Рэцэнзія: VIEDŹMINY PAKUTY “Viedźminy Pakuty… albo zvarjaciełae siaredniaviečnaje ciemrašalstva”

Год: 2024
Выдаўца: Under the Sign of Garazel Productions
Рэйтынг: 8 / 10

VIEDŹMINY PAKUTY, нагадаю, ёсьць новым гуртам удзельнікаў PESTILENTIA, APRAMIETNAJA, DOOMSLAUGHTER, GOATHORNED, SACRILEGIOUS PROFANITY, а таксама іншых фармацый, назвы якіх занадта вядомыя, каб іх называць. Разважаючы, што б гэткае дужа разумнае напісаць пра іхны дэбютны EP, я злавіў сябе на цікавай думцы: маім меркаваньнем, на сёньняшні дзень крыўскі Black Metal склаўся ўжо ня толькі як шырокая зьява, што яднае даволі разнастайныя гурты на духоўна-ідэйным узроўні, але й як непасрэдны музычны стыль.

Справа тут ня толькі ў тым, што большасьць гуртоў стылю (у тым ліку названых і неназваных вышэй) складаецца з вузкага кола людзей, афіліяваных з Niemarcz Clan. Кампазытары ўсё ж розныя, як і першасныя мэты, але ўсё гэта зьвязана празь нейкае агульнае пачуцьцё дынамікі, характэрнае гучаньне і, вядома, тэкставы складнік.

Дэбют VIEDŹMINY PAKUTY выдатна ўвасабляе ўсе характэрныя асаблівасьці крыўскага Black Metal. Музыка збольшага хуткая, на бласт-бітах, з эмацыйным вакалам (Eucharist сьпявае зусім не так, як у PESTILENTIA або FUNERAL RITES; скажу больш, я б нават не пазнаў, хто гэта, калі б ня ведаў з самага пачатку). Пануе ў ёй атмасфэра ўсеагульнага палымяна-атрутнага Апакаліпсісу, але ёсьць таксама неабходныя перапынкі на  цёмную мэлянхолію. Таксама ёсьць добра сінхранізаваныя з асноўным музычным каркасам сярэднятэмпавыя адрэзкі, як традыцыйна-мэталічныя, так і болей амбітныя, з блюзьнерскім выццьцём і ажно цэлым арганам (фіча!). Другая палова першага трэку даволі відавочна нагадвае грандыёзны “Spectres over Transylvania” CULTES DES GHOULES, і, гэтая частка, несумненна, стане вашай улюбёнай.

У тэкстах адбываецца традыцыйнае цемрашальства з крывавымі ахвярамі Д’яблу, самаспаленьнем і згубнымі рытуаламі. Адзначу, што тэксты атрымаліся вельмі выразнымі і не нагадваюць нудную бухгалтэрскую справаздачу (ну, вы ведаеце калі “Чорны праклён \ На возеры клён \ Баба сьпіць \ Сабака сцыць”, і гэтак далей). Гук яскравы, самавіты і важкі; кладзецца на вушы, як дасьведчаны будаўнік адным узмахам кельмы накладае цэментны рошчын адразу на некалькі цаглін. Гэта, шаноўныя чытачы, Узровень крыўскага андэграўнду на сёньня, і ён прыемна ўражвае, асабліва з улікам усіх паскудных абставін.

Дыск выйшаў у Польшчы на UTSOG накладам у 300 копій. На руках я пакуль не маю, але ў мяне ё лічбавы варыянт буклету, і там усё файна: тэксты, маднейшая фотасэсія на каталіцкіх могілках і пара артаў ад S.H. Дэбютны альбом гурта пакрысе рыхтуецца, таму не забывайцеся сачыць за навінамі. А пакуль што – калі вы ў Беларусі, вядома – рэліз можна задарма забраць у лічбе на Bandcamp.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *