Бліц-рэцэнзіі 93: IDOLOS, SPORAE AUTEM YUGGOTH, ARROGANT DESTRUKTOR, THE EVIL, SÉPULCRE

93-і выпуск кароткіх аглядаў.

IDOLOS – Ajchikaj
Год: 2023
Выдаўца: Acid Vicious
Рэйтынг: 8,1 / 10

Нашыя венерыянскія сябры, напэўна, ужо зразумелі, як моцна памыліліся, высадзіўшыся на нашай няшчаснай плянэце некалькі год таму і апынуўшыся ў гэтым ебанутым сьвеце. Зь іншага боку, магло быць і горш – прынамсі іхны карабель прызямліўся ва Францыі, а мог і ў Беларусі. Так ці так, адказныя іншаплянэтнікі вырашылі дарабіць сваю справу і скончыць трылёгію музычных рэлізаў, якія апавядаюць пра ўзаемаадносіны цывілізацый Венеры і майя. Пажыўшы на Зямлі, нашыя госьці трохі прасякнуліся тутэйшай музычнай культурай. Калі першы рэліз быў футурыстычным атмасфэрным мэталам з пост-элемэнтамі, то навейшы зьмяшчае таксама знаёмыя ноткі прагрэсіўнага року і нават стоўнэр-думу. Пры гэтым большасьць хібаў і папросту неахайных рашэньняў засталася ў мінуўшчыне. У выніку маем вельмі годнае і надта прыгожае завяршэньне трылёгіі. Я шчыра раю аўтарам гэтай цудоўнай музыкі запальваць рухавічкі свайго карабля і як мага хутчэй вяртацца на радзіму, але, калі яны чамусьці вырашаць застацца, хацелася б пачуць ад іх паўнавартасны альбом.

 

SPORAE AUTEM YUGGOTH – .​.​.​However It Still Moves
Год: 2023
Выдаўца: Personal Records
Рэйтынг: 8,4 / 10

Да зямлі далятаюць ня толькі суседзі-венерыянцы, але й споры грыбоў ажно зь Югота. Упалі яны на глебу вялікай мэталічнай краіны Чылі, але, відавочна, гурт SPORAE AUTEM YUGGOTH не адразу ўсьвядоміў, што іх ня трэба забіваць у кальян, бо першы рэліз чылійцаў быў даволі несур’ёзным стоўнэр-думам, які маскаваўся пад Death / Doom. Гэтым разам усё атрымалася значна лепей: мы маем цяжкае, змрочнае, замагільнае гучаньне ў стылі пачатку 90-х, дзе знайшлося месца для выдатных рыфаў, хваравітых акустычных інтэрлюдый і клявішных партый, пранятых касьмічным жахам. Чылі, што тут яшчэ сказаць. Выдатна!

 

ARROGANT DESTRUKTOR – Written in Blood from the Blade
Год: 2023
Выдаўца: Awakening Records
Рэйтынг: 5,8 / 10

Брытанцы як звычайна. Гурт с пафаснай назвай ARROGANT DESTRUKTOR не адпрацоўвае нават паловы праграмы, да якой яна абавязвае. Першая песьня пралятае даволі бадзёра, але потым альбом ідзе строга па зыходнай лініі, нагрувашчваючы будзённае на заштампаванае з кожным новым трэкам. Як часьцей за ўсё бывае ў сучасных брытанцаў, музыкі жыляцца паказаць сваю агрэсію, але адразу чуваць, што гэтая агрэсія абумоўленая стылем, а не сапраўднымі пачуцьцямі. З асабліва негатыўных момантаў таксама адзначу  няспынныя клявішныя, якія напачатку выглядаюць цікава, але празь нейкі час становяцца невыносна безгустоўнымі і агіднымі. З плюсаў – награна ўсё даволі якасна, гук гітар нават вельмі жорсткі. Але гэта мала што зьмяняе, і я ўжо стаміўся здзіўляцца таму, што краіна, якая зрабіла рашучы ўплыў на разьвіцьцё ўсіх асноўных адмен рок- і мэтал-музыкі сёньня выдае настолькі пусты “матэрыял”.

 

THE EVIL – Seven Acts to Apocalypse
Год: 2023
Выдаўца: Osmose Productions
Рэйтынг: 7,5 / 10

Бразільскі гурт THE EVIL (дзе, нагадаю, на гітары грае сам Вагнэр Антыхрыст з SARCÓFAGO) 6 гадоў таму ўразіў мяне сваім дэбютам, які прапаноўваў вельмі незвычайны погляд на стоўнэр-дум. Далёка ня ўсё там працавала належным чынам, але гэта таксама ў канчатковым выніку было даволі добра, бо тыпавы стоўнэр-дум – самая нікчэмная і нудная хуйня ў сьвеце. Аднак на новым альбоме гурт вырашыў, што з цікавосткамі трэба канчаць, і дадаў да сваёй неймаверна сьвежай назвы ня меней сьвежую канцэпцыю сямі сьмяротных грахоў, а музыку зьвёў да больш стандартнага стоўнэра. Тым ня меней, гучаньне атрымалася даволі пругкім, цяжкім і змрочным; гэткі BLACK SABBATH у свае найцямнейшыя моманты, і не на марыхуяне, а на стэроідах. Якасьць музыкі таксама не тое што не пацярпела, а павысілася ў некалькі разоў. Нарэшце, тут фантастычны вакал ад пані Mistres Wournous, чыё рэальнае прозьвішча, як ні дзіўна, Замалодчыкава. Сьпявае яна ледзь не як жаночая вэрсія Глена Дэнзіга. Таму, пры ўсім маім збольшага негатыўным стаўленьні да стоўнэр-дума, мне застаецца толькі захапляцца гэтым альбомам. Так, гэта стандарт, але залаты.

 

SÉPULCRE – Cursed Ways of Sheol
Год: 2022
Выдаўца: Invictus Productions
Рэйтынг: 7 / 10

Завадатарам у гэтым маладым французкім гурце ёсьць даволі дасьведчаны персанаж зь мянушкай Kev Desecrator, які грае на бубнах у DESTRÖYER 666, быў удзельнікам NECROWRETCH, але, што галоўнае, у свой час заснаваў цудоўны трэшавы гурт PERVERSIFIER, які вы абавязкова павінны паслухаць. SÉPULCRE, шчыра кажучы, нічога асаблівага прапанаваць ня можа – гэта вельмі добры Death Metal з характэрным тагасьветным гучаньнем, якога асабіста я ўжо наслухаўся гадоў на 20 наперад. Калі вы знаёмыя з ростэрам ірландзкага Invictus Productions, лічыце, што вы ўжо таксама гэта паслухалі. Зь іншага боку, “Cursed Ways of Sheol” доўжыцца ўсяго 23 хвіліны – калі гэтак званы “Old School Death Metal Revival” вам яшчэ не надакучыў, дайце яму шанц.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *