Год: 2024
Выдаўца: Agonia Records
Рэйтынг: 9 / 10
Пачатак 2024-га працягвае радаваць магутнымі рэлізамі. Ад INQUISITION, канешне, я чакаў плытку, якая будзе прэтэндаваць на альбом году, і гурт зноў не падвёў. Для людзей, якія больш за чвэрць стагодьдзя граюць прыкладна аднолькавую музыку, яны кожны раз гучаць надзіва сьвежа. Калі “Bloodshed…” быў увасабленьнем андэграўнднага жорсткага гвалту, а “Black Mass…” вяртаўся да задуменнай эпічнасьці дэбюту, то “Veneration…” ёсьць найбольш разнастайным творам INQUISITION бадай што за ўсе часы.
Першы трэк нічым асаблівым не выдаецца, акрамя просьценькай дадатковай струннай партыі. Але ўжо на наступным трэку слухача паглынае глыбокая, рэзанансная атмасфэра асноўнага рыфу. І гэта толькі разагрэў – неўзабаве да яе далучаецца цудоўнае сола, урачыстыя клявішныя і нават чысты вакал. Сваім “родным” голасам Дагон яшчэ ніколі не карыстаўся так часта, як на гэтым альбоме – ажно два з паловай разы!
Пакуль вельмі дынамічныя песьні (яны рэгулярна скачуць ад шалёнства да разважнасьці, а потым назад) разгортваюцца на нашых з вамі вушах, становіцца відавочна, што, нягледзячы на месцамі даволі багатае выкарыстаньне клявішных – напрыклад, у “Memories Within an Empty Castle in Ruins” – INQUISITION застаюцца прыхільнікамі несьвятое інструмэнтальнае тройцы ўсяго мэталу, то-бок гітары, баса і бубнаў. Усе асноўныя аранжыроўкі і сола па-ранейшаму выкарыстоўваюць гітару, але справа ў тым, што цяпер гэта не тая ж самая гітара, якая грае рыфы. Гэта зусім іншыя тыпы гітар, зь іншым строем. Іхнае гучаньне настолькі адрозьніваецца, што яны ўспрымаюцца як нейкая экзотыка кшталту банджа ці там варгана. Кантрастны эфект часам агаломшвае. Як кажуць, усё геніяльнае проста.
Апошняе датычыцца ўсёй структуры тутэйшых песьняў. Яны найпрасьцейшыя – як прыклад назаву “Light of My Dark Essence”, што амаль нічым не адрозьніваецца ад якога-небудзь старажытнага рок-хіта пра каханьне – але задумка і выкананьне ў кожнай на недасяжным узроўні. Кожная чымсьці выдаецца, пустышак ці проста пасрэдных трэкаў на альбоме няма. Паслухайце толькі геніяльны загалоўны трэк: банальнае паўтарэньне радкоў, але як цудоўна і эфектыўна працуе!
За вокладку і гук адказвалі тыя ж самыя людзі, што й мінулым разам. З гукам трэба трошкі звыкнуцца, ён, гэтак бы мовіць, суха-бруднаваты і даволі цёплы, але не нагадвае гудлівы “Obscure Verses for the Multiverse” альбо будзь які іншы папярэдні альбом. Тэксты песьняў цалкавіта філясофскія, сузіральныя і духоўныя. Відавочна, пасьля сусьветнага апакаліпсісу на “Black Mass…” Дагон вырашыў трошкі адасобіцца ад кровапраліцьця галяктычных маштабаў і засяродзіцца на глыбокіх развагах пра касьмічныя акультныя працэсы. Усім нам трэба некалі адпачываць.
Што ж, як я сказаў напачатку, мы маем адзін з найлепшых рэлізаў году. Дадамо яшчэ, што альбом карацейшы за папярэдніка на 20 хвілін, але пасьля праслухоўваньня застаецца адчуваньне, ніба ты пражыў цэлае жыцьцё. Нягледзячы на вельмі простыя структуры кампазыцый, ён неймаверна насычаны. Абавязкова трэба купляць. Blood from the stars fills my chalice… Hail the Cult!
Так, безсумнівно – це альбом року ! І хоча з першого разу альбом не зайшов повністю, а тільки почав розкачувати, але вже наприкінці почало завалювати , потім вже на повторі слухаєш і офігіваєш від всієї цієї краси …