Рэцэнзія: KADAVEREICH – Radiance of Doom

Год: 2021
Выдаўца: Godz of War Productions
Рэйтынг: 7,7 / 10

Сёньня зноў слухаем рэліз расейскага гурта, але, як кажуць на Захадзе, with a twist! Справа ў тым, што ініцыятарам гэтага агляду, як і самога гурта, выступіў маэстра Daemorph, слынны басіст і мастак з Харкава, які гадоў 20 пражыў у РФ, пакуль у 2022-ім канчаткова не зразумеў, што зь яго годзе, і зьехаў адтуль. Daemorph – даўні чытач Bagnik Zine, чалавек здаровых поглядаў і наогул даволі прыемны. За сваіх таварышаў па гурце ён ручаецца, і ў мяне няма прычыны яму ня верыць, тым болей што аднаго з музыкаў KADAVEREICH я таксама даўно ведаю асабіста і толькі зь лепшага боку.

Магчыма, варта нагадаць, што музычны шлях Daemorph’а ў РФ пачаўся з усім вядомага і, як на мой погляд, трохі безгустоўнага гурта ACT OF GOD, што ўвасабляў у сабе ўсю нявызначанасьць мэтала пачатку 2000-х. Але потым быў цудоўны GROND, адзін з гуртоў, што стаялі на чале хвалі адраджэньня сапраўднага Death Metal у Расеі. У KADAVEREICH з GROND якраз патрапіў наш агульны знаёмы, бубнач-вакаліст Kist. Акрамя яго, у склад увайшлі ўдзельнікі TODESTRIEBE і GWARLOTH.

Атрымаўшы “Radiance of Doom”, я быў трохі зьдзівіўшыся, пачуўшы яго гучаньне. У часы ACT OF GOD Daemorph граў разам з удзельнікамі PSEUDOGOD, і менавіта з гэтым гуртом адразу ўзьнікаюць асацыяцыі. Глыбокі тагасьветны гук з моцнай рэвербэрацыяй, як высьвятлілася, міксаваўся на студыі бубнача PSEUDOGOD, таму гэта нядзіўна. Але кампазыцыйныя прыёмы таксама маюць вялікае падабенства: замагільны нізкі рык, шалёныя бласт-біты, мноства трэмольных рыфаў. Праўда, музыка KADAVEREICH менш хуткая і рэзкая, што дазваляе падрабязна разгледзець кожны фрагмэнт.

Як часта водзіцца ў гэтым стылі, мінік намагаецца дакрануцца да чагосьці грандыёзнага. На жаль, тэкстаў у буклеце няма, але па пагрозьлівых гуках сірэн у стартавым трэку пад амбітнай назвай “Invincible Sun Devourer” адразу зразумела, што гэта не чарговы сэанс гукавага казлаёбства. Начыста залішаныя будзь якіх легкадумна-забаўляльных элемэнтаў песьні малююць найзмрочнейшыя выявы татальнага Апакаліпсісу – гэта адчуваецца нават бяз тэкстаў. Асабліва калі ўрачыста пачынае граць сінтэзатарны арган – эпічней няма куды. Як прыклад – фінальная частка “CCCIII”.

Нягледзячы на тое, што KADAVEREICH ідзе прыкладна ў аднолькавым накірунку з PSEUDOGOD, ARCHGOAT, THE HAUNTING PRESENCE, NOCTURNAL BLOOD і гэтак далей, я б усё ж аднёс гэты гурт да чорнага-чорнага Death Metal. Яму не ўласьцівы хаотычны і “зьверскі” характар; гэта інтэнсіўная, але дасканала вымераная музыка, дзе няма лішняга шуму, а партыі інструмэнтаў ня блытаюцца паміж сабой. Пры ўсёй сваёй разбуральнасьці, гэта надзіва строгі, калі не аскетычны, рэліз. На тле яго пахмурнасьці арт ад Daemorph’а на вокладцы выглядае нават занадта весела, але пану мастаку лепей вядома, як мае быць аздоблены ягоны твор. “Radiance of Doom” быў выпушчаны на касэтах і CD на польскім Godz Of War, і шчодрыя музыкі даслалі мне абодва. Якасны прынт і дызайн радуюць вока, але, як я ўжо сказаў, тэкстаў  у буклетах бракуе, і гэта мінус. Падрабязнасьці на відэа.

Як для старта, гэта папросту выдатны запіс, але іншага я й не чакаў, улічваючы багацейшы досьвед музыкаў. На альбоме, які, напэўна, аднойчы будзе, хацелася б трохі больш разнастайнасьці, а больш і жадаць няма чаго.

 

Author: F1sher16

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *