Год: 2021
Выдаўца: Deathrash Armageddon
Рэйтынг: 8 / 10
Гэты агляд, як і рэліз, можна лічыць рэтраспектыўным, бо DOOMSLAUGHTER на дадзены момант фактычна не існуе, роўна як і ў 2021-м, калі японскі лэйбл Deathrash Armageddon выдаў гэты зборнік. Зараз даволі цікава прыгадваць аўру, якая ахутвала DOOMSLAUGHTER каля 10 гадоў таму: для людзей, незнаёмых з удзельнікамі гурта асабіста (сярод іх тады быў і я), DOOMSLAUGHTER былі адной з найвялікшых таямніц беларускага андэграўнду. Нягледзячы на тое, што T.D. браў удзел у PESTILENTIA, а Nekrolyte граў у OKULUS DIABOLI і DEOFEL, яны існавалі неяк адасоблена, не асацыяваўшыся з Niemaracz Clan ці будзь якімі іншымі сцэнічнымі ўтварэньнямі. У гэтым, канешне, няма нічога дзіўнага, але тое, што дэма і першы міні-альбом DOOMSLAUGHTER адразу выйшлі ажно на Iron Bonehead, ды яшчэ і на касэтах і вініле адпаведна – вось гэта на той момант было сапраўднай нечаканасьцю і паказчыкам вельмі сур’ёзнага статусу гурта. Нарэшце, яшчэ адзін важнейшы момант: DOOMSLAUGHTER былі бадай што першымі ў Беларусі, хто падтрымаў хвалю адраджэньня першабытнага, хаотычнага чорнага мэтала сьмерці на імя Рагатага.
Зборнік, пра што лёгка здагадацца, утрымлівае той самы міні-альбом “Followers of the Unholy Cult” (упершыню на CD!), а таксама EP “Anvil of Demonic Genocide”, які раней не выдаваўся нават у лічбавым фармаце. “Followers…”, на мой погляд, ёсьць наймагутнейшым рэлізам у дыскаграфіі DOOMSLAUGHTER. На ім усё сышлося: глыбокі і цяжкі гук, вынішчальныя песьні, акаліпсічныя тэксты і адчуваньне бязлітаснага хаосу. Вядома, як кампазытары, музыкі DOOMSLAUGHTER тады яшчэ не былі настолькі ўмелымі, як сёньня ў сваіх іншых гуртах, але на “Followers of the Unholy Cult” ужо відаць пэўныя амбіцыі. Таксама элемент Black Metal тут не абмяжоўваецца казлінай галавой на вокладцы і словамі тэкстаў; пэўныя клясычныя прыёмы жанру выдатна інтэграваныя ў агульнае гучаньне. Адзіны негатыўны момант – на дыск чамусьці не патрапіў кавэр на SEPULTURA, які прысутнічаў на вініле.
Затое на “Anvil of Demonic Genocide” ёсьць ажно два кавэры, адзін на BLASPHEMY, другі на SABBAT. Калі першы атрымаўся дасканалым, то другі, як мне падалося, ёсьць трошкі легкадумным на тле змрочна-разбуральнага стылю DOOMSLAUGHTER. Што датычыцца загалоўнага трэка, то па стылі ён атрымаўся чымсьці паміж “Followers…” і творамі GOATHORNED.
У цэлым, гэта даволі займальны і каштоўны рэліз, які атрымаўся б яшчэ больш каштоўным, калі б на яго патрапіў лічбавы мінік “Impure Devastation Mass”, а можа й дэма 2011-га году. Маім меркаваньнем, гэты зборнік утрымлівае найлепшы матэрыял DOOMSLAUGHTER, бо альбом “Chants of Obliteration” на тле прыведзеных на ім запісаў гучыць неяк прэснавата. Фізічны варыянт зборніка выглядае даволі проста: джэвэл, 4-старонкавы буклет (усе тэксты ў наяўнасці), а таксама традыцыйны для Японіі OBI-strip, каб калекцыянерам было на што маліцца. Падрабязнасьці на відэа.