Год: 2022
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 7,8 / 10
У свой час я пісаў агляд на папярэдні альбом гэтага штатаўскага гурта, які мне спадабаўся, але не настолькі, каб выйсьці за межы Бліца. На новым альбоме SAVAGE MASTER палепелі, таму варта зьвярнуць на іх вашую ўвагу ўжо з дапамогай паўнавартаснага агляду!
SAVAGE MASTER існуе роўна 10 гадоў, што, з аднаго боку, няшмат. Зь іншага боку, гурт выдаў ужо 4 альбомы і 2 EP, а яго ўдзельнікі пачыналі свой шлях у музыцы напрыканцы 80-х – напачатку 90-х. Таму сваю справу яны ведаюць. Адметнасьцю SAVAGE MASTER ёсьць апэтытная вакалістка Stacey Savage, якая ўвасабляе ўсё тое, чым мае быць жанчына ў мэтале: драпежная зьнешнасьць, палкі тэмперамэнт і поўная, катэгарычная адсутнасьць усёй гэтай акадэмічна-гатычна-опернай ёбані, характэрнай для вакалістак Heavy Metal-гуртоў. То-бок, гэта не чарговая пізда, якая ўсё жыцьцё сьпявала перад люстэркам кавэры на NIGHTWISH, а да гурта далучылася толькі дзеля таго, каб павыхваляцца сваім вясковым капрана. Праўду сказаць, Стэйсі даволі часта сьпявае абы-куды, а пра фальцэт у яе выкананьні нават гаворкі быць не можа. Але так і трэба; гэткае сьпяваньне гучыць найбольш натуральна і шчыра, асабліва калі мы маем справу з Heavy Metal таго кшталту, што грае SAVAGE MASTER.
А граюць яны збольшага рытмічны матэрыял у стылі старых JUDAS PRIEST ці ACCEPT, хоць з улікам рэтра-тэматыкі, дзе спалучаюцца апакаліпсічнае фэнтэзі і шатанінства, гурт час ад часу вымушаны спускацца да хэві-думавых партый а-ля PAGAN ALTAR або, напрыклад, CAUCHEMAR. Пры гэтым гучаць SAVAGE MASTER зусім ня ў стылі рэтра. Зноў жа, у іх натуральнае і шчырае гучаньне, дзе ёсьць пэўныя памылкі, якія толькі надаюць музыцы больш ажыўлены характар. Цалкам магчыма, што альбом пісаўся жыўцом у студыі, няхай бы і праз лічбавыя рэкордэры. Моц інструментаў адчуваецца ўсім целам, асабліва гэта датычыцца ляску і грукату ўдарных. Песьні SAVAGE MASTER нагадваюць старую мэблю: магчыма, ім бракуе вытанчанасьці, але яны створаныя зь бясконца надзейных частак, змацаваных настолькі жорстка, што кувалдай не разваліць. Выбітных момантаў у іх менш, чым хацелася б, але ўсё ж нямала – ў кожным трэку знойдзецца самаменей цікавы прыпеў, што па стандартах сучаснага хэві ўжо ёсьць вартым павагі дасягненьнем.