91-ы выпуск кароткіх аглядаў.
COLDROPE – Révérence devant la mort
Год: 2023
Выдаўца: Planetary King Records
Рэйтынг: 5,9 / 10
За апошнія 3 гады беларуская сцэна відавочным чынам панесла страшэнныя колькасныя і якасныя страты, і цяпер мы пачынаем сутыкацца з наступствамі. Спачатку быў CRYSTAYLER, які, дзякуючы нашумеламу кліпу, рэзка і непаваротна запісаў сябе ў шэрагі малёваных дурняў, а цяпер вось мне патрапіліся COLDROPE, якіх увесь час ахвота запісаць у сучасны “VKBM”. На самой справе, запіс тут больш-менш прыстойны, у музыцы ёсьць якая-ніякая дынаміка і некалькі добрых ідэй, але трэба разумець, што ўсё гэта маральна спазьнілася гадоў на 10-15, захраснуўшы на ўзроўні старых рэлізаў More Hate. Прэтэнзіі на Black Metal таксама выклікаюць толькі сьмех; мімалётны погляд на лягатып гурта і зьвязаныя зь ім старонкі ў сацсетках дазваляюць зразумець, што Black Metal і яго этыку COLDROPE пазнавалі хутчэй за ўсё па пабліках у тым жа самым VK, і ніякі мерч BATHORY гэтага не схавае. Ну і трэк ад іншага гурта ў якасьці бонуса – я ня ведаю, як гэта патлумачыць. Канешне, пакуль што нічога непапраўнага не здарылася, і нават у гісторыі нашай краіны ёсьць прыклады, калі падобныя нязграбныя пачынаньні празь гады прыводзілі да чагосьці грандыёзнага. Але пакуль што перспектыў я не бачу.
SARAM – …Lima Hell!
Год: 2012
Выдаўца: Werewolf Records (гэтае выданьне)
Рэйтынг: 7 / 10
Стары перуанскі мэтал ад удзельнікаў EVIL DAMN, GOAT SEMEN, BLACK ANGEL, ANAL VOMIT. Насуперак звычайнай практыцы, зборнік зьмяшчае не дэмкі пракаветных часоў, а адносна новыя запісы 2004-га і 2005-га гадоў. Але гэта мала што мяняе, бо перад вамі характэрны стыль, які існуе па-за часам і толькі ў Лацінскае Амерыцы. За паралелямі зьвяртайцеся да вышэйазначаных гуртоў. Мэтал і пекла!
CAUSTIC VOMIT – Eloquent Requiems of Necrotic Decadence
Год: 2023
Выдаўца: Cemetery Profanation Records
Рэйтынг: 9 / 10
Расейскі гурт CAUSTIC VOMIT, дзе грае мой даўні знаёмы, нельга назваць дужа плодным (гэта ўсяго толькі другі запіс за 5 гадоў), але справу сваю ведае дасканала. Што на першым, што на другім дэма нават глухаватае вуха ацэніць неймаверную колькасьць працы і мысьленьня, укладзеную ў кожны рыф, кожны радок. У суворым стылі змрочнага першабытнага Death Doom Metal, дзе сказана і тысячу разоў пераказана ўсё, што магчыма, CAUSTIC VOMIT не губляюцца, бо маюць фантастычна глубокае пачуцьцё, веданьне і разуменьне гэтай музыкі. Абедзьве даўжэнныя песьні, што ўвайшлі на рэліз, маюць надта зьменлівы характар, але, дзякуючы, рупліва пабудаваным структурам, захоўваюць прывязку да асноўнай думкі. Апроч таго, дэма ўключае бонусам кавэр на THERGOTHON, што таксама шмат аб чым кажа. Амаль што дасканалы Death / Doom, і адзіная мая прэтэнзія да яго – мала! Пішыце альбом!
LEATHÜRBITCH – Shattered Vanity
Год: 2023
Выдаўца: Shadow Kingdom Records
Рэйтынг: 7,6 / 10
Heavy Metal з Штатаў. Увесь час намагаецца закінуць вуду ў бок KING DIAMOND (і трэба сказаць, тутэйшы вакаліст дае рады!), але бэкграўнд у музыкаў усё ж відавочна іншы, таму часьцей мы слухаем не мудрагелістыя гітарныя канструкцыі, а просты чалавечы Speed Metal з цудоўнымі гітарнымі сола. Вельмі добра!
PA VESH EN – Martyrs
Год: 2023
Выдаўца: Iron Bonehead Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10
Скончу гэты Бліц таксама беларускім гуртом, толькі больш правільным. Абраўшы свой шлях у 2017-м, добра знаёмы чытачу PA VESH EN нікуды далёка не адхіляецца. Гэта па-ранейшаму вельмі непрыязная, цяжкая для ўспрыманьня, прывідная музыка зь непранікальным тагасьветным гукам. Але нутранае напаўненьне ўсё ж паступова мянялася, бо ад пасьмяротнай дэпрэсіі першых дэма PA VESH EN паступова дайшоў да “Maniac Manifest”, якім кіравалі зусім іншыя меркаваньні. “Martyrs” знаходзіцца дзесьці пасярод гэтых двух полюсаў: у эмацыйным пляне альбом кідаецца паміж лютым гвалтам і нясьцерпным болем. Што стаіць за ўсім гэтым на самой справе – халера яго ведае, бо PA VESH EN, як ужо было сказана, застаецца непранікальным. Але свой узровень ён трымае на працягу ўжо 11 рэлізаў, на што здольны ня кожны выканаўца. Паслухайце хоць бы “Following the Pestilent Maiden” – для гэткага трэба мець талент. Новы альбом, дарэчы, чамусьці выходзіць на Inferna Profundus. Няўжо наперадзе радыкальныя зьмяненьні?