Год: 2023
Выдаўца: Chaos Records
Рэйтынг: 8 / 10
Прапаную да вашай увагі чарговы выдатны рэліз з самай мэталічнай краіны ў сьвеце. Малады гурт SEPULCRUM на дэбютным альбоме грае Death Metal, і нават ня трэба гадаць, каб зразумець, што гэта будзе на 100% правільны Death Metal, які, хоць і абапіраючыся на клясыку, можа пахваліцца самастойнасьцю.
У строгіх рамках стылю музыка SEPULCRUM амаль ня мае межаў. Гурт не цытуе анікога з вядомых усяму сьвету легендаў і не прытрымліваецца нейкай адзінай схемы. На працягу аднаго трэку сітуацыя можа зьмяняцца па 5-6 разоў – ад маруднай жоўцевай цягучкі да крывавага шалу, і гэта транзітам праз грунтоўны сярэдні тэмп а-ля DEICIDE і надламаныя гітарна-бубнавыя камбінацыі ў стылі MORBID ANGEL. Паўтаруся, гэта ня ёсьць цытатамі, але толькі стылёвым падабенствам. Бадай што гэтыя хлопцы мімаволі цытуюць толькі адзіны гурт – але то хутчэй за ўсё пытаньне нацыянальнай своеасаблівасьці. Калі SEPULCRUM разганяюцца да звышхуткасьці, а вакаліст праз эфект рэха пачынае рэзка выплёўваць словы, іхняе гучаньне адразу пераўтвараецца ў PERVERSOR.
Зразумела, што іншыя кампаненты гэтаксама адпрацаваныя належным чынам. Тэксты песьняў абсалютна традыцыйныя: пра сьмерць у разнастайных формах. Гук адначасова выразны, містычны і натуральны – як трэба. Аздабленьне па цэху. Вы можаце заплюшчыць вочы і хоць усё жыцьцё торкаць пальцам у гэты гурт, намагаючыся знайсьці слабае месца, але яго няма. Адзінае, чаго ім бракуе – аднаго-двух хітовых трэкаў, якія б маглі стаць візітоўкамі гурта. Ня ведаю, ці атрымаецца ў чылійцаў напісаць іх на будучых альбомах, але я шчыра зычу ім поспехаў!