Рэцэнзія: VARGRAV – The Nighthold

Год: 2023
Выдаўца: Werewolf Records
Рэйтынг: 8 / 10

Сымфанічны фінскі пражэкт VARGRAV, выдаўшы два фантастычных альбомы ў жанры “EMPEROR worship”, стаў паўнавартасным гуртом, умацаваўшы склад Werwolf’ам, Марка Тарванэнам (MOONSOOROW, OCTOBER FALLS, THY SERPENT) і Хенры Сарвалі (той самы з MOONSORROW і FINNTROLL, што робіць выдатны майстэрынг для большасьць рэлізаў Werewolf Records).

…і, як гэта часта бывае, VARGRAV адразу страціў велізарную долю сваёй аўтэнтычнасьці. Гэта па-ранейшаму сымфанічны чорны мэтал, але цяпер дужа амбітны і разнастайны, што насамрэч далёка не заўсёды ідзе яму на карысьць. Справа ў тым, што першыя два альбомы VARGRAV былі цэльнымі і шчыльнымі рэлізамі, якія мелі выразную мэту і ймкнуліся да яе на поўнай цязе. Яны працягвалі справу “In the Nightside Eclipse” – ня болей, але й ня меней. “The Nighthold”, у сваю чаргу, ёсьць цалкам самастойным творам. У яго вельмі высокая дынаміка і неймаверна багатая палітра, а вось мэта, якая раней адрозьнівала VARGRAV, адсутнічае. І таму “The Nighthold” трохі размываецца нават на тле рэлізаў Werewolf Records, не кажучы ўжо пра больш шырокі сьпектр фінскага мэталу. Большасьць таго, што ён прапаноўвае, мы ўжо чулі.

Але таксама нельга не адзначыць, што альбом, як і ўсё, да чаго дакранаецца V-Khaoz у апошнія гады, мае найвышэйшую якасьць усіх складнікаў і гучыць дорага. Гэта можна зразумець ужо па ўступным трэку, выкананым на ўзроўні прафэсійнага аркестровага саўндтрэку для галівудзкага кіно. “The Nighthold” прапануе няспынны струмень асалоды для вашага вуха і духа; што гук, што граньне, што кампазыцыі – усё гэта пакідае далёка ззаду многія гурты зь бюджэтамі ў сотні тысяч даляраў і мажорнымі лэйбламі за сьпінай. Я б ахарактарызаваў гэты альбом як мэталічны саўндтрэк для эпічнага цёмнага фэнтэзі. Аб’ектыўна кажучы, тут няма да чаго чапляцца, але стары твар VARGRAV мне бліжэй. Жаданьня набыць “The Nighthold”, нават пры ўсіх яго шматлікіх вартасьцях, у мяне не ўзьнікае.

VARGRAV "The Nighthold" FULL ALBUM STREAM (OFFICIAL)

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *