Год: 2024
Выдаўца: Darkness Shall Rise Productions
Рэйтынг: клясыка
Расчараваўшыся ў HELLBUTCHER, я вырашыў не хадзіць далёка і адразу зьвярнуцца да сьвежага зборніку NIFELHEIM “Unholy Death”, выданага Darkness Shall Rise пару тыдняў таму. Зборнік зьмяшчае дэма 1993-га году, але гэта ня простае перавыданьне. Справа ў тым, што з тых сэсій на арыгінальную касэту патрапіла толькі 4 трэкі агульнай працягласьцю ў 14 хвілін. Цяпер мы ўпершыню ў гісторыі можам азнаёміцца з усім матэрыялам: гэта 4 ужо знаёмыя трэкі, 4 раней нявыданыя, а таксама кавэры на MOTÖRHEAD і BATHORY. Усяго 37 хвілін.
“Unholy Death” амаль што цалкам паўтарае склад дэбютнага альбому (1994), але ў дэма-варыянце песьні гучаць больш цёмна і злосна. Гэта грубая сумесь д’ябальскай клясыкі BATHORY з прыёмамі раннескандынаўскага Black Metal. Вы напэўна ведаеце, што музыка NIFELHEIM заўсёды існавала дзесьці паміж 1985-м і 1992-м гадамі, але на “Unholy Death” яна час ад часу падбіраецца на адлегласьць дотыку да, напрыклад, дэма-запісаў ENSLAVED ці там EMPEROR. Тут ёсьць халодныя трэмольныя рыфы і нават нейкія музычныя ландшафты, нехарактэрныя для пазьнейшай творчасьці швэдзкіх братоў. Усё дзякуючы вельмі базавай працы над гукам; можна пачуць, што “Unholy Death” ёсьць даволі крывым, шумным, але менавіта дэма, а не гаражным рэпетыцыйным запісам.
Якасьць выкананьня, трэба сказаць, ня надта адрозьніваецца ад альбомнага варыянту. Вядома, тут няма аранжыровак, а гук зьядае ўсе высокія і нізкія чашчыні, але хлопцы граюць даволі роўна. Іхныя навыкі можна ацаніць па кавэрах: абодва трэкі награныя амаль без памылак. Дарэчы, ледзь не забыўся пра найважнейшы факт. Гэта тое самае дэма, дзе грае першы гітарыст NIFELHEIM, Morbid Slaughter, якога пасьля запісу дэма турнулі з гурта за тое, што ў яго завялася дзяўчына!