Бліц-рэцэнзіі 101: SHED THE SKIN, SLAUGHTBBATH / GRAVE DESECRATOR, SOLIPNOSIS, NOTILA, ESKHATON

101-ы выпуск кароткіх аглядаў.

SHED THE SKIN – Harrowing Faith
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 6 / 10

Дэбютны альбом штатаўскага Death Metal-гурта, створанага ўдзельнікамі мільёна іншых гуртоў, якія я нават ня буду пералічваць. Стане й таго, што на бубнах тут грае Кайл Сэвэрн з INCANTATION. Гэта вельмі тыповы сучасны Death Metal з андэграўнду ЗША – страшылкі ў тэкстах, гучаньне ў стылі пражэктаў Рогі Юхансана (THE GROTESQUERY etc.), бадзёры характар, багацьце мэлядычных фрагмэнтаў. Слухаецца, канешне, жвава, але ўсё гэта несур’ёзна.

 

SLAUGHTBBATH / GRAVE DESECRATOR – Musica de nuestra muerte
Год: 2016
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8 / 10

Выдатны 7-цалёвы EP, які зьмяшчае па эксклюзіўным трэку ад чылійскага і бразільскага гуртоў. Абодва атрымаліся вельмі магутнымі, але іншага я ад гэтых хлопцаў і не чакаў. SLAUGHTBBATH і GRAVE DESECRATOR не патрабуюць дадатковых рэкамэндацый.

 

SOLIPNOSIS – Síntesis silenciosa
Год: 2023
Выдаўца: විරූපි Propaganda
Рэйтынг: 7 / 10

Дужа незвычайны міні-альбом з Чылі. Музыка – перш за ўсё старажытны чорны Speed Thrash Metal, але нейкі вельмі нездарова-прагрэсіўны і экстрэмальны, з вялікай колькасьцю атанальных, нетрадыцыйных і папросту хаотычных фрагмэнтаў. Надзвычайны сінтэз старой школы і ўсяго, што ёсьць яе антыподам. Уявіце, што MORTUARY DRAPE раптам ебануліся, і вы зразумееце, пра што гэта. Мяркую, мала каму гэта спадабаецца, але за смеласьць вялікая павага. Чылі, як заўсёды, дае прасрацца.

 

NOITILA – Langennut
Год: 2023
Выдаўца: Nordvis Produktion
Рэйтынг: 6,2 / 10

Прэс-рэліз да гэтага альбому нахабна ўводзіць у зман. Альбом, маўляў, быў запісаны ў хаціне на фінскіх азёрах на прымітыўным рыштунку: замест бас-бочкі выкарыстоўваўся столак з скуранай сядушкай, акустыку запісвалі ў лесе, выкарыстоўвалі ўсяго 3 мікрафоны, і таму выніковае гучаньне імкнецца ў бок ILDJARN, ULVER, ISENGARD, BATHORY, SATYRICON, BEHERIT і TULUS. Я ня ведаю, мабыць, Nordvis памыліліся і выдалі нешта іншае, бо “Langennut” ёсьць цалкам сабе звычайным сучасным запісам даволі добрай якасьці, які аддалена нагадвае хіба што TULUS, але ніяк не ўсе астатнія пералічаныя гурты. Калі хочаце ведаць, як гучыць музыка, запісаная ў прыродных умовах, паслухайце KRUK або нават MOLOCH. Акрамя таго, слухаць тут дужа няма чаго. Акустычныя кампазыцыі выкананыя ў традыцыйным для гуртоў Nordvis стылі, і гэта добра, але мэтал тут зусім банальны і нудны. Клявішныя партыі выклікаюць моцнае жаданьне больш ніколі не дакранацца да твораў NOITILA.

 

ESKHATON – Horracle
Год: 2022
Выдаўца: Hells Headbangers Records
Рэйтынг: 8,6 / 10

Неймаверна, немагчыма цяжкі цыклёнічны Death Metal з Аўстраліі. Экстрэмальнасьць гучаньня і зьмесьціва тут на ўзроўні, блізкім да максімальна магчымага; гэта амаль што DEIPHAGO ад Death Metal. Абавязкова слухаць!

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *