Рэцэнзія: LIK / MØRKT TRE – I svart och sm​ä​rta, i gl​ä​dje och vidskepelse

Год: 2023
Выдаўца: Darker Than Black Records
Рэйтынг: 8,3 / 10

Гэты рэліз вельмі моцна затрымаўся, і я, праўду сказаць, пабойваўся, што ён ужо ніколі не выйдзе. Вокладку (створаную, дарэчы, геніяльным Юрасем Tern’ам) я ўпершыню бачыў нават не памятаю калі. Таму вельмі радасна, што ён нарэшце зьявіўся ў гэтым сьвеце.

Спліт я чакаў перш за ўсё празь LIK. Гэты праект заўсёды быў цікавы, але пасьля таго, як у Graav’е абудзіўся дух белага чалавека, ён быццам атрымаў новую крыніцу натхненьня. “Avgrundspoetens flamma” (2020) адкінуў большасьць таго, што яднала LIK з ARMAGEDDA і LÖNNDOM, і выкрышталізаваўшы толькі тое, што адрозьнівала LIK ад усяго астатняга, а менавіта непаўторнае цёплае рокерскае гучаньне ў Black-мэталічных структурах і асаблівы мэлянхалічны гумор. Матэрыял на спліце таксама працуе ў гэтым абноўленым накірунку. Песьні атрымаліся не настолькі хітовымі, як, напрыклад, “Svartkonst” або “Helgedomens dödsportar”, затое вельмі атмасфэрнымі. У параўнаньні з папярэднім альбомам  зьмяніўся саўнд. Рытм-сэкцыя цяпер вельмі важкая, і бас у ёй гучыць разы ў два гучней і выразней за гітару. Агулам – цудоўныя песьні, якія прымушаюць задумацца і кранаюць душу.

LIK - Krigstakt II

MØRKT TRE (дзе, нагадаю, грае ўдзельнік жывога складу PRAGNAVIT і яшчэ тузіна гуртоў Сяргей) мяне ніколі дужа не чаплялі. Гурт добры, але з характэрным негатыўным гучаньнем, якое мне звычайна не да спадобы. Першы альбом моцна нагадваў ДО СКОНУ (нездарма, бо тэксты для яго пісаў Varagian), а наступныя рэлізы падаліся мне надта мудрагелістымі. Таму на гэтым спліце MØRKT TRE мяне вельмі прыемна зьдзівілі. Мажліва, справа ў колькасьці матэрыялу, а мо песьні напраўду адрозьніваюцца ад папярэдняга матэрыялу, аднак абедзьве атрымаліся наймагутнымі. “Т​а​н​о​к С​т​и​х​і​й” – велікан на 10 хвілін, у якім ёсьць усё, што неабходна: некалькі розных па настроі і тэмпе сэкцый, слоены пірог з амаль што прагрэсіўных партый і, што важна, паступовае разьвіцьцё кампазыцыі, якое празь інтэрлюдыю падводзіць да драматычнейшай кульмінацыі, якая можа паспаборнічаць, страшна сказаць, з творамі NOKTURNAL MORTUM на вялікім “Голос Сталі”. Другі трэк ад украінцаў – кавэр на “Viterskog” LIK, і пра яго таксама можна сказаць толькі добрае. Гурт з дапамогай новых элементаў надаў песьні дадатковыя вымярэньні, пры гэтым вельмі далікатна паставіўшыся да першапачатковай ідэі. Гэта той выпадак, калі кавэр атрымаўся можа і ня лепей за арыгінал, але й ня горай.

У выніку маем цудоўны спліт, які сапраўды было варта чакаць. Пакуль што рэліз адбыўся толькі на вініле, але, спадзяюся, CD таксама выйдзе ў хуткім часе і даедзе да нашага канцлагеру. Дадамо, што LIK зараз рыхтуе новы альбом, а MØRKT TRE ужо выдалі свой сьвежы паўнафамат трошкі больш за месяц таму.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *