Год: 2024
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 8,2 / 10
Рашэньне V-Khaoz’а пераўтварыць DRUADAN FOREST з душэўнага, але ня надта неабходнага фэнтэзійнага мэталу ў элітны эмбіентны пражэкт было адным з найбольш правільных учынкаў таленавіага музыкі за ўсё жыцьцё. Калі раньні DRUADAN FOREST уяўляў сабою SUMMONING для бедных, то эмбіентны DRUADAN FOREST ёсьць адным з сапраўдных жанравых слупоў.
“The Night Circus” ёсьць працягам альбома “Dismal Spells from the Dragonrealm” 2019-га году. Нагадаю, што ў 2022-м выйшаў геніяльны і бяздонны “Portals”, які прадэманстраваў зусім іншы падыход да музыкі і эстэтыкі. Зараз V-Khaoz вяртаецца да больш звыклых матэрый. Першы “Dismal Spells” быў збольшага пра казачныя краявіды ды чары, другі тэматычна бліжэй да VARGRAV, бо тут вядзьмаркі, оргіі, чарнакніжнікі ў каптурах і чорныя вежы. Але гучаньне ў яго амаль такое ж глыбокае і празрыстае, хоць і не залішанае выспачак цемры ў стылі BURZUM. Таксама новы альбом значна больш інтэнсіўны праз сваю сьцісласьць: папярэднік доўжыўся 72 хвіліны і меў усяго 4 агромністыя трэкі, а навінка нясе ажно 8 трэкаў, затое доўжыцца толькі 38 хвілін. Як на мой погляд, гэтага трошкі малавата. Першы “Dismal Spells” я параўноўваў з прачытаньнем вялікай цікавай кнігі, а вось другі, хутчэй, нагадвае эпізод добрага фэнтэзійнага серыялу. Што таксама няблага.
Сказаць чагосьці новага пра тэхнічны складнік я не магу. У якасьці аднаго з асноўных інструмэнтаў дадалася жалейка, а ў астатнім, як і раней, гэта шляхетны, надзвычай якасны эмбіент, які захоўвае глыбіню і атмасфэру, звычайна ўласьцівыя толькі прымітыўнай старой сінтовай музыцы.