97-ы выпуск кароткіх аглядаў.
FORBIDDEN TEMPLE – Step into the Black Pentagram
Год: 2022
Выдаўца: Gramschap
Рэйтынг: 8 / 10
FORBIDDEN TEMPLE ёсьць яшчэ адным пражэктам удзельнікаў MOENEN OF XEZBETH і PERVERTED CEREMONY. Афіцыйна пра гэта не паведамляецца, але іх спаліў Ёсуке з NWN! Productions. FORBIDDEN TEMPLE яднае ўплывы абодвух вышэйазначаных гуртоў: гэта старажытны, як сама сьмерць, чорны мэтал з густой рытуальнай самаэлеўскай атмасфэрай, выкананы з брудным цяжкім саўндам і магутным напорам. Гук мне ня надта падабаецца, бо ў ім адчуваецца ненатуральная лічбавая апрацоўка, але ўсё астатняе папросту цудоўна. Абавязкова слухайце!
ARYAN ROGUE – Twelve Dark Green
Год: 2022
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 7,1 / 10
Фінскае экстравагантнае трыа, якое грае нейкі балядны RAC-мэтал. Я нават ня ведаю, як гэта назваць. Крывыя (але ў пэўным сэнсе чароўныя) акустычныя кампазыцыі тут зьмяняюцца аглушальным рытмічным мэталам у стылі старога BILSKIRNIR і трошкі ABSURD. Часам да музыкі падлучаюцца выпадковыя клявішныя-званочкі, а вакаліст вычавараецца на ўсе лады, дзякуючы чаму дзеяньне прымае даволі фантасмагарычны характар. Гэта вельмі нестандартны альбом, у якім ёсьць мноства момантаў, якія можно ўзьненавідзець, але і такіх, што моцна бяруць за душу.
THE TROOPS OF DOOM – Prelude to Blasphemy
Год: 2023
Выдаўца: Alma Mater Records
Рэйтынг: 7,8 / 10
Зборнік, на які ўвайшлі абодва EP і два новых трэкі бразільскага гурта, дзе грае арыгінальны гітарыст SEPULTURA. Я ўжо пісаў пра THE TROOPS OF DOOM даволі падрабязна, таму паўтарацца не стану. Амаль гадзіна старога бразільскага мэталу (няхай бы і з новым гукам), награнага майстрамі сваёй справы – што вам яшчэ трэба!
PSICOSFERA – Summa Negativa
Год: 2023
Выдаўца: Lavadome Productions
Рэйтынг: 7 / 10
Аргентынскі цёмны мэтал, які ў прэс-рэлізе чамусьці апісваецца як “Avant-Garde Black Metal”, ды яшчэ ў такіх нудных фармулёўках, што я кінуў чытаць іх на сярэдзіне. Нічога авангарднага тут няма – чаму яны вырашылі, што некалькі атанальных акордаў у 2023-м годзе ёсьць авангардам? – ды і Black Metal таксама. “Нігілістычная пустэча”, “душа чалавека”… захапляльна, як інструкцыя да медыцынскага прэпарату. Пры гэтым музыку слухаць варта, бо яна, у адрозьненьні ад квазі-мудрагелістай канцэпцыі, даволі разнастайная і эмацыйная. Ня ведаю, ці слухалі аргентынцы гурт TOD HUETET UEBEL, але падабенства месцамі амаль фотаграфічнае. І гэта добра!
WELLS VALLEY – Achamoth
Год: 2023
Выдаўца: Lavadome Productions
Рэйтынг: 6 / 10
Паколькі гэта альбом ад таго ж выдаўцы, што й папярэдні, ён таксама мае прэс-рэліз, дзе ідзе замах не проста на авангардны Black Metal, а нават на эксперыментальны! Цёмны джаз ад мэталу! Шаноўныя выдаўцы, словамі не перадаць, як я ненавіджу гэтыя прэтэнцыёзныя, нікчэмныя, набітыя пустымі словамі графаманскія памфлеты. Калі знойдзецца ў сьвеце хоць адзін чалавек, што купіцца на гэткі пізьдзёж (“Wells Valley embarks on the throbbing essence of creation, delving into its intricacies, both musically and thematically. Achamoth is an album unlike any other, now and forever. It embodies the unrestrained spirit of uncharted creation in extreme music, untouched by the confines of popular subgenre standards, compromises or other creativity corroding elements.“), я пакажу вам найгоршага дурня ў сьвеце. Адзін з асноўных асьпектаў працы выдавецтва – паказаць сваім пакупнікам, чаму менавіта вы вырашылі выдаць альбом. І гэта тлумачыцца сваімі словамі. Калі вы наймаеце літаратурных неграў для напісаньня нечытэльных і папросту хлуслівых прэс-рэлізаў, гэта паказвае вашае абыякавае стаўленьне да ўласнай працы і з самага пачатку стварае адмоўнае ўражаньне. Вось так я раскрыў для вас one of the underground’s most well-kept secrets. Карыстайцеся.
Што датычыцца непасрэдна “Achamoth”, то тут, канешне, няма аніякага Black Metal, і людзі, што стаяць за гуртом, відавочна ніколі ня мелі да яго дачыненьня. Эксперыментальнасьць, і ўжо тым болей авангарднасьць, таксама дужа сумнеўныя. Гэта даволі ладна награны цёмны пост-Black Metal, і толькі. Дысанансы там, вось гэтае ўсё. Дух і сапраўдная арыгінальнасьць у гэтым, вядома, адсутнічае. Строга для тых, каму чамусьці яшчэ патрэбныя гурты кшталту EMPTINESS або GAEREA.