Рэцэнзія: GEISTAZ’IKA – Midnatsbøn ved djævelens port

Год: 2023
Выдаўца: Signal Rex
Рэйтынг: 7,5 / 10

Дэбютны альбом датскага пражэкту GEISTAZ’IKA стаў для мяне найпрыемнейшым адкрыцьцём у 2019-м. Старажытны, атмасфэрны, эмацыйны, глыбокі і прыгожы цёмны мэтал, натхнёны раньнімі ULVER, захапляў зь першага ж рыфа, які нагадваў бесьсьмяротную загалоўную тэму для “Фантазма”. Пры гэтым, будучы неймаверна насычаным, альбом меў адметную ўласьцівасьць: яго хацелася слухаць на паўторы зноў і зноў, бо гэта зусім не надакучвала.

На жаль, новы альбом, які раптоўна ўсплыў сярод маіх прома, не дасягнуў велічу папярэдніка. Градус падзей у ім значна ніжэйшы. Эстэтычна тут усё па-ранейшаму цудоўна: гук аналягавы, запісаны на студыі Хенры Сарвалі з FINNTROLL, а атмасфэра, як і 4+ гады таму, зьняможна і трывожна прыгожая. Аднак у музыцы, як на мяне, GEISTAZ’IKA перабраў з аранжыроўкамі, замясьціўшы імі мэтал. Тут дахалеры акустыкі і чыстых вакалаў, а вось эмацыйна наладаваных рыфаў засталося параўнальна небагата, і большасьць зь іх захоўваецца для апошняга трэку даўжынёй у 20 хвілін. Ды й якасьць гэтых рыфаў, шчыра кажучы, зьнізілася. На тле іншых прадстаўнікоў сцэны яны вельмі моцныя, але тут няма нічога, што магло б паспаборнічаць з матэрыялам з дэбюта. Зь іншага боку, усе вакальныя партыі, наадварот, атрымаліся выбітнымі. Асабліва ў тых момантах, дзе пан Geistaz сьпявае пад Shaamatae з ARCKANUM.

Пры ўсім гэтым я несумненна рэкамэндую “Midnatsbøn ved djævelens port” усім і кожнаму, асабліва тым, хто раней ня слухаў GEISTAZ’IKA. Так ці інакш, гэта твор элітнага кшталту, і мая асноўная мэта як аўтара вэбзіна якраз у тым, каб знаходзіць для вас гэткія брыльянты ў горах гною, якія штодня вывяргае зь сябе андэграўндная сцэна.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *