Год: 2023
Выдаўца: Svart Records
Рэйтынг: 8,5 / 10
Своеасабовы фінскі лэйбл Svart Records часьцей за ўсё выпускае розную прэтэнцыёзную ёбань, але на здаровы чалавечы мэтал усё ж не забываецца. Перад вамі яшчэ адзін цікавы зборнік, якіх у ростэры выдавецтва даволі багата. Прысьвечаны ён, як вы здагадаліся, залатым часам фінскага падзямельнага трэш- і спід-мэтала. Гэтая вартая павагі сцэна праіснавала адносна нядоўга, бо яе хутка змыла хваля раньняга фінскага Death Metal, але пасьпела пакінуць нямала цікавых артэфактаў. Падрабязьней пра гэта можна пачытаць у кнізе “Rotting Ways To Misery”, якую, спадзяюся, мы аднойчы выпусьцім празь Metal Star.
Зборнік выдаецца тым, што на яго ўвайшлі трэкі не з альбомаў, а зь сяміцалёвак і дэма адабраных гуртоў – часам вельмі-вельмі рэдкіх. Больш таго, асноўная частка гуртоў альбомаў наогул не выдавала. Празь гэта ўвесь рэліз мае вельмі моцны прысмак жывога старога андэграўнду. Рабіць патрэкавы разбор я гэтым разам не стану, бо рэліз выдатна ўспрымаецца як суцэльны твор. Кожны гурт выразна адрозьніваецца ад іншых, і ў той жа самы час іх яднае магутная юнацкая энергетыка, непадуладная часу. Хтосьці гучыць лепей, хтосьці горай. Некаторыя гурты хуяраць на напятых жылах і стоячы на дыбачках, укладаючы ўсё ў хуткасьць і напор (лепей), іншыя намагаюцца зачапіцца за амерыканскі сярэдні тэмп або па грудзі залазяць у хардкор-панк (горай). Так ці так, розьніца стварае цудоўную дынаміку.
Мне асабліва спадабаліся зорныя A.R.G., злосныя LYCANTROPHY, а таксама VENDETTA, BRAINWASH, THE HIRVI. Гэта рэліз таго кшталту, дзе кожны знойдзе нешта для сябе, калі, канешне, вы ўвогуле цікавіцеся абраным жанрам. Выключэньнем ё толькі нашае ўлюбёнае казлаёбскае адгалінаваньне трэш-спіду, бо ў тыя часы ў Фінляндыі ім цікавіліся хіба што BEHERIT.