Год: 2021
Выдаўца: Werewolf Promotion / Stronghold Music
Рэйтынг: 7 / 10
Польская фармацыя GOLFARON праіснавала прыкладна 3 гады, выдаўшы два рэлізы на перавале тысячагодьдзяў. Сярод яе ўдзельнікаў музыкі нуднаватага гурта OLD LESHY і SUNWHEEL. На дадзены зборнік патрапілі як прома “Posród prastarych kniei” (1999), так і дэма “Odwieczna pieśń lasu” (2000). Праслухаўшы ўсё, я магу афіцыйна заявіць: гэта, напэўна, апошнія запісы з аўтэнтычным духам і гучаньнем Старой Польшчы, то-бок The Temple of Fullmoon і Dąb i Orzeł.
Па музыцы на “Odwieczna pieśń lasu” GOLFARON больш за ўсё нагадвае NORTH дэма-перыяду. Гурт часта імкнецца граць хутка і інтэнсіўна, актыўна выкарыстоўваючы акустычныя інтэрлюдыі, але робіць гэта вельмі крыва. Асабліва выдаецца бубнач, які дзяўбе абы куды і рэдка трымае сталы рытм на працягу болей 2 секунд. Да NORTH адсылае таксама графічны дызайн дэма-касэт, на які можна паглядзець у буклеце (дызайнам займаўся якраз Sirkis). Павольныя трэкі даліся гурту значна лепей. У іх усё награна даволі роўна, адчуваецца моцная зімовая атмасфэра, часам нават ёсьць нешта ад эпічнасьці HADES. Зразумела, у песьнях таксама прысутнічаюць чыстагалосыя дэклямацыі, безь якіх аніводны традыцыйны польскі альбом папросту не мае права на існаваньне. Агульны настрой музыкі даволі змрочны, аднак у ёй пануе старажытны паганскі дух. На жаль, амаль усе польскія гурты, што імкнуцца сёньня працягваць справу TTF і D&O, цалкам яго залішыліся, скаціўшыся да аднолькавай злоснай трэмольнай лухты, якая зусім не перадае закладзеныя ў матэрыял ідэі.
Адметнай рысай “Odwieczna pieśń lasu” ёсьць вельмі сталыя, амаль што сымфанічныя клявішныя партыі. У параўнаньні з сінтовым вар’яцтвам GRAVELAND і VELES яны гучаць ледзь не акадэмічна, але гэта добра. За клявішы і гук на дэма адказваў слынны Яцэк Мельніцкі, які браў удзел у GOETIA, DARK FURY, KATAXU, SALTUS, THUNDERBOLT, VENEDAE, CEDAMUS і яшчэ тузіне розных гуртоў. Яцэк не злоўжывае клявішамі, і яны гучаць заўсёды ўдала, закрываючы прагаліны там, дзе не выцягвае гітара. Над гукам ён таксама папрацаваў вельмі добра. Апроч таго, на дэма адзначыўся яшчэ адзін вялікі майстар сінтэзатара: сам Войнар, які напісаў і выканаў магутны трэк “…z pomrocza naszych dziejów”.
Прома “Posród prastarych kniei” гучыць значна горай з тэхнічнага пункту гледжаньня, але, як ні парадаксальна, трошкі лепей з музычнага. Відавочна, што ў 1999-м навыкі GOLFARON былі яшчэ ніжэйшымі, аднак гурт гэта ўсьведамляў і не намагаўся адразу стварыць нешта вялікае (хоць мэты былі больш-менш тыя ж самыя). Таму ўвесь матэрыял тут чыста гітарна-бубнавы, вельмі прымітыўны, і месцамі нагадвае радыкальны паганскі варыянт найстаражытнейшых узораў чорнага мэталу: BATHORY, першых дэма нарвэжцаў, айцоў кшталту HELLER і KAT. Плюс акустыка і скрыготкія сола. Песьні збольшага нетаропкія, мякчэйшыя за матэрыял 2000-га году, што ідзе ім на карысьць.
Як зборнік, “Odwieczna pieśń lasu” атрымаўся даволі моцным рэлізам для тых, хто разумее, пра што тут ідзецца. Прыемна, што ў музыцы GOLFARON, у адрозьненьні ад большасьці гуртоў, якія заяўляюць, што іх натхнялі старыя банды TTF і D&O, ня трэба шукаць уплыў гэтых самых банд пад мікраскопам. Усё на паверхні. І хоць GOLFARON былі далёка не майстрамі ў тым, што датычыцца непасрэдна валоданьня інструмэнтамі, у іхных душах гарэла сапраўднае паганскае полымя.
CD “Odwieczna pieśń lasu” мае буклет з 4 старонак, які зьмяшчае сканы вокладак, старыя фотаздымкі і ўсю неабходную інфармацыю пра абодва запісы. Падрабязнасьці на відэа.