Год: 2023
Выдаўца: Dying Victims Productions
Рэйтынг: 7,8 / 10
Сёньня слухаем бадзёры Heavy Metal з Гішпаніі! Праўда, гучыць ён на ўсе сто адсоткаў па-брытанску, у прыватнасьці, як TANK, а таксама трошкі як MOTÖRHEAD. Усе песьні на дыску складаюцца з роўных “квадратаў” і просталінейных зьбівак, густа палітых настальгічнымі гітарнымі сола. Сіпата-дзяркаты вакаліст трымае на сабе ледзь не палову дарожна-прасмаленай гукавай эстэтыкі. І, канешне, тут ёсьць абавязковы цёплы бас.
У MOTÖRHEAD гішпанцы запазычылі толькі адну (ну, няхай дзьве – зьвярніце ўвагу на бляху на пасе глядыятара на вокладцы), але вельмі важную якасьць – гэтак званы flow. То-бок, кампазыцыі разьвіваюцца вельмі пасьлядоўна, без аніякіх там брэйкаў, інтэрлюдый ды папросту няўдалых зьлепак. У Heavy Metal для мяне гэта крытычна важная рэч; калі некаторыя знакамітыя гурты дазваляюць сабе ўстаўляць у песьні прыпевы, што зусім не спалучаюцца з астатнімі часткамі песьні, мне гэта як каленам пад яйцы. Яшчэ адзін плюс – нязьменна добры гумор і жвавасьць усіх трэкаў. Аніякіх сьлязьлівых баладаў пра няшчаснае каханьне – толькі бранябойныя гіты пра брутальных ездакоў у ланцугах і скуры, мэтал-глядыятараў і пыльнае пекла. ГРЕМЯ ПОДЗЕМНЫМ РАСКАТОМ, СЛУГИ АДА СПЕШАТ
Само па сабе ўсё гэта яшчэ нічога не значыць. Напрыклад, у ростэры шаноўнага штатаўскага выдавецтва Shadow Kingdom Records нямала гуртоў, якія граюць усё тое ж самае. Але вось якая зь імі бяда – яны амаль заўсёды працуюць па стандартах AOR, ствараючы настолькі штучныя і плястыкавыя запісы, што хочацца рыгаць. IRON CURTAIN супрацьпастаўляюць гэтаму вельмі натуральны гук уласнай студыі, дзе сапраўдны мэтал зьвініць і гудзіць, нагрэты промнямі паўднёвага сонца. Трэба шчыра сказаць, што гэтыя дзядзькі зусім не геніяльныя кампазытары, але сваю немудрагелістую справу яны ведаюць на 5+, і ў іхняй музыцы ёсьць тая самая невымяральная душэўнасьць, якой бракуе большасьці сучасных гуртоў.