Рэцэнзія: DEICIDE – Banished by Sin

Год: 2024
Выдаўца: Reigning Phoenix Music
Рэйтынг: 7,4 / 10

У 2018-м годзе DEICIDE зрабілі вялікую памылку, запрасіўшы ў склад гітарыста MONSTROSITY Марка Інгліша, які зафаршмачыў сваім цукрова-мядовым стылем і без таго ня надта моцны матэрыял. Улічваючы, што альбом 2013-га году таксама быў не залішаны пэўных элементаў стагнацыі, я пакінуў надзею на тое, што адзін з самых важных для мяне асабіста Death Metal-гуртоў павернецца на былы ўзровень.

Цуду не адбылося, але за мінулыя 6 гадоў DEICIDE зрабілі шырокі крок наперад. Фактычна, гэта здарылася дзякуючы адзінаму рашэньню: замяніць інфантыльнага Інгліша на адносна маладога гітарыста швэдзкага паходжаньня Тэйлара Нордберга. Тэйлар ёсьць хлопцам гіперактыўным, удзельнікам мноства пражэктаў (сярод іх больш-менш вядомыя INHUMAN CONDITION і RIBSPREADER), мультыінструмэнталістам і нават трошкі гукаінжэнерам. Паводле інтэрвію з Гленам і Стывам, ён адразу ж заразіў DEICIDE сваёй энергіяй, і гэта сапраўды адчуваецца. “Banished by Sin” гучыць па-сапраўднаму жыва, натхнёна. Ледзь не ўпершыню ў гісторыі DEICIDE стваралі песьні ўсім гуртом: нават Глен напісаў пару трэкаў, чаго не рабіў, бадай, з часоў “Legion”. Тэйлар прымаў ва ўсіх працэсах найактыўнейшы ўдзел, нават дапамагаўшы Глену пісаць тэксты.

“Legion” узгадваецца ў кожным анонсе новага матэрыялу ад DEICIDE як адпраўны пункт, але за ўсе гады я чуў хіба што нейкія далёкія адгалоскі. Аднак “Banished by Sin” сапраўды ёсьць найбліжэйшым да “Legion” альбомам DEICIDE, прынамсі пасьля сыходу Хофманаў. Трэба адзначыць, што Нордберга ў першую чаргу запрашалі дзеля таго, каб ён адыграў з DEICIDE туры, прысьвечаныя 30-годьдзю “Legion”, а далей усё склалася найлепшым чынам. На жаль, у “Banished by Sin” няма таго д’ябальскага шалёнства, але рытмічныя канструкцыі (асабліва ў песьнях Нордберга) вельмі аўтэнтычна рэпрадукуюць стары стыль DEICIDE. Трэк “Ritual Defied”, напрыклад, шмат у чым паўтарае “Bastard of Christ”. Таксама на альбоме вельмі добрыя сола, якія заўсёды да месца.

Слабым бокам “Banished by Sin” ёсьць, уласна, ветэраны. Глен нават з усімі дадатковымі вакальнымі трэкамі гучыць неяк абыякава, а Стыў грае занадта марудна. Празь гэта на альбоме атрымалася ўсяго 2 ці 3 хуткія трэкі, астатняе выканана ў нуднаватым сярэднім тэмпе. Бласт-біты ў пляне магутнасьці, хуткасьці й інтэнсіўнасьці і блізка не стаялі побач з тым жа “The Stench of Redemption”, напрыклад.

Новы альбом бадай што ёсьць максімумам, на які здольныя сучасныя DEICIDE. Гэта жвавы, яркі твор, але ў той жа час даволі аднастайны і залішаны дынамікі. Каб адчуць гэта, праслухайце “Angels of Hell” з альбома “To Hell With God”. Ці нават “Beyond Salvation” з альбома “In the Minds of Evil”. Гучаньне больш-менш тое ж самае, але нічога падобнага на “Banished by Sin” вы ня знойдзеце. Гэты альбом ёсьць якасным прадуктам творчасьці – вось як.

Вокладка альбома ўжо пасьпела нарабіць шуму ў Інтэрнэтах. Тут я адназначна далучаюся да крытыкаў. Задумка з рэпрадукцыяй вокладкі дэбютнага альбому неблагая, але AI-выкананьне выглядае так, нібыта гэтую выяву нехта насраў, а потым прасцаў уздоўж і ўпоперак, каб надаць абрысы. Зрэшты, гэтак выглядае ўвесь штучнаінтэлектуальны “арт”. Што датычыцца ўнутранага зьмесьціва буклета, то там усё па стандартах індустрыі – тэксты ды фотка пасярэдзіне. Падрабязнасьці на відэа.

DEICIDE - Bury the Cross...With Your Christ (OFFICIAL VIDEO)

DEICIDE - Sever The Tongue (OFFICIAL VIDEO)

DEICIDE - From Unknown Heights You Shall Fall (OFFICIAL VIDEO)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *