыпкі, духавых, клявішных і сола-гітары пазнаюцца адразу на нейкім падсьвядомым узроўні (магчыма, справа ў прыходзе новага гітарыста). Кароткія Death Metal-секцыі ўвогуле настолькі квадратныя, што адсылаюць ажно да “As the Flowers Withers”.
Пры гэтым агульная стылістыка выкананьня нагадвае пра плодны перыяд 1996-2009. Песьні ўжо не настолькі эпічныя, але дужа дынамічныя. Эран сьпявае і прамаўляе на розныя лады, як рабіў раней. Нават гук атрымаўся вельмі прыстойным, асабліва на тле таго підарскага “прадакшна”, што мы былі вымушаныя слухаць на “The Ghost of Orion”. Студыя тая ж самая, гукаінжэнер той жа самы, але розьніцу можна пачуць адразу. Кожная песьня мае свае моцныя бакі і выбітныя (а таксама знаёмыя) моманты. Некаторыя, як “Unthroned Creed”, быццам прыйшлі з рэкорд-сэсій “The Dreadful Hours”.
“A Mortal Binding” пакідае толькі станоўчыя ўражаньні. Гэта сапраўды магутны альбом, на якім няма слабых месцаў, няма трэкаў-філераў, няма выенчанасьці – карацей, усяго таго, што псавала рэлізы MDB, пачынаючы прыкладна з “A Line of Deathless Kings”. Калі здарыцца найгоршае, і гэты альбом стане апошнім у дыскаграфіі гурта, за такі фінал анікому не будзе сорамна.
Фізічны варыянт альбома на CD мае даволі стылёвы гатычна-пахавальны буклет з усімі тэкстамі, выкананымі ў гэтай жа самай стылістыцы (агульнай канцэпцыі я, прызнацца, не зразумеў, але яна там ёсьць). Выглядае нядрэнна, адзіная прэтэнзія – кашмарна пікселізаваны крыжык пад дыскам. Недаглядзелі. Падрабязнасьці на відэа.