Рэцэнзія: VEMOD – The Deepening

Год: 2024
Выдаўца: Prophecy Productions
Рэйтынг: 9,2 / 10

VEMOD – надзвычайны гурт, што й казаць. Пасьля кашмарных дэма, адлегласьць паміж якімі заняла ажно 6 гадоў, яны раптам выдалі ўжо легендарны дэбют “Venter på stormene”. Запісаны на 8-трэкавы аналёгавы рэкордэр, гэты альбом імгненна стаў узорам атмасфэрнага нардычнага мэталу. Што парадаксальна, яго посьпех быў заснаваны, па сутнасьці, на геніяльнай загалоўнай песьні! Усё астатняе – а гэта яшчэ адна песьня і два даўжэнныя эмбіентныя трэкі – служыла ўсяго толькі прыдаткам да яе. Таксама не магу не адзначыць, што VEMOD, будучы часткай кола Terratur Possessions, заўсёды былі залішаныя характэрнай для гэтага асяродьдзя прэтэнцыёзнасьці і выразна адмяжоўваліся ад Black Metal, за што ім павага.

Калі перыяд паміж дэмкамі доўжыўся 6 гадоў, то паміж альбомамі (што, бадай, лягічна) мінула 12! Гэта не рэкорд, бо новы альбом THORNS (гурт таксама афіцыйна не распадаўся) мы чакаем ужо 23 гады, але ўсё адно ўражвае. “The Deepening” пачаў стварацца адразу пасьля дэбюта, і я ня ведаю, чаму справа настолькі зацягнулася, але адчуваецца, што намаганьні былі не марныя.

Альбом ва ўсіх сэнсах атрымаўся грандыёзны. Тут ажно чатыры паўнавартасных песьні, кожная зь якіх ёсьць асобным шэдэўрам. Лімітаванае выданьне, у лепшых підарскіх традыцыях Prophecy, мае бонусны дыск зь яшчэ адным даволі каштоўным трэкам на 16 з паловай хвілін. Запіс зроблены ў прафэсійнае студыі, што для атмасфэрнага мэталу часта азначае сьмерць, але не ў дадзеным выпадку. Ня ведаю, што гэта за студыя, але там добра разумелі, зь якім матэрыялам працуюць, таму музыка нічога не страціла. Яна захавала трансцэндэтнасьць папярэдняга альбому, пры гэтым не пахіснуўшы акцэнту на непасрэдным выкананьні інструмэнтальных партый. А гэта важна, бо “The Deepening”, у адрозьненьні ад монатоннага дэбюта, вельмі варыятыўны, месцамі ледзь не прагрэсіўны. Аднак чакаць ад яго нейкіх музычных навацый таксама ня трэба. Тут няма лішніх рыфаў і раскошных шматузроўневых аранжыровак; кожная нота на сваім месцы, якое выбіралася вельмі доўга і старанна. Тое ж самае датычыцца вакалу: тут ён альбо чысты, альбо грубы, выкарыстоўваецца толькі ў належных месцах і гучыць папросту дасканала. На мой погляд, менавіта такі голас ёсьць найбольш правільным варыянтам для высокай адчужанай музыкі.

Як і дэбют, “The Deepening” генеруе вельмі натуральныя і верагодныя вобразы дзівосна прыгожых халодных ландшафтаў, што раскідаюцца пад магутным паўночным зьзяньнем. Мэталічныя трэкі, эмбіентныя трэкі, адухаўлёная лірыка, аздабленьне альбома – ўсё служыць адной мэце. Рэдка мне трапляюцца настолькі сканцэнтраваныя і глыбока прадуманыя рэлізы. Адзін зь лепшых твораў году ўжо зараз, тут няма сумневаў.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *